У Дзень дурня знаны музыка, пісьменнік, мастак і грамадскі дзеяч Лявон Вольскі смела заяўляе: «Я — дурань». Чаму гэта так, і чаму ён ні пра што не шкадуе, Лявон тлумачыць у сваёй аўтарскай калонцы «Мама, не журыся!» на Budzma.org.
Лявон Вольскі. Фота: Darya Kaliada (з асабістага архіва Лявона Вольскага)
Сёньня — дзень дурня. Можна сказаць, маё прафэсійнае сьвята.
Я — дурань. У юнацтве мама мне казала: «Ня трэба гадаваць доўгія валасы, ня трэба вылучацца з натоўпу, ты жывеш у краіне, дзе гэта небясьпечна». Але я ўпарта кідаў выклік савецкай рэчаіснасьці сваім зьнешнім выглядам. І, дурню зразумела, нарываўся на канфліктныя сытуацыі падчас шпацыраў па менскіх вуліцах.

Лявон Вольскі ў часы гурта "Мроя"
Я — дурань. Бо бачыў, у якую бездань падае Беларусь, але лічыў, што сілы дабра ўрэшце перамогуць, і ім трэба ўсяляк дапамагаць. Сілы дабра драбніліся, падзяляліся, варагавалі адно з адным, ставілі нас, дурняў, у чарговы тупік — дык каму з разнастайных ініцыятываў дапамагаць, каго падтрымліваць, на чыёй акцыі граць канцэрт?
Я — дурань. Я лічыў (і лічу), што са злом неабходна змагацца. І змагаўся — словам, музыкай, выказваньнем сваёй пазыцыі... Так робяць дурныя. Разумныя робяць выгляд, што не асабліва прасякаюцца працэсамі, якія адбываюцца ў краіне, працуюць на дзьвюх працах, здаюць дзяцей у БРСМ (завуч сказала, там будуць нейкія льготы!), не вылазяць са сваім меркаваньнем і ініцыятываю (бо ў аўтарытарным грамадзтве ад цябе патрабуецца адно выкананьне загадаў), і наагул дзейнічаюць зь меркаваньняў мэтазгоднасьці — бачаць, што вакол адбываецца, і мяркуюць, якую выгоду можна атрымаць з гэтае сытуацыі. Варыянтаў для разумнікаў шмат — езьдзіць на Захад і прывозіць на продаж тэлевізары (каву, трыкатаж, хатні кінатэатар, сантэхніку, патрыманыя аўто), купляць і прадаваць кватэры, пайсьці працаваць у сілавыя структуры і на пэнсіі займацца бізнэсам...
Разумныя вельмі добра арыентуюцца ў размаітых варыянтах пабудовы «заможнага жыцьця» і мэтанакіравана яго для сябе ўзводзяць.
Я — дурань. Калі РБ і РФ вырашылі ўвесьці адзіныя мытныя тарыфы, разумныя людзі масава кінуліся за мяжу купляць машыны, бо гэта цягам пэўнага часу можна было зрабіць па старых мытах, значна ніжэйшых за ўніфікаваныя. Я ж пагардліва глядзеў на гэтую мітусьню і адно крыва пасьміхаўся, маўляў, не — каб пратэставаць супраць гэтых расейскіх тарыфаў, дык вы радасна згаджаецеся з навязанымі вам умовамі. У выніку ўсе езьдзілі на новых машынах, а я са сваёй пыхай застаўся на старой, якая акурат пачала імкліва ламацца.
Я — дурань. Разумныя распрацавалі на ўсялякі выпадак плян «Б», каб, калі што, можна было адступіць на загадзя падрыхтаваныя пазыцыі. Гэты плян «Б» улучаў у сябе найперш атрыманьне «карты паляка». Быў такі час, калі хто толькі не атрымліваў гэтую карту — і жук і жаба! І, безумоўна, такую магчымасьць я таксама меў, але пры атрыманьні гэтага дакумэнту мусіў бы прысягнуць і засьведчыць, што ад цяпер раблюся часткаю польскага народу. «Гэта толькі словы!» — пераконвалі мяне сябры, і яно гучала як клясычнае «Жыць застанесься, жыцьцё даражэй!». Але мяне, дурня, не пераканалі. Бо я верыў (і веру) у сілу слова. І цяпер назіраю, як мае сябры імкліва робяцца грамадзянамі Польшчы.
Я — дурань. Мяне забаранялі дзесяць гадоў. Не давалі граць канцэрты на радзіме, не круцілі па радыё-тэлевізіі, рабілі выгляд, што мяне няма... А я ўсё адно не зьяжджаў, заставаўся там, у РБ, дзе немагчыма было ніяк самарэалізавацца, і карыстаўся любой магчымасьцю, каб толькі зайграць хоць які, хоць мікраскапічны канцэрцік. Кола звужалася, я ведаў, да чаго ўсё хіліцца, і ўсё адно чапляўся за радзіму «пасінелымі пальцамі»... Што там казаць, у 2020-м годзе пасьля некалькіх канцэртаў і месячнага побыту ў Польшчы мы з жонкай вярнуліся ў Менск і трывала сядзелі там аж да ліпеня 21-га! І ў тым ліпені паехалі не мэтанакіравана і пралічана ў эміграцыю, а зайграць некалькі канцэртаў...

Малюнак Лявона Вольскага
Я — дурань. І я ні пра што не шкадую.
Я дагэтуль веру ў тое, што дабро пераможа, і сьвет стане на рэйкі спагады й стварэньня. І ў тое, што мы вернемся, і ён адбудзецца — гэты канцэрт-фэстываль на Стэле ці то на плошчы Каліноўскага... Я веру сам і пераконваю вас: так яно й будзе, «бо іначай быць проста ня можа».
Можа, гэта таму што я — дурань?..
Лявон Вольскі, Budzma.org
*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org
Калі вы працуеце ў Літве, вы можаце падтрымаць «Будзьма беларусамі!», пералічыўшы нам 1,2% ад сваіх падаткаў. Вам уласна гэта не будзе каштаваць анічога.