Беларускі бард, журналіст і публіцыст Зьміцер Бартосік з Мінску і пісьменнік, гісторык і краязнавец са Слоніма Сяргей Чыгрын правялі ўрокі роднай культуры на Дзятлаўшчыне ў маштабах акцыі “500-годнасць”, прысвечанай 500-м угодкам беларускага друку. Дзякуючы кампаніі “Будзьма беларусамі!” Зьміцер Бартосік і Сяргей Чыгрын выступілі перад вучнямі і настаўнікамі Вензавецкай сярэдняй школы-дзіцячым садком і Дзятлаўскай сярэдняй школай № 1.
Па словах настаўнікаў, даўно ў іх школах не выступалі творчыя людзі, якія б парадавалі родным словам і песняй. Такую мажлівасць ім прыпаднеслі Зьміцер Бартосік і Сяргей Чыгрын. Госці распавядалі пра свае новыя кнігі: Зьміцер Бартосік прачытаў урывак з кнігі “Быў у пана верабейка гаварушчы”, а Сяргей Чыгрын распавёў аб працы над сваімі новымі выданнямі “На радзіме Ігната Дварчаніна” і “Час спагадлівым не бывае”.
У рамках акцыі “500-годнасць” Сяргей Чыгрын распавёў пра Ігната Дварчаніна, які родам з Дзятлаўшчыны, і які ў 1920-х гадах у Пражскім універсітэце абараніў доктарскую дысертацыю пра жыццё і дзейнасць Францыска Скарыны, а Зьміцер Бартосік – пра гісторыю беларускага друку.
Суправаджаў гасцей былы настаўнік, сын заснавальніка Дзятлаўскага музея, вядомы на Дзятлаўшчыне грамадскі актывіст Валерый Петрыкевіч, які шчыра знаёміў дзятлаўчан з гасцямі і распачынаў школьныя сустрэчы.
Падчас урокаў роднай культуры ў школах таксама гучалі беларускія вершы, песні, школьнікі і настаўнікі задавалі пытанні і запрашалі на новыя спатканні. На памяць аб сустрэчы школьнікі і настаўнікі атрымалі ў падарунак паштоўкі ад кампаніі “Будзьма беларусамі! ” і літаратурныя выданні.