«Як выкладаць, пракуратуру не цікавіць». 7 фактаў, як улады і патрыятызм змянілі беларускія школы

17.01.2025 Адукацыя

Цяпер замест пісьменнікаў і музыкаў у беларускія школы ўсё часцей запрашаюць актывістаў з «моцнай грамадзянскай пазіцыяй», дзеці спаборнічаюць у лепшым выкананні гімна, а Генпракуратура друкуе свае падручнікі. Рэдакцыя Hrodna.life разабралася, як змянілася сфера адукацыі пасля 2020 года.


Škola
Школа. Ілюстрацыйнае фота

З-за патрыятычных мерапрыемстваў не паспяваюць рыхтаваць асноўныя ўрокі

Акрамя ўрокаў у школе ёсць класныя і інфармацыйныя гадзіны, розныя мерапрыемствы і актыўны шосты дзень. У апошні час яны ўсё часцей зводзяцца да адной тэмы — патрыятызму.

Яшчэ да 2020 года першага верасня былі класныя гадзіны з назвай «Я — грамадзянін Рэспублікі Беларусь». Але зараз з’явіліся і іншыя напрамкі.

Idealahičnyja ŭroki ŭ školie
Ідэалагічныя ўрокі ў школе. Фота: instagram.com/gymnasium1_borisov/

На сайтах школ ёсць справаздачы па ўроках на падобныя тэмы. Напрыклад, у Ваўкавыску ў 2023 годзе праводзілі класную гадзіну «з мэтай фарміравання актыўнай грамадзянскай пазіцыі і станоўчых адносін да Узброеных сіл», а ў 2024 годзе па ўсёй краіне абмяркоўвалі з вучнямі выбарчае права. Вынік уроку ва ўсіх класах быў прыкладны аднолькавы: «Кожны грамадзянін павінен гэтым правам скарыстацца».

Хадзіць на выбары — права, не абавязак. Людзі могуць не ісці на выбары ці нават скарыстацца сваім правам на байкот.

Ёсць яшчэ шмат назваў для патрыятычных урокаў: «Мая Радзіма — Беларусь», «Гонар за Радзіму», «Што я магу зрабіць для Радзімы?» і г. д. Ва ўсіх прапісаная аднолькавая мэта на кожным школьным сайце: фарміраваць пачуццё любові і павагі да сваёй Радзімы.

Акрамя такіх урокаў, цяпер у метадычным лісце на сайце Міністэрства адукацыі настаўнікам раяць кожны месяц праводзіць інфармацыйныя гадзіны на тэму генацыду беларусаў у часы Вялікай Айчыннай вайны.

— Так, зараз асноўны фокус ідзе на ідэалагічнае выхаванне. Я не заўсёды паспяваю падрыхтаваць матэрыял для асноўных урокаў, таму што шмат патрыятычных мерапрыемстваў трэба арганізаваць, — прызнаецца настаўнік адной з беларускіх школ на бацькоўскім сходзе.

Ваенна-патрыятычныя класы і клубы ў кожнай школе

Яшчэ да 2020-га ў некаторых школах былі класы такога напрамку. Але зараз іх становіцца больш. «Ваенна-патрыятычны клас павінен з’явіцца да канца навучальнага года ў кожнай школе», — паведамляе Мінадукацыі ў кастрычніку 2023-га.

Vajskoŭcy
Фота: Дзяржпагранкамітэт

— Сёння існуе 155 ваенна-патрыятычных класаў. І 62 ваенна-патрыятычных клубаў. Гэта больш за 1700 навучэнцаў, — паведамляе БелТА начальнік другога аддзела ўпраўлення маральна-псіхалагічнага забеспячэння галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства абароны Уладзімір Ігнацік.

Для такіх класаў праводзяць бясплатныя экскурсіі ў музеі ВАВ і да мемарыяльных помнікаў. Вучні актыўна ўдзельнічаюць у патрыятычных мерапрыемствах і дзяржаўных святах. Сустракаюцца з ветэранамі.

Таксама зараз будуецца Рэспубліканскі цэнтр патрыятычнага выхавання моладзі на базе Кобрынскага ўмацавання Брэсцкай крэпасці.

Экскурсіі на Лінію Сталіна

У 2023-м годзе абнавілі спіс аб’ектаў, рэкамендаваных для наведвання школьнікам з экскурсіямі. Туды ўвайшло шмат помнікаў, звязаных з Вялікай Айчыннай вайной і так званым генацыдам беларускага народа. Сярод іх Лінія Сталіна, мемарыяльны комплекс Хатынь, Трасцянец. У метадычных рэкамендацыях на сайце Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства пазначана, што перыядычнасць абавязковага наведвання навучэнцамі экскурсійных аб’ектаў — раз у паўгоддзе.

Пра масавыя забойствы раскажуць у першым класе: новыя факультатывы, прадметы і падручнікі

У 2024−2025 годзе ў 10-класнікаў з’явіўся новы прадмет «Гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі». Ён замяняе «Гісторыю Беларусі» і «Сусветную гісторыю». Спецыяльна для гэтага прадмета выдалі новы падручнік.

З’явілася яшчэ адна серыя новых падручнікаў «Генацыд беларускага народу ў гады ВАВ». Яна складаецца з трох кніжак — для вучняў 1−4, 5−9 і 10−11 класаў. Але іх матэрыял уводзяць у асноўныя ўрокі гісторыі ці факультатывы. Як асобны прадмет такая дысцыпліна не выкладаецца.

Padručnik da ŭrokaŭ pra hienacyd
Падручнік да ўрокаў пра генацыд. Фота: prokuratura.gov.by

Падручнікі складалі не гісторыкі ці настаўнікі, а супрацоўнікі Генпракуратуры, расказаў акадэмічны дырэктар Беларускага Інстытута публічнай гісторыі Аляксей Ластоўскі на прэзентацыі аналітычнага даклада «Беларускія падручнікі па гісторыі як люстэрка дзяржаўнай гістарычнай палітыкі». У матэрыялах няма прафесійнага меркавання або крытыкі, а некаторыя дадзеныя не суадносяцца з гістарычнымі даследаваннямі ці нават іншымі падручнікамі. Напрыклад, Трасцянец называюць лагерам смерці, калі на самой справе ён быў працоўным лагерам. Узгадваюцца і пратэсты 2020-га. Кажуць, што на іх карысталіся не толькі нацысцкімі лозунгамі, але і нацысцкімі дзеяннямі таксама.

Паўстае пытанне, як выкладаць па гэтых падручніках. Але Генпракуратуру гэта не цікавіць — яны не маюць настаўніцкай адукацыі. Вы ўяўляеце сабе, як дзеці ў першым класе, якія толькі вучацца чытаць, адрэагуюць на расповед пра масавыя забойствы? — заўважае Аляксей Ластоўскі.

Для старшакласнікаў цяпер ёсць новы абавязковы факультатыў, на якім сур’ёзная ўвага адводзіцца гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і подзвігу савецкага народа. Яго выкладаюць «з мэтай узрошчвання патрыятызму і гонару за сваю краіну». Самі ж дзеці паміж сабой гэты прадмет клічуць «ВОВчык».

Запрашаюць актывістаў «з моцнай грамадзянскай пазіцыяй»

Раней у школы запрашалі прадстаўнікоў розных прафесій, выпускнікоў, якія чагосьці дасягнулі, пісьменнікаў і музыкаў. Цяпер як спецыяльных гасцей на лінейкі і класныя гадзіны запрашаюць актывістаў, супрацоўнікаў сілавых структур і дзяржаўных медыя. Напрыклад, у гэтым годзе тэлежурналістка Ксенія Лебедзева наведвала школьны лагер «Сузор’е», а ў Мінску дырэктар нацыянальнай бібліятэкі Вадзім Гігін размаўляў са школьнікамі пра генацыд.

Увага да нацыянальных сімвалаў

На ўсіх урачыстых лінейках цяпер выносяць ці падымаюць сцяг. Гэтага патрабуе загад Міністра адукацыі № 368 ад 25 траўня 2022 «Аб удасканаленні працы па патрыятычным выхаванні». Такіх лінеек стала больш. У некаторых школах яны праходзяць у пачатку і канцы кожнай чвэрці. А на сайце Мінадукацыі ў метадычным лісце па ідэалагічнай і выхаваўчай працы на 2024−2025 вучэбны год просяць ажыццяўляць пастаянны кантроль за станам куткоў дзяржаўнай сімволікі.

Школьныя сайты і медыі

У гэтым годзе на школьных сайтах з’явілася інфармацыя пра выбары-2025 і «Марафон адзінства». Мінадукацыі просіць папулярызаваць сярод вучняў парталы «канструктыўнага напрамку», як «ПАТРИОТ.BY», «Молодежь Беларуси», «Белорусская республиканская пионерская организация» і іншыя. А на свята «Дня адзінства» раюць арганізаваць прагляд фільма «На другом берегу», які распавядае пра цяжкае жыццё беларусаў у 1925 годзе пад Польшчай.