Вялікі князь Віцень не так гучна праслаўлены гісторыкамі, як ягоны брат і наступнік Гедымін. Хоць для краіны і нашчадкаў ён зрабіў не менш. Проста яго праца і плён былі не такімі заўважнымі для знешніх назіральнікаў — храністаў ды летапісцаў. Чаму Віценя асцерагалася кіраўніцтва Тэўтонскага ордэна і чым яму абавязаны нашчадкі? Распавядаем цікавыя факты пра слаўнага князя.
Віцень. Мастак Артурас Шлапскас
Уклад Віценя і Гедыміна ў будаўніцтва дзяржавы можна параўнаць з узвядзеннем дома. Віцень будаваў падмуркі, а Гедымін — муры, бачныя ўсім здалёк, у адрозненне ад падмуркаў.
Гісторыкам вядома імя толькі аднаго з дзяцей Віценя
У Віценя былі дзеці, але гісторыя захавала імя толькі сына — князя Свалегута, ці Гвалезута, лёс якога невядомы. Гедымін жа меў 7 ці 8 сыноў і 6 дочак, якія далі пачатак дынастыі Гедымінавічаў.
Вырашыў галоўную на свой час стратэгічную задачу
Кіраванне Гедыміна прыйшлося на гістарычны пералом у ліцвінскай знешняй палітыцы, менавіта пачатак вялікага наступу Літвы на ўсходзе. Гедымін аб’яднаў у сваёй дзяржаве амаль усю Беларусь, але тое было б немагчыма без цяжкай працы ягоных папярэднікаў і найбольш Віценя. Гэты вялікі князь здолеў вырашыць галоўную на той час стратэгічную задачу дзяржавы — наладзіць эфектыўную сістэму абароны ад Тэўтонскага ордэна.
Быў добрым дыпламатам і выдатным ваяром, якога асцерагалася кіраўніцтва Тэўтонскага ордэна
Віцень быў не горшым дыпламатам за Гедыміна, а ваяром, напэўна, лепшым.
У крыніцах звестак пра ваярскія подзвігі Віценя захавалася нашмат больш, чым пра баявыя чыны Гедыміна. У час кіравання Віценя вайна з Ордэнам дасягнула небывалага раней размаху і напругі. Ад 1300 г. і да канца гаспадарання Віценя (1315 г.) ордэнскія войскі правялі больш за дваццаць паходаў на Жамойць і Літву — у сярэднім па два паходы на год! А яшчэ розныя рабаўнічыя банды вялі ўласную памежную вайну з Літвой, пра якую рэдка згадвалі храністы.
Ордэнская кіраўніцтва асцерагалася Віценя і праз выдатна арганізаваную разведку выбірала момант для нападу, калі вялікага князя не было ў краіне — кіраваў паходам на Польшчу ці Інфлянты.
У майстэрстве рукапашнага бою Віцень не саступаў ордэнскім рыцарам — прафесіяналам высокага ўзроўню, што тыя самыя прызнавалі.
Ордэнскі храніст занатаваў куртуазную размову вялікага князя і рыцара-тэўтона, з якім Віцень сутыкаўся ў баі. Абодва наўзаем выказалі прызнанне суперніку. Вялікі князь нібыта сказаў, маўляў, мала бракавала, каб ты мяне забіў сваім вострым мечам. Апанент адказаў: «Так бы яно і сталася, калі б змог цябе дастаць!».
Рыцар Тэўтонскага ордэна
Здолеў затрымаць крыжацкую экспансію ў памежнай зоне
Гісторыкі звярнулі ўвагу на тое, што год за годам, паход за паходам ордэнскія войскі хадзілі на адныя і тыя ж ліцвінскія замкі і жамойцкія гарадзішчы.
Інакш як бліскучай дыпламатычнай аперацыяй не назавеш дзеянні Віценя ў Інфлянтах, дзе ён здолеў раскалоць нямецкую супольнасць і ўступіць у саюз з аднымі немцамі супраць другіх. А менавіта, у 1298 г. паяднаўся з горадам Рыгай і рыжскім арцыбіскупам супраць Інфлянцкага ордэна. Паслаў войскі на дапамогу рыжанам, у Рызе і прыналежных гораду замках стаялі ліцвінскія залогі. Ліцвінска-рыжскі саюз трымаўся нават пасля ўмяшальніцтва Папы Рымскага, які патрабаваў ад рыжанаў яго разарваць.
Віцень традыцыйна трымаўся міру з мазавецкімі княствамі, праз якія яго войскі рэгулярна хадзілі ў напады на аддаленыя польскія землі. Польскія паходы Літвы перапынялася толькі калі патрабавалася канцэнтрацыя сілаў на інфлянцкім кірунку.
Праводзіў збалансаваную ўнутраную палітыку
Віцень выбудоўваў унутраную палітыку на аснове нацыянальнай і рэлігійнай талерантнасці, якая на стагоддзі стала стрыжнявым прынцыпам дзяржаўнага будаўніцтва ў Вялікім Княстве Літоўскім.
Падтрымліваў хрысціянства, але не дапускаўся гвалтоўнага хрышчэння язычнікаў.
Дамогся ад канстанцінопальскага патрыярха стварэння каля 1300 г. самастойнай Літоўскай праваслаўнай мітраполіі, але таксама запрасіў у краіну каталіцкіх місіянераў і збудаваў ім касцёл у сталічным Наваградку.
Фарны касцёл у Наваградку ў 15 ст. З малюнка Паўла Татарнікава
Зрабіў дзяржаўным гербам «Пагоню»
Менавіта Віцень надаў даўняму звычаю пераследу ворага афіцыйны статус у выглядзе дзяржаўнага герба: «А Віцень пачаў княжыць над Літвой і ізмысліў сабе герб і ўсяму княству Літоўскаму пячатку: рыцар збройны на кані, якую сёння называюць «Пагоняй»».
Здабыў найважнейшы плацдарм для дасягнення дзяржавай дамінавання ва ўсёй Усходняй Еўропе
На рубяжы ХІІІ і XIV стст. Літва заняла Таропецкі і Ржэўскі ўдзелы ў Паўночнай Смаленшчыне пры ноўгарадскай і цверскай мяжы. Менавіта адсюль пачынаюцца найбуйнейшыя ўсходнееўрапейскія рэкі, якія ў Сярэднявеччы былі галоўнымі камунікацыямі рэгіёна: Днепр, Дзвіна і Волга.
Выток Дзвіны ў Паўночнай Смаленшчыне
Наступнікам Віценя — брату Гедыміну і пляменніку Альгерду — было адкуль стартаваць.
Канстанцін Семяновіч, Budzma.org
Чытайце яшчэ:
Чорны крыж супраць Пагоні. Вайна Літвы з Ордэнам