Прапануем Вам падборку знакавых датаў на тыдзень. Ёсць за што парадавацца, па чым пасумаваць, пра што задумацца. Кожная дата — кавалачак гісторыі, карысны не толькі як артэфакт мінулага, але і «пасланне ў бутэльцы» для нас сённешніх.
Чытайце, думайце, рабіце высновы.
6 верасня
1933. СССР і Польшча абмяняліся палітвязнямі
Памежная станцыя Коласава пад Стоўбцамі. Мост. Па рацэ праходзіць мяжа Польшчы і СССР. Па абодва бакі спыніліся машыны. З іх выйшлі людзі. Абмяняліся паперамі і вярнуліся — кожны да сваіх. Пасля з машынаў вышйлі яшчэ двое і пайшлі насустрач. Спыніліся на пару секундаў, павіталіся, і разышліся, каб ніколі не сустрэцца зноўку.
Гэтыя двое — Францішак Аляхновіч і Браніслаў Тарашкевіч. Вязень ГУЛАГу драматург Аляхновіч апынуўся на польскім баку, а палітзняволены палітык Браніслаў Тарашкевіч — на савецкім. Такая была дамова. Адно для аднаго яны сталі выратаваннем. Але — ненадоўга.
У хуткім часе Тарашкевіча арыштуюць ужо савецкія органы, каб растраляць як «польскага шпіёна» і «ворага народу». Аляхновічу было адмерана больш часу, ён загіне ў Вільні ў гады вайны. Па некаторых звестках, яго заб’юць польскія падпольшчыкі-акоўцы. Такая сумная іронія лёсу: Тарашкевіча вызвалілі і забілі бальшавікі, Аляхновіча — палякі.
7 верасня
Апошні і максімальна супярэчлівы манарх Рэчы Паспалітай. Чалавек, які спрабаваў выратаваць краіну з эканамічнага і палітычнага хаосу, але ў рэальнасці — толькі прыспешыў яе скон. Для свайго часу Панятоўскі быў лібералам і рэфарматарам. Але апынуўся занадта слабой асобай для транзітнага перыяду ў гісторыі. Пры Панятоўскім рэфармавалася грашовая сістэма, будаваліся каналы і мануфактуры, падтрымліваўся гандаль, з Еўропы запрашалі эканамістаў і прадпрымальнікаў... Урэшце, у 1791-м была прынятая Канстытуцыя — першая пасля амерыканскай! Адначасна поўным ходам працягвалася паланізацыя: ад мінулай велічы і ўплыву ВКЛ мала што засталося.
Суседзі — Расія, Прусія і Аўстрыя — не маглі спакойна глядзець за працэсамі ў нашай дзяржаве. За папярэднія гады звыкліся, што Рэч Паспалітая — слабая і карумпаваная краіна, а што будзе вынікам рэформаў? Справа скончылася падзеламі Рэчы Паспалітай. Панятоўскі не нашмат перажыў сваю дзяржаву: памёр у «пачэсным палоне» у Пецярбургу ў 1798 годзе.
8 верасня
1514. Перамога пад Оршай
Бітва пад Оршай — адна з ключавых падзеяў вайсковай гісторыі ВКЛ. Баталія стала легендарнай яшчэ ў XVI стагоддзі, калі вестка пра перамогу Канстанціна Астрожскага над маскавітамі разляцелася на Захадзе. Так складаўся міф пра ВКЛ як «шчыт Еўропы», які бароніць цывілізаваны свет з усходнега напрамку.
У вайсковым і, галоўнае, палітычным сэнсе перамога не мела далёкіх пазітыўных наступстваў. Войны з Масковіяй не спыніліся — гэта быў толькі пачатак. У плане дзяржаўнага развіцця ВКЛ у далейшым яшчэ больш збліжалася з Польшчай, што прывяло да паланізацыі і страты ўплываў мясцовымі элітамі.
Міф перамогі пад Оршай пачалі раскручваць ужо ў 1920-х у асяродках Заходняй Беларусі, а пачынаючы з 1940-х — у дыяспары. У 1990-х 8 верасня адзначалася як Дзень вайсковай славы — альтэрнатыва савецкаму 23-му лютага. Гістарычны бок бітвы адышоў на другі план: пра абставіны, колькасць байцоў і страты бакоў дагэтуль спрачаюцца навукоўцы.
9 верасня
1944. Дамова БССР і Польшчы пра абмен насельніцтвам
Вайна яшчэ не была скончаная, але надыходзіў час у чарговы раз перакрэсліваць межы. У 1939-1941-м Беласток разам з Падляшшам былі далучаныя да БССР, але калі паўстала перспектыва стварэння савецкай Польшчы — рэгіён вырашылі аддаць палякам. Вядома, там жыло багата беларусаў, а на Гродзеншчыне і Берасцейшчыне — палякаў.
Так пачынаўся шматпакутны абмен насельніцтвам, які доўжыўся з 1944-га па 1947 гады. З Беларусі ў Польшчу пад прымусам ці добраахвотна з’ехала 27,4 тысячы чалавек, з Польшчы ў Беларусь — 36 тысяч. У сталінскім БССР палякі баяліся рэпрэсіяў і ГУЛАГу, таму з’язджалі. У Польшчы беларусы часта станавіліся ахвярамі антысавецкага падполля, таму шукалі ратунку ў БССР.
Шмат для каго пераезд апынуўся трагедыяй: па той бок мяжы заставаліся сваякі, збудаваныя сваімі рукамі хаты, гаспадарка, зямля. Іншыя пасля пераезду выдыхалі з палёгкай, бо адчувалі сябе ў адноснай бяспецы. Разам з тым, абмен насельніцтвам не насіў татальнага характару: на польскім Падляшшы і сёння багата беларусаў, на Гарадзеншчыне — палякаў.
10 верасня
1893. Нарадзіўся Аляксандр Ляўданскі
Аляксандр Мікалаевіч — бацька беларускай савецкай археалогіі. Шмат у якіх катэгорыях быў пачынальнікам, піянерам.
Пасля навучання ў Маскве і Смаленску, з 1927-га году даследваў Беларусь. Быў у археалагічнай камісіі пры Інбелкульце. Загадчык аддзела археалогіі пры Беларускім дзяржаўным музеі, дацэнт БДУ. Ляўданскі першым арганізоўваў археалагічныя экспедыцыі ў БССР, капаў Оршу, Полацк, Заслаўе, Віцебск, Барысаў... Зрабіў класіфікацыю гарадзішчаў Жалезнага веку, распісаў арэалы археалагічных культураў, апісваў гаспадарку і матэрыяльную культуру тагачасных насельнікаў краю. У 1920-30-х выйшаў з дзесятак ягоных працаў.
У 1937-м трапіў пад зачыстку нацыянальнай інтэлігенцыі. Паводле ілжывага абвінавачвання арыштаваны, асуджаны, растраляны. Рэабелітаваны ў 1958 годзе.
11 верасня
1938. Адкрыты дом-музей Міцкевіча ў Наваградку
Першая спроба адкрыцця музея Міцкевіча на ягонай радзіме сталася яшчэ ў 1920-м, але для наведнікаў будынак адчыніў дзверы толькі праз 18 гадоў. Цікава, што ў міжваеннай Польшчы вялікая ўвага надавалася акурат музеям, у тым ліку — у Заходняй Беларусі.
Для тагачаснай Польшчы гэта быў ідэалагічны крок: экспазіцыі мелі служыць абаснаваннем польскай прысутнасці ў рэгіёне. Так у Гродне паўстаў будучы гісторыка-археалагічны музей, у Наваградку — музей Міцкевіча. Асобу Міцкевіча тады раскручвалі не толькі як геніяльнага паэта, але і як адзін з сімвалаў польскіх «Крэсаў».
У 1941-м музей напаткала бяда: у будынак трапіла бомба, калекцыі загінулі... Аднаўленне пачалося пасля вайны, у 1950-х. Сучасны ж выгляд сядзіба набыла напрыканцы 1980-х: яе рэканструявалі па ўзорах ХІХ стагоддзя, дах пакрылі дранкай, дабудавалі флігель, свіран, альтанку і калодзеж. У 1992-м з дапамогай польскага боку была адкрыта адноўленая экспазіцыя.
12 верасня
1683. Бітва пад Венай
Вена, сэрца імперыі Габсбургаў, з лета знаходзілася ў турэцкай аблозе. Войскі султана атачылі горад і — чакалі, бо наўпроставы штурм абышоўся б надта вялікімі стратамі. Адначасна турэцкія сапёры метадычна падрывалі сцены. Адна з магутнейшых еўрапейскіх сталіцаў была на валасок ад гібелі...
На пачатку верасня польска-літвінскае войска Яна Сабескага перайшло Дунай і злучылася з кааліцыяй Святой Лігі, блаславёнай на вайну Папам Рымскім. Туркі пралічыліся ў галоўным: нельга ўзяць штурмам горад, калі цябе самога атакуюць звонку, з флангаў. Так, 20 000 коннікаў пад асабістым кіраўніцтвам Сабескага спусціліся з пагоркаў і знішчылі лагер туркаў!
Разам з бітвамі пад Хоцінам ды Кірхгольмам, перамога пад Венай стала сімвалам вайсковай моцы Рэчы Паспалітай, спрычынілася да міфу пра непераможных «крылатых гусараў». Адначасна — гэта апошні вайсковы трыюмф нашай дзяржавы на еўрапейскай арэне, апафеоз «Срэбнага веку» РП, напярэдадні наступнага стагоддзя ганьбы і паразаў.
budzma.by