Беларускія паляўнічыя выкарыстоўваюць патроны са свінцовым шротам. За дзень палявання ў асяроддзе трапляе каля 3 кг чыстага свінцу, а за год можа назбірацца больш за 20 кг на гектар. Шрот трапляе ў вадаём, захрасае ў каранях раслін, якія з’ядаюць вадаплаўныя птушкі. Праз спецыфіку метабалізму гэтая атрута не выводзіцца з іх арганізму, а трапляе ў косткі, яны робяцца крохкімі — і птушкі страчваюць здольнасць да далёкіх пералётаў. Слабых птушак з’ядаюць драпежнікі, якія таксама гінуць ад атруты. Таму свінцовы шрот забаронены ў Еўрасаюзе. А ў Беларусі — дазволены. Пра нябачныя і парушаныя сувязі паміж чалавекам і птушкамі, соцыумам і экалогіяй budzma.org паразмаўляла з дырэктарам грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны” Аляксандрам Вінчэўскім.
— Растлумачце, калі ласка, простымі словамі, што будзе з чалавекам, грамадствам, калі парушыцца разнастайнасць птушак, іх экалогія.
— У Еўрасаюзе распрацаваныя 8 індыкатараў якасці жыцця людзей. Адзін з іх — стан папуляцыі птушак, бо ён сведчыць пра стан усяго навакольнага асяроддзя. Птушкі жывуць значна менш за людзей, таму калі яны знікаюць, гэта, як правіла, значыць, што і ўмовы для чалавека пагаршаюцца. Праблема ў тым, што ў Беларусі не дзейнічае дзяржаўны маніторынг птушак. Таму мы не можам дакладна адсочваць сітуацыю. Толькі адзначаем, што яна пагаршаецца. Але рэч не толькі ў экалогіі. Беларусы — гэта балотна-лясная нацыя. Знікненне птушак, якія з’яўляюцца індыкатарамі балот, азначае, што мы страчваем свае традыцыйнае асяроддзе.
— Назавіце трох птушак, якія цяпер у найгоршым стане.
— Ёсць птушкі, якія знікаюць на нацыянальным узроўні, але ім нічога не пагражае ў глабальным плане. А ёсць тыя, якіх у Беларусі яшчэ дастаткова, але амаль няма ў свеце, таму калі яны згінуць у нас, іх увогуле не застанецца. Для нас важныя і тыя, і іншыя, таму я назаву 6 птушак.
На нацыянальным узроўні ў небяспецы:
На глабальным узроўні ў найгоршым стане:
— Ці змяніліся паводзіны птушак карэнным чынам у апошнія гады пад уплывам чалавека? Ці пачалі яны менш лятаць на зімоўку, даваць менш патомства, ці змяніліся іх полавыя ролі?
— Зразумела, кліматычныя змены ўплываюць на птушак. Напрыклад, гракі пачалі зімаваць у нас. Па-першае, таму, што зімы цяпер цяплейшыя, па-другое, стала больш ежы ўзімку. Першыя качкі засталіся зімаваць у Беларусі яшчэ ў 50-я гады. Многія птушкі па ўсёй Еўропе змянілі свае міграцыйныя звычкі. Насамрэч птушкі жывуць кожны дзень як апошні, з патомства вялікіх сініц, напрыклад, выжывае праз год каля 10%, таму яны не хочуць нікуды ляцець, бо гэта небяспечна і цяжка, але ж інстынкты прымушаюць. Таму як толькі ўмовы мяняюцца на больш спрыяльныя, яны застаюцца на радзіме, бо гэта павялічвае шанс выжыць, займець лепшыя месцы ўвесну. Наконт зменаў полавых паводзін цяжка казаць, бо ўсё, пра што мы цяпер даведваемся, магчыма, існавала і раней.
— “АПБ” працуе і ў чарнобыльскіх рэгіёнах. Ці адрозніваецца разнастайнасць птушак, фаўны ў “зоне”?
— Вывучэнне фаўны Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка паказвае, што галоўная праблема для жывёл і раслін — не радыяцыя, а чалавек. Калі чалавек сыходзіць з тэрыторыі, не палюе — прырода пачынае квітнець. Ёсць меркаванні, што без палявання ваўкі, напрыклад, з’ядуць усіх дзікіх парнакапытных. Але гэта не так. У 2017 годзе Мінпрыроды рабіла ўлік жывёл запаведніка з самалёта і налічыла каля 190 ваўкоў і амаль 990 ласёў. То бок усё цудоўна самарэгулюецца без чалавека. Няма гаспадарчай дзейнасці — няма праблемы захавання біяразнастайнасці.
— Што забаронена ў паляванні ў Еўрасаюзе і што з гэтага яшчэ дазволена ў нас?
— Беларусь у 2013 годзе падпісала Бернскую канвенцыю аб ахове дзікай фаўны і флоры, якая рэгулюе паляванне ў еўрапейскім рэгіёне. Але з агаворкамі. Мы не адмовіліся ад вясновага палявання, электронных вабікаў на птушак. Мы пакінулі дазвол на паўаўтаматычныя ружжы. Калі ў паляўнічага два зарады і ён прамахнуўся, у птушкі ёсць шанец выжыць, калі 5-6 зарадаў — амаль няма. За мяжой забароненае паляванне з самалётаў і транспартных сродкаў, а у нас дазволенае на ваўкоў. Вялікая праблема — пасткі, якія захопліваюць лапы жывёлін. Яны забароненыя ва ўсёй Еўропе, у Расіі, а ў Беларусі дазволеныя. Гэта вельмі жорсткі від палявання, калі звяры вымушаныя перагрызаць сабе лапу, а паляўнічыя не страляюць злоўленага звера, каб не шкодзіць шкуру, а душаць яго. Пра гэта, дарэчы, быў падрабязны рэпартаж на “Ройтарс”. Чаму так адбываецца? Мабыць, праз паляўнічае лобі і абыякавае стаўленне Міністэрства лясной гаспадаркі да праблемы.
— Ці адбываюцца буйныя адкрыцці ў арніталогіі апошнім часам?
— Адкрыцці звязаныя больш з новымі тэхналогіямі. Цяпер зроблены ДНК-аналіз усіх птушак, што прывяло да змен у сістэматыцы. Напрыклад, навукоўцы высветлілі, што грыфы Новага Свету бліжэйшыя да буслоў, чым да еўрапейскіх грыфаў, што сокалы — не родзічы ястрабаў.
Цікавыя знаходкі зробленыя дзякуючы сатэлітарным перадатчыкам, якія дазваляюць сачыць за жыццём птушак анлайн. Можна сядзець у офісе і бачыць, што робіць сокал у сваім гняздзе. Цяпер запушчаны спадарожнік, які будзе адсочваць толькі жывёл, іх жыццё і міграцыю. Сёння нават на матылёў і стракоз можна вешаць гэтыя датчыкі. Вы, напрыклад, ведаеце, што ў Беларусі ёсць матылі, якія лятаюць у Афрыку зімаваць? Дзякуючы новым тэхналогіям мы можам гэта адсачыць.
Цяпер па ўсім свеце стаяць камеры на птушыных гнёздах. І гэта захапляльнае відовішча, месцамі — сапраўдная “сантабарбара”. Напрыклад, я назіраў за гняздом скапы, арла-рыбалова. Там сядзеў самец з новай самкай, а яго леташняя “жонка” была ў гэты час у Афрыцы. Праз датчык было бачна, як яна ляціць дадому, усё бліжэй і бліжэй, і нарэшце ў камеру можна было назіраць, што яна б’ецца з новай самкай. Яны абедзве зляцелі ад гэтага самца, і ён вымушаны быў сам выседжваць яйкі. У Беларусі такая камера змешчаная ў гняздзе сокала-пустальгі ў Брэсце. Дзякуючы ёй мы ўбачылі, што адну самку кармілі два самцы.
— Назавіце 5 птушак, дзеля якіх сюды прыязджаюць і будуць прыязджаць замежныя экатурысты.
— Князёк, ці белая сініца, вяртлявая чаротаўка, барадатая кугакаўка, вялікі арлец і жоўтагаловы дзяцел. У нас, дарэчы, жывуць усе 9 відаў еўрапейскіх дзятлаў, бо існуюць яшчэ старыя лясы, дзе шмат мёртвай драўніны. На Захадзе такіх лясоў ужо няшмат.
— Бусел — сімвал Беларусі па праве?
— Для нас больш арганічны сімвал — чаротаўка. Многія беларусы здзівяцца, але белы бусел — не абарыгенная птушка для Беларусі. Нашая птушка — чорны бусел, які жыў тут тысячы гадоў. А белыя буслы прыйшлі сюды недзе 500 гадоў таму за чалавекам. Гэта птушка стэпаў і пустынь. У чарнобыльскай зоне, напрыклад, белых буслоў няма, затое шмат чорных. Цяпер большасць белых буслоў жыве ў вёсках, бо ў дзікай прыродзе іх з’ядаюць арланы-белахвосты. Але папуляцыі нічога не пагражае, хаця праблемы ёсць. Гэтыя птушкі вось ужо даўно перамясцілі гнёзды з дахаў будынкаў на слупы ЛЭП. У адных раёнах электрыкі ідуць насустрач і робяць спецыяльныя канструкцыі для гнёздаў, у іншых — проста скідваюць іх. Няма сістэмнага падыходу, таму трэба працаваць з мясцовымі ўладамі.
— Апошняе пытанне: у вашай арганізацыі каля 2500 сябраў. Многа гэта ці мала?
— Я лічу, што вельмі мала. Напрыклад, у Каралеўскім таварыстве аховы птушак Вялікабрытаніі — каля 1,5 мільёна сябраў, больш за 1% насельніцтва. Па аналогіі, у нас мусіць быць не менш за 100 000 чалавек. Сябраў паляўнічых аб’яднанняў — каля 50 000, а сяброў птушак — 2,5 тыс. Гэта кепска. Але мы працуем над новымі формамі прыцягнення. Пачалі, напрыклад, рабіць курсы бёрдвочараў, фэсты па фотабёрдынгу, фрыўокінг-туры па парках.
Ганна Кручкова
ДАРЭЧЫ
У красавіку 2018 года споўніцца 20 гадоў з першага ўстаноўчага з’езду АПБ.
Акрамя птушак арганізацыя ратуе і ахоўвае яшчэ шмат каго, бо згодна са статутам яе мэта — ахова біяразнастайнасці. Таму АПБ удзельнічае ў праектах па абароне ласося, ваўкоў, кажаноў і інш. Пры дапамозе праекта ЕС/ПРААН арганізацыя стварыла сайт па біяразнастайнасці Беларусі — florafauna.by. Гэта цікавая база дадзеных, куды можа занесці назіранні кожны чалавек ці даведацца, што ён сфатаграфаваў.