Завітаць у Глыбокае варта хаця б дзеля таго, каб адчуць дух сапраўднага беларускага мястэчка. Старажытныя храмы тут суседнічаюць з абсалютна сучаснымі кавярнямі са смачнай кавай, як раней з аўстэрыямі для падарожнікаў, гандлёвыя традыцыі на старажытным шляху з Вільні на Полацак сёння ўвасобіліся ў безлічы дробных крамак, колькасць якіх на няпоўных 20 000 месцічаў сапраўды ўражвае. Тут проста на вуліцы можна пачуць беларускую мову ў нязмушанай гаворцы мінакоў ды атрымаць зніжку ці пачастунак за замову па-беларуску. Чаму варта наведаць Глыбокае і чым там заняцца, распавядаем у нашым гайдзе.
Вандроўку можна сумясціць з нашым папярэднім маршрутам у паўночным кірунку ад Мінска.
Глыбокае, панарама з вежы царквы Раства Багародзіцы
Як даехаць да Глыбокага?
З Мінска да Глыбокага на ўласным аўто найкарацейшы шлях складае каля 160 км. На маршрутцы дарога зойме каля 3-х гадзін, рэйсаў у дзень каля 7-9, таму на вялікія выходныя раім пра квіткі паклапаціцца добра загадзя. Кошт за месца ад 18 да 30 BYN. Аматарам падарожжаў цягнікамі будзе найскладаней абраць зручны маршрут, бо прамы цягнік з Мінска да Глыбокага і назад ходзіць не рэгулярна, прыязджае а 3-й ночы і ў адваротным кірунку адыходзіць апоўначы. Але калі не страшыць стартануць а 6-й ранку, правесці дзве гадзіны на станцыі Крулеўшчызна, дзе пасля перасесці на электрычку, то ў Глыбокім апынецеся апоўдні. Кошт такой вандроўкі з перасадкамі ад 13 да 18 BYN, дарога зойме каля 6 гадзін.
Чыгуначная станцыя Глыбокае. Фота: glubinka.by
Чытаць яшчэ: 7 цудаў Глыбоччыны: гайд ад «Будзьма!»
Што рабіць у Глыбокім? Прапануем 7 варыянтаў, як можна цікава правесці час
1. Агледзець мястэчка з вышыні
Пачаць знаёмства з Глыбокім, вядомым у пісьмовых крыніцах з 1414 года, варта з аднога з самых старых будынкаў мястэчка — з колішняга кармеліцкага касцёла, сёння Свята-Раства-Багародзіцкай царквы (пл. 17 верасня, 3). Мураваны храм быў пабудаваны ў 1735 годзе паводле праекта майстра стылю віленскага барока Яна Гаўбіца і з’яўляецца самым першым прыкладам падобнай вытанчанай ды ўзнёслай архітэктуры на тэрыторыі Беларусі.
Былы кармеліцкі касцёл у Глыбокім. Фота: novychas.online
Былы кармеліцкі касцёл і рэшткі кляштара ў Глыбокім
Вядома, што ў крыпце касцёла хавалі манахаў-кармелітаў, тут жа быў пахаваны і адзін з самых паважаных глыбачанаў свайго часу Язэп Корсак. Падчас Лістападаўскага паўстання ў сутарэннях будынка расійскія ўлады зладзілі вязніцу для інсургентаў. А з будынка кармеліцкага кляштара пры колішнім касцёле пасля Другой сусветнай вайны пачалася гісторыя знакамітай Глыбоцкай згушчаніны — тут месціўся малочна-кансервавы камбінат. Але з 70-х гадоў мінулага стагоддзя будынак XVIII стагоддзя не выкарыстоўваецца ды імкліва занепадае.
У сутарэннях былога кармеліцкага касцёла ў Глыбокім
У сутарэннях былога кармеліцкага касцёла ў Глыбокім
Парэшткі ў сутарэннях
Агледзець сутарэнні бажніцы ды ўзняцца на адну з чатырох вежаў храма можна толькі ў суправаджэнні мясцовага экскурсавода. Кантакты лепей запытаць у царкве, вам падкажуць. Вялікім групам турыстаў дазволена ўзняцца на вышыню больш за дваццаць метраў, але калі падарожнікаў менш за пяць, можна прайсці і на самы верхні ўзровень. Краявіды адтуль маляўнічыя ў любую пару года — удалая лакацыя для прыгожых фота.
На вежу прыйдзецца ўздымацца па вузкай старадаўняй лесвіцы
Панарама на Глыбокае з вежы былога кармеліцкага касцёла
2. Пабачыць цудадзейны абраз
Хрысціяне Глыбокага ўжо на працягу некалькіх соцень гадоў ушаноўваюць мясцовы абраз Маці Божай Шкаплернай, якую месцічы ведаюць як Маці Божую Падхорную. Каб пабачыць гэты старадаўні абраз, варта зазірнуць у Траецкі касцёл (вул. Савецкая, 1). Цудадзейны абраз Маці Божай Падхорнай захоўваецца ў капліцы праваруч ад галоўнага алтара.
Траецкі касцёл у Глыбокім
Абраз быў створаны напрыканцы XVII стагоддзя і прывезены ў Глыбокае кармелітамі. Першапачаткова ён знаходзіўся ў капліцы, якой апекавалася брацтва Маці Божай Шкаплернай, што збіралася ў памяшканні пад хорамі пры ўваходзе ў Кармеліцкі касцёл. Праз гэта ўзнікла і замацавалася за абразом зразумелая толькі глыбачанам назва Маці Божая Падхорная. Абраз вядомы шматлікімі цудамі: ацаляў паралізаваных, лекаваў хворых, нават уваскрашаў утоплых. Месцічы вельмі шанавалі Маці Божую Падхорную, яшчэ адным сведчаннем пра тое ёсць песня, захаваная, верагодна, з XVIII стагоддзя, якую спявалі перад абразом яшчэ айцы-кармеліты. Перакладзены і адаптаваны яе варыянт можна пачуць напрыканцы набажэнстваў у Глыбокім і сёння.
Абраз Маці Божай Падхорнай
3. Пабачыць арыгінальныя працы Язэпа Драздовіча (Энгельса, 24)
Пасля таго як у Заслаўі адчыніўся Музей беларускай маляванкі, імя Язэпа Драздовіча пачало гучаць яшчэ часцей сярод вандроўнікаў і ўсіх, хто цікавіцца культурай і мастацтвам Беларусі. Каб пабачыць творы мастака ў Глыбокім, варта наведаць мясцовы гісторыка-этнаграфічны музей. Тут у сталай экспазіцыі выстаўляюцца некалькі арыгінальных прац Язэпа Драздовіча. Сярод іх пейзаж фантастычнай далёкай краіны, адзін з краявідаў роднай Дзісеншчыны. Варта звярнуць увагу і на сам будынак музея, узведзены ў 1930-я гады з чырвонай цэглы. Яму нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі рэгіянальнага значэння.
Працы Язэпа Драздовіча ў Глыбоцкім музеі
Далёкая Краіна, 1933 Язэп Драздовіч
4. Ушанаваць памяць славутых землякоў
Апроч Язэпа Драздовіча на Глыбоччыне нарадзілася шмат выбітных беларусаў, якія зрабілі значны ўнёсак як у сусветную, так і ў мясцовую культуру. Каб узгадаць 9 з іх, не трэба далёка ехаць. У цэнтры Глыбокага, паміж галоўнымі храмамі мястэчка, на пл. 17 верасня знаходзіцца «Алея славутых землякоў», якая ўяўляе з сябе 9 бронзавых бюстаў знакамітых ураджэнцаў Беларусі, чый лёс быў звязаны з Глыбоччынай. Сярод іншых помнікаў пабачым і фундатара шматлікіх глыбоцкіх архітэктурных славутасцяў Язэпа Корсака, і Ігната Буйніцкага — заснавальніка беларускага тэатра, і Вацлава Ластоўскага — галоўнага містыфікатара гісторыі Беларусі, і адраджэнца іўрыту Эліэзера Бэн-Егуду, і іншых выбітных месцічаў.
Алея славутых землякоў
Чытаць яшчэ: Тэст для вандроўнікаў па Беларусі ад «Будзьма!». Пазнай мясціны па помніку
5. Наведаць другі па велічыні дэндрасад у Беларусі
Глыбоцкі дэндрасад па велічыні і колькасці відаў раслін саступае толькі мінскаму Цэнтральнаму батанічнаму саду. Дэндрарый быў створаны ў 60-я гады мінулага стагоддзя ў навуковых мэтах і зараз займае тэрыторыю больш за восем гектараў. У садзе можна пабачыць каля паўтысячы разнастайных відаў дрэваў ды хмызоў.
Глыбоцкі дэндралагічны сад. Фота: progect.vitvesti.by
Глыбоцкі дэндралагічны сад — адно з улюбёных месцаў адпачынку глыбачанаў і абавязковы пункт для наведвальнікаў мясцовых турыстычных маршрутаў. Тут ладзяць свае з’езды навукоўцы-батанікі, кожныя выходныя ў цёплы час года сярод цяністых прысадаў, сажалак ды альпійскіх горак можна сустрэць аматараў фотасесій ды сямейнага адпачынку. Для вялікіх груп і тых, хто жадае экскурсійнага суправаджэння, уваход у дэндрарый платны.
Глыбоцкі дэндралагічны сад. Фота: progect.vitvesti.by
6. Заночыць у банку (Леніна, 1)
Месцаў, дзе паесці ці заночыць, у Глыбокім і ваколіцах хапае. Калі не ў дзяржаўнай гасцініцы, то ў прыватных міні-гатэлях ці аграсядзібах. Кошты за нумар стартуюць ад 50 BYN. Дадаткова тут прапануюць сняданкі, лазню, пракат іртаў, ровараў.
Гасцініца ў Глыбокім
У адным з будынкаў, дзе можна заночыць ды паесці, у міжваенны час працавала ашчадная каса. З тых часоў тут захавалася лесвіца і заклік на падлозе. Зараз тут месціцца гасцініца і кафэ «Глыбокае». Кошты стартуюць ад 55 BYN за нумар, паўнавартасны абед будзе каштаваць да 10 BYN. А ў нядзелю ды святочныя дні ў некаторых нумарах чуваць спевы з суседняй царквы.
У будынку гасцініцы
Якаснай кавы і дэсертаў у Глыбокім можна пакаштаваць у некалькіх месцах, і з кожным новым шпацырам іх усё болей. Тут гугл у дапамогу. А ў некаторых з іх за замову па-беларуску пачастуюць кубачкам кавы ці мясцовымі прысмакамі. Раім звяртаць увагу на назвы кавярняў, якія змяшчаюць у сабе беларускія словы ды не саромецца размаўляць.
Слодычы ў кавярні
Выява старадаўняй аўстэрыі на муры глыбоцкага РАУС
7. Пакаштаваць глыбоцкай згушчаніны
Тым, хто ведае адназначны адказ на пытанне «Глыбоцкая ці Рагачоўская?», неабходна наведаць адно з самых паспяховых мясцовых прадпрыемстваў — малочнакансервавы камбінат. Там і робяць знакамітую глыбоцкую згушчаніну. Вядома, набыць яе можна па ўсёй Беларусі, але калі хочацца выбраць адначасова з усіх магчымых смакаў, варта наведацца ў краму пры прадпрыемстве (вул. Леніна, 131). Прамысловы турызм на заводзе пакуль асабліва не практыкуецца. Але завітаць на тэрыторыю, дзе робяць смачны беларускі брэнд, абавязкова варта.
Крама пры ГМКЗ. Фота: belta.by
Язэп Вараніцкі, Budzma.org
Чытаць яшчэ: 7 прыродных цудаў Глыбоцкага раёна