Вандруючы па Беларусі, можна заўважыць пэўную заканамернасць: чым бліжэй да ўсходняй мяжы, тым больш руінаў некалі велічных гістарычных будынкаў можна сустрэць на шляху. Для патрыётаў, краязнаўцаў, гісторыкаў і іншых неабыякавых грамадзянаў гэта балюча і сумна, для незаангажаваных жа турыстаў — цікавая адметнасць, дзякуючы якой можна знайсці маляўнічыя лакацыі для здымкаў на фоне атмасферных «заброшак». Такім чынам, скіруемся сёння на паўночны ўсход краіны ў Аршанскі раён, каб пабачыць некалькі гістарычных развалінаў, якія ў любы момант могуць быць страчаны назаўжды.
Фота: poshyk.info
Высокае
1. Свята-Ільінская царква
Найперш на Аршаншчыне скіруемся ў вёску Высокае да крушняў храма ХІХ стагоддзя пабудовы. У пачатку ХІХ стагоддзя тут месціўся маёнтак Канстанціна Любамірскага. Ён і фундаваў тут на месцы старога ўніяцкага храма будаўніцтва праваслаўнай царквы з чырвонай цэглы ў рэтраспектыўна-рускім стылі, асвечанай у гонар Святога Прарока Іллі. Да нашых дзён руіны царквы дайшлі ў змененым стане: у 1913–1917 гг. храм быў часткова перабудаваны. Сёння ў інтэр’еры царквы захавалася аўтэнтычная каляровая керамічная плітка, якой выкладзена падлога.
Фота: valatsuga.by
Фота: horki.info
2. Сядзіба Макрыцкіх
Пасля Любамірскіх у сярэдзіне XІХ стагоддзя маёнтак Высокае перайшоў у гаспадарства Эльяша Мазарапіі, пазней роду Ранікераў. А за наступнымі гаспадарамі, родам Макрыцкіх, на мяжы ХІХ—ХХ стагоддзяў тут быў закладзены велічны сядзібна-паркавы ансамбль у стылі неакласіцызму, рэшткі якога мы можам пабачыць у Высокім і сёння.
Фота: planetabelarus.by
У комплекс уваходзіў сам сядзібны дом, два флігелі, драўляны і мураваны, гаспадарчыя пабудовы, афіцына, прыбудаваная ў 1912 годзе, і пейзажны парк з сажалкай. Сам будынак сядзібы да нашых дзён, на жаль, захаваўся ў вельмі кепскім стане: драўляная частка згарэла, каменная імкліва разбураецца. У адносна добрым стане захаваўся адзін з флігеляў, які зараз знаходзіцца ў прыватнай уласнасці, і пейзажны парк, які мае ахоўны статус помніка прыроды. Яшчэ ўладальнік сядзібы Макрыцкі напачатку ХХ стагоддзя прывёз сюды з розных краінаў шмат дрэваў і хмызоў, 150 відаў каторых захавалася і да нашага часу. Калі выгляд руінаў не асабліва ўражвае, то хаця б дзеля таго, каб пабачыць стогадовых экзотаў мясцовага парку, варта наведаць Высокае.
Фота: planetabelarus.by
Межава
3. Крушні Свята-Пакроўскай царквы
Гісторыя наступнага будынка, крушні якога прапануем наведаць, таксама звязана з родам мясцовых землеўладальнікаў, Любамірскіх, якія гаспадарылі ў Межава ажно з пачатку ХІХ стагоддзя. Калі Межава перайшло да Любамірскіх, тут ужо была ўзведзена драўляная ўніяцкая царква, асвечаная ў гонар Пакравоў Святой Багародзіцы. Але пасля скасавання Расійскай імперыяй уніі ў 1839 годзе царква была перададзена праваслаўным, як і ўсе іншыя грэка-каталіцкія цэрквы на тэрыторыі Беларусі. А ў 1886 годзе на падмурку старога ўніяцкага храма тагачасным уладальнікам Межава Канстанцінам Любамірскім распачалося будаўніцтва новай, ужо мураванай, праваслаўнай царквы ў рэтраспектыўна-рускім стылі.
Фота: planetabelarus.by
Пасля прыйсця савецкай улады Пакроўскі храм быў зачынены і ў будынку размясцілася мясцовая школа. Па Другой сусветнай вайне царква была перададзена праваслаўным вернікам, але праз дзесяць год зноў была ліквідаваная. Сёння ў Межава мы можам пабачыць гэтую царкву ў вельмі занядбаным стане, які з кожным годам пагаршаецца. Месцічы пагаворваюць, што старажытныя храмы будаваліся на месцы старых язычніцкіх капішчаў, часта на ўзвышшах, побач з крыніцамі, якія надзяляліся гаючымі ўласцівасцямі, таму храм у Межава мясцовыя жыхары шануюць і як хрысціянскую святыню, і як месца моцы. Колькі год таму зрабілі талаку, павыносілі смецце з тэрыторыі колішняй царквы ды выпадкова знайшлі старажытны каменны крыж, які паклалі ў алтарную частку храма. Той крыж там можна пабачыць і сёння.
Фота: poshyk.info
Солаўе
4. Крушні Свята-Троіцкай царквы
Вёску Солаўе таксама варта наведаць аматарам «заброшак» ды маляўнічых крушняў дзеля атмасферных фотаздымкаў. Тут захаваліся рэшткі цікавай царквы, нетыповага помніка рэтраспектыўна-рускага стылю, у якім можна заўважыць і некаторыя гатычныя рысы. Храм Святой Тройцы быў узведзены ў 1858 годзе з цэглы, яшчэ да масавага ўзвядзення на тэрыторыі Беларусі «мураўёвак».
Фота: valatsuga.by
Кампазіцыйна крыжова-купальная царква складалася з прамавугольнага прытвора, кубападобнай малітоўнай залі, пяціграннай апсіды з бакавымі рызніцамі. Для рэтраспектыўна-гатычнага стылю ў храме найбольш характэрнымі з’яўляюцца вокны. Але сёння тут цяжка прасочваецца ранейшая прыгажосць: некалі велічны будынак імкліва занепадае.
Фота: valatsuga.by
Смаляны
5. Замак Белы Ковель
Пра існаванне замка ў Смалянах вядома з 1626 года, калі правы бераг ракі Дзернаўкі на ўскраіне Смалянаў князь Сямён Сангушка-Ковельскі абраў для ўзвядзення сваёй рэзідэнцыі. Замак Сангушкаў быў узведзены паводле праекта галандскага архітэктара, у якога, не адыходзячы ад асноўных Рэнесансных канонаў, атрымалася збудаваць вялікіх памераў палац і ўпісаць яго ў нязвыклы для такіх памераў будынка мясцовы рэльеф. Муры замка Белы Ковель былі выкладзены з каменя і цэглы ды пафарбаваныя ў белы колер, што было не традыцыйна для тагачасных палацаў на тэрыторыі Беларусі. Адтуль у назве прыметнік «белы». Ковелем палац назвалі, бо папярэдняя рэзідэнцыя ў Сангушкаў месцілася ў сёння ўкраінскім Ковелі, які ўпершыню ўзгадваецца ў пісьмовых крыніцах акурат як уласнасць Хведара Сангушкі, унука князя Гедыміна.
Фота: planetabelarus.by
Белы Ковель меў шыкоўнае ўбранства, сцены былі распісаныя фрэскамі на рэлігійныя сюжэты, коміны ў пакоях выкладзены вельмі каштоўнай на той час кафляй з выявай «Пагоні» — гербам Сангушкаў. Але лёс некалі велічны будынак напаткаў не зайздросны. Белы Ковель быў моцна пашкоджаны падчас Паўночнай вайны, тагачасны ўладальнік замка Павал Караль Сангушка падтрымаў шведаў, за што Пётр І часткова зруйнаваў замак. А пасля паўстання 1830–1831 гг. расійскія ўлады сканфіскавалі палац у гаспадароў ды перадалі калежскаму асэсару Сямёнаву, чый сын Аляксей прадаў старажытныя муры на цэглу, часткова для пабудовы адной з мясцовых праваслаўных цэркваў. Наступны ж уладальнік колішняга замка інжынер Цітоў закансерваваў ацалелую вежу, дзякуючы чаму да нашых дзён і захавалася частка будынка, якую разам з падмуркам вандроўнікі могуць пабачыць у Смалянах.
Фота: planetabelarus.by
Як і ў любога замка, у Белага Ковеля маюцца свае легенды. Першая — пра Бону Сфорцу, прывід якой можна ўначы пабачыць у крушнях колішняй замкавай вежы. Але ж каралева Бона памерла задоўга да пабудовы замка Сангушкаў, таму, відаць, легенда не зусім адпавядае рэчаіснасці. Другая ж — пра сутарэнні, якія, паводле расповедаў месцічаў, спалучалі палац Сангушкаў з Куцеінскім кляштарам у Воршы, з Дамініканскім кляштарам і Спаскай царквой у Смалянах, — магчыма, яшчэ чакае свайго пацверджання.
Фота: planetabelarus.by
6. Крушні касцёла Найсвяцейшай Панны Марыі
Яшчэ адным помнікам, вартым увагі ў Смалянах, з’яўляецца касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі, дакладней, ягоныя рэшткі. У 1680 годзе жонка тагачаснага гаспадара Смалянаў Гераніма Сангушкі — Канстанцыя, з нагоды нараджэння першынца вылучыла кавалак зямлі паміж рынкавым пляцам і італійскім садам манахам-дамініканцам з умовай пабудовы тут касцёла. Першапачаткова касцёл і кляштарныя пабудовы манахі ўзвялі драўлянымі, а ў 1786 годзе гаспадары мястэчка фінансавалі пабудову мураванага архітэктурнага ансамбля дамініканаў. Пасля Лістападаўскага паўстання, у спрыянні якому расійскія ўлады абвінавацілі і дамініканцаў, кляштар быў скасаваны, касцёл ператвораны ў парафіяльны, а ў мурах кляштара размясцілася плябанія.
Фота: poshyk.info
Напрыканцы ХІХ стагоддзя ў Смалянах здарыўся пажар ды будынкі касцёла і кляштара былі істотна пашкоджаныя, але на прыватныя ахвяраванні парафіянаў колішні кляштар быў адрамантаваны, а ў 1899 годзе пад кіраўніцтвам дойліда Даўкшы былі ўмацаваныя і падмуркі касцёла ды аздоблены інтэр’еры будынка. У 1930-я гады касцёл у Смалянах быў зачынены, кляштарны будынак перададзены машынна-трактарнай станцыі і да 1989 года выкарыстоўваўся ў гаспадарчых мэтах, што фактычна і прывяло да ягонага амаль поўнага разбурэння ды заняпаду.
Фота: poshyk.info
7. Крушні Свята-Аляксееўскай царквы
Яшчэ адным архітэктурным помнікам у Смалянах, ці дакладней, тым, што ад яго засталося, з’яўляецца Свята-Аляксееўская царква, узведзеная ў рэтраспектыўна-рускім стылі пасля Студзеньскага паўстання. Храм тыповы для таго часу, так званая «мураўёўка», узведзеная па тыпавым праекце. Цікавосткай з’яўляецца тое, што для будаўніцтва Свята-Аляксееўскай царквы ў Смалянах выкарыстоўвалася цэгла з ужо вядомага нам замка Сангушкаў паводле загаду тагачаснага ўладальніка Смалянаў і губернатара Віленскага, прызначанага расійскімі ўладамі, Аляксея Сямёнава. А побач з храмам месціцца і разрабаваная за савецкім часам пахавальная капліца Сямёнавых.
Фота: poshyk.info
Вандруйце разам з «Будзьма!»
ПЖ, budzma.org