«Ну окей. Усё гэта наша. А што далей?» Марыя Грыц пра спрэчкі з суседзямі наконт культурнай спадчыны

08.07.2026
«У мяне пачынаецца калатун, калі чую, як нехта пачынае дзяліць Міцкевіча і Плятэр, Вільню, Гародню і Смаленск, мову Статута ВКЛ, Пагоню, Шагала, халаднік, бабку, вышыванкі, пісанкі... І яшчэ дзясяткі рэчаў, якія мы рэгулярна дзелім з суседзямі». Марыя Грыц разважае пра тое, ці ёсць сэнс спрачацца з суседзямі пра культурную спадчыну, і пра тое, што сапраўды варта зрабіць замест спрэчак.

maryia.jpgМарыя Грыц. Фота з асабістага архіва

Дзіўная забава

Такой дзіўнай забавай як спрэчкі вакол культурнай спадчыны людзі абапал межаў займаюцца ўжо вельмі даўно. А мяне гэта кожны раз неймаверна бянтэжыць. Асабліва калі інтэлігентная размова ператвараецца ў сварку, дзе галоўны аргумент — хто ў каго што «скраў».

Ну окей. Усё з гэтага спісу — вашае. А што далей?

Неяк адзін паляк сказаў мне: «Аддавайце Гародню». Я, не доўга думаючы, адказала: «Яна табе нашто?». Ён шчыра спрабаваў знайсці адказ, але лепшага за «каб была» так і не прыдумаў.

І вось гэтае «каб была» чамусьці не выходзіць у мяне з галавы.

Можа, у гэтым і ёсць сэнс?

У мінулым месяцы я была на імпрэзе, дзе сярод іншага мая знаёмая распавядала палякам пра Беларусь і, вядома ж, зачапіла Міцкевіча. Паднялася сапраўдная бура! Хтосьці даводзіў, што ён польскі, нехта — што беларускі. І гэта яшчэ нікога з Літвы не было! Але самае цікавае здарылася пазней, калі эмоцыі сціхлі і размова нечакана павярнула ў бок Дзядоў. Аказалася, што ў Польшчы гэтае свята ўжо даўно не жыве ў народнай традыцыі, таму многія ведаюць пра яго менавіта з паэмы Міцкевіча.
І вось тут стала па-сапраўднаму цікава.

Мы гаварылі пра куццю, пра тое, як запрашаюць памерлых да стала, што рабіць з іх талеркай пасля вячэры, як гэта адбывалася ў розных мясцінах.

Гэта ўжо была не размова пра тое, чыё гэта свята. Гэта была размова пра тое, як шмат у нас агульнага.


Куцця. Малюнак Андруся Такінданга

Так атрымалася выпадкова, але менавіта тады я падумала: можа, у гэтым і ёсць сэнс? Бо дзяльба кабанчыка-Міцкевіча асабіста нам нічога не дае, акрамя яшчэ некалькіх метраў дыстанцыі паміж людзьмі. А ў нас што, зашмат блізкіх?

Пра халаднік — увогуле казка.

У Вільні кожны год праходзіць, бадай, самы вясёлы гастранамічны фестываль у гонар ружовага супа. І не раз я чула: «Во, літоўцы наш халаднік скралі!».

Скралі!

Гэта як? Прыйшлі ноччу хітрыя літоўцы ў чыюсьці кухню, нахабна напіхалі па кішэнях буракоў, гуркоў і кропу, а бедны беларус застаўся без халадніку?

Ды не.

Хочаш халаднік — прыгатуй яго. Хочаш, каб пра беларускі халаднік ведалі больш, — зрабі яго папулярным. Запрасі сяброў, навучы дзяцей, зрабі сямейную традыцыю, арганізуй маленькае свята. Літоўцы робяць сваё — і гэта выдатна. Мы можам рабіць сваё. А потым яшчэ і сустрэцца за адным сталом ды не паспрачацца пра тое, чыё лепей, а дзяліцца сямейнымі сакрэцікамі гатавання.


Першы фэст халадніка ў Вільні, 2023 г.

Пра Смаленск нават гаварыць не хочацца.

Яшчэ школьніцай мне давялося ехаць на экскурсію ў Маскву. Во часы былі, праўда? Дарога ішла праз Смаленск. І я добра памятаю не сам горад, а бясконцыя палі баршчэўніка вакол яго. Яны мяне ўразілі значна больш за любыя гістарычныя развагі.

І вось цяпер я думаю: добра, вось вам Смаленск. І што далей?

Хіба ў нас дома мала спраў? У мяне — дык навалам.

Як вызначыць, што нешта сапраўды «тваё»?

Галоўнае пытанне для мяне заўсёды адно і тое самае: вось вашае гэтае ўсё, а што далей?

Калі вы не ведаеце ніводнай карціны Шагала, то як ён стане больш беларускім ад таго, што нехта гэта прызнае? Калі ні разу не ставілі на стол куццю, то чаго так хвалюецеся, што ва Украіне яе прадаюць гатовымі наборамі? Калі пра Альгерда ведаеце толькі тое, што яму недзе стаіць помнік, то што вас насамрэч з ім яднае?

Дарэчы, а як увогуле вызначыць, што нешта сапраўды «тваё»?

Можа, тым, што табе не ўсё адно?

Што ты ведаеш гісторыю Канстанціна Астрожскага і, трапіўшы ў Кіеў, пойдзеш у Кіева-Пячорскую лаўру? Так, я веру, што хутка зноўку паедзем туды ў турыстычных мэтах.

Што адкрыеш Статут ВКЛ не дзеля інтэрнэт-спрэчкі, а таму, што табе цікава? Дарэчы, прыхільніцам/кам фемінізму вельмі раю яго пагартаць. Ды і ўсім астатнім таксама. Як па мне, там кожны знойдзе нешта нечакана цікавае.

Што мы сапраўды можам зрабіць

Мне ўсё больш здаецца, што агульнай спадчыны ў нас з суседзямі столькі, што пра яе можна гаварыць бясконца. І гэта куды цікавей, чым спрачацца, каму яна «належыць». Бо гісторыя ўвогуле дрэнна ўмее жыць у сучасных дзяржаўных межах.

А яшчэ мне здаецца вельмі наіўным чакаць, што іншыя краіны адмовяцца ад таго, што лічаць часткай сваёй культуры, проста таму, што мы гэтага хочам. Затое ёсць тое, што сапраўды залежыць ад нас. Мы можам чытаць сваіх аўтараў, гатаваць свае стравы, спяваць свае песні, адзначаць свае святы, расказваць пра іх дзецям і сябрам. Можам зрабіць так, каб гэтая спадчына была не прадметам спрэчкі, а часткай нашага штодзённага жыцця.

Сёлета на Дзяды я запрасіла ў госці сваіх польскіх сяброў. Бо яны толькі чыталі пра гэтае свята.

Я прыгатую куццю, карпа, узвар і бліны. Пастаўлю на стол фатаграфіі сваіх родных, якіх ужо няма, і талерку для іх. Мы будзем успамінаць сваіх блізкіх, распавядаць пра іх гісторыі, смяяцца і, можа быць, крыху плакаць.


Малюнак Андруся Такінданга

А пасля, можа быць, нават адкрыем «Дзяды» Міцкевіча.

І я загадзя катэгарычна перакананая, што ў гэты вечар нам будзе ўжо зусім не важна, чыім лічыць класіка.

Марыя Грыц, Budzma.org

*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org