Адзіная беларуская пячора, другі па велічыні валун у нашай краіне, самае глыбокае возера Беларусі, дэндралагічны сад... Усе гэтыя і шмат іншых прыродных цікавостак можна ўбачыць, наведаўшы Глыбоччыну. Туды і скіруемся ў нашай сённяшняй вандроўцы. Чытайце ды натхняйце на падарожжы па роднай Беларусі!
Фота: planetabelarus.by
Сахнавічы
1. Сахнавіцкая пячора
Найперш скіруемся ў напрамку вёскі Сахнавічы, тут на беразе возера Гінькава — трэцяга па глыбіні возера Беларусі, ажно сорак тры метры, знаходзіцца ўнікальны для нашай раўніннай мясцовасці прыродны аб’ект — пячора. Пра гэтую пячору існуе процьма легендаў. Адна з іх апавядае пра тое, што тут былі схаваныя шляхецкія багацці пасля падзелу Рэчы Паспалітай, іншая — пра тое, што тут захоўваўся чарговы скарб Напалеона. Распавядаюць нават пра схрон вайсковага рыштунку часоў І і ІІ Сусветных войнаў.
Фота: realt.onliner.by
Пячора месціцца ў трыццаці метрах ад берага Гінькава. Яна вымыта ў пяшчаніку, пласты якога, найбольш верагодна, узніклі тут прыкладна 25 тысяч гадоў таму, за кошт раставання апошняга на сучаснай тэрыторыі Беларусі ледавіка і ўтварэння трывала сцэментаваных кангламератаў. Побач з пячорай сустракаецца даволі шмат месцаў, дзе пяшчанік выходзіць на паверхню. Унутр можна патрапіць толькі праз адзін з 3-х уваходаў, і спадручней будзе у гарызантальным стане. У пячоры маецца адна «заля», вышынёй трохі больш за метр, шырынёй каля двух. Агульная даўжыня — каля дзесяці метраў. На сценах тут можна пабачыць, вядома, не сталактыты і сталагміты, але эразійныя ўтварэнні.
Фота: fotobel.by
Магчыма, побач была яшчэ адна пячора, большая, пра якую месцічы і распавядаюць раней агучаныя легенды, яна знаходзілася бліжэй да возера Гінькава. Верагодна, яна была засыпаная апоўзнем. Але нават тое ўтварэнне, якое сёння называюць Сахнавіцкай пячорай — унікальнае месца, вартае таго, каб яго наведаць.
Фота: realt.onliner.by
Чарневічы
2. Крыніца Св. Яна
Самым адметным помнікам у Чарневічах турысты лічаць крыніцу святога Яна. Тут збягаюцца межы трох раёнаў: Шаркаўшчынскага, Мёрскага і Глыбоцкага. Фармальна крыніца знаходзіцца на тэрыторыі Мёрскага раёна, але капліца св. Яна Хрысціцеля, праз якую працякае крыніца, прыпісаная да Чарневіцкай праваслаўнай парафіі. Крыніца жывіць мясцовую раку Авуту і адзіная з усіх астатніх крыніцаў такога кшталту тут не замярзае нават узімку.
Фота: wikimedia.org
Крыніца святога Яна — даволі вядомае месца. Да пандэміі тут можна было сустрэць падарожнікаў і з суседніх краінаў: Літвы, Латвіі. Як месцічы, так і вандроўнікі вераць у лекавыя ўласцівасці мясцовай вады і набіраюць з сабой, хто колькі здольны панесці. Жыхары Чарневічаў сцвярджаюць, што ў крынічнай вадзе можна кансерваваць агуркі нават без стэрылізацыі. Чарневічы — вёска звыклая да турыстаў і дастаткова прыязная: ахвочым скупнуцца ля крыніцы тут абсталявана купальня, для аматараў адпачыць на прыродзе збудаваныя альтанкі.
Фота: wikimedia.org
3. Возера Доўгае
Далей прапануем рушыць да возера Доўгае. У першую чаргу яно вядомае як самае глыбокае возера Беларусі, максімальная глыбіня ад яго дна да паверхні складае амаль пяцьдзясят чатыры метры. У той жа час па плошчы возера невялікае, моцна выцягнутае па форме. За чысціню (празрыстасць возера дасягае сямі метраў) і глыбіню возера называюць беларускім Байкалам. Лічыцца, што ад часу ўтварэння возера, а гэта каля дванаццаці тысяч год таму, у Доўгім захаваўся рэліктавы рачок лімнакалянус, чырвонакніжная рыба сняток, рэліктавыя водарасці. З возерам звязана шмат загадкавых момантаў — беларускія дайверы распавядаюць пра падводныя норы, роўныя брукаваныя пляцоўкі і іншыя дзівосы, якія патрабуюць даследавання.
Фота: planetabelarus.by
На адным з берагоў Доўгага месціцца ўрочышча Галубаў сад. Назву ўрочышча атрымала ад прозвішча свайго колішняга ўладальніка Канстанціна Голуба, які ў 20-я гады мінулага стагоддзя збудаваў тут свой маёнтак і заклаў прысядзібны парк з экзатычнымі раслінамі побач з ім. Але падчас І Сусветнай вайны палац быў зруйнаваны, да нашых дзён тут захаваліся толькі рэшткі парку. Галубаў сад знаходзіцца на тэрыторыі гідралагічнага заказніка «Доўгае», створанага для захавання мясцовай флоры і фаўны ў 1979 годзе.
Фота: planetabelarus.by
4. Возера Шо
Вандруючы па Глыбоччыне варта наведаць адзін з верагодных цэнтраў Еўропы, які знаходзіцца ў ваколіцах возера Шо. Зараз для зручнасці «цэнтр» перанеслі ў Полацк, але ж паводле навуковай працы беларускіх даследчыкаў Аляксея Саламонава і Валерыя Аношкі, апублікаванай у 2000 годзе, ён знаходзіцца акурат у межах возера Шо. Так яно ці не, спрачацца навукоўцам, а турысту варта зазірнуць сюды па маляўнічыя краявіды. Возера Шо неглыбокае, мае глыбіню каля трох метраў, таму актыўна забалочваецца. З вадаёма выцякае рэчка Шоша, шматлікія крыніцы злучаюць Шо з суседнімі азёрамі Доўгае і Івесь.
Фота: planetabelarus.by
Пра возера Шо існуе некалькі легендаў. Самая вядомая з іх пра крыжы, што і сёння можна сустрэць пад вадой ля паўднёвага берага. З гэтымі крыжамі звязанае паданне пра дачку каменячоса прыгажуню Любаву і ваяра Мікулу, якія пакахалі адно аднаго. Але Мікула пайшоў з войскам полацкага князя на вайну з Кіевам і не вярнуўся адтуль, бо ажаніўся з заможнай князёўнай. Любава ад такой навіны захварэла і памерла ад моцнай тугі. Перад смерцю яна папрасіла бацьку пахаваць яе на беразе возера і паставіць на магіле светла-шэры каменны крыж. У Мікулы ж жыццё на чужыне таксама не склалася: паміралі дзеці і жонка адышла ў іншы свет. Па вяртанні дадому Мікула даведаўся пра смерць Любавы ды пайшоў наведаць яе магілу. Але Любава і мёртвая не дазволіла здрадніку наблізіцца да яе: раптоўна на возеры ўзняліся хвалі, і могілкі, дзе яна была пахаваная, схаваліся пад вадой. Да гэтага часу рыбакі да возера Шо ходзяць лавіць рыбу «на крыжы».
5. Найбольшы на Глыбоччыне валун
Далей рушым да вёскі Шо. Насамрэч цікавіць нас не зусім яна, але валун, які быў нядаўна знойдзены на самым ускрайку Галубіцкай пушчы побач з возерам Белае, паўднёвей вёскі Шо.
Хоць валун і меншы за самы вялікі ў Беларусі Чортаў камень, які знаходзіцца ў Шумілінскім раёне Віцебскай вобласці, але таксама ўражвае сваімі памерамі. Валун выходзіць на паверхню на схіле невялікага ўзгорка, мае даўжыню 6.1 м, шырыню 4 метры, бачную вышыню каля 3-х м. Але, відавочна, што большая частка каменя знаходзіцца ў зямлі. Упэўнена можна сказаць, што гэта адзін з самых вялікіх вядомых у Беларусі валуноў. Раней ён быў незаўважным, бо цалкам заімшэў. Некалькі год таму яго знайшлі мясцовыя леснікі і Глыбоччына займела яшчэ адзін помнік прыроды, які абавязкова варта пабачыць.
Фота: fotobel.by
6. Галубіцкая пушча
Ад азёраў ды валуноў Глыбоччыны рушым у бок лясоў, да Галубіцкай пушчы. Яна менш вядомая за Налібоцкую, бо знаходзіцца ад Мінска далекавата, каб стаць папулярным месцам для наведвання турыстамі, няма ў ёй зуброў, як у Белавежскай, але ёсць іншыя, свае цікавосткі. Плошча Галубіцкай пушчы амаль шаснаццаць гектараў. Тут сустракаюцца хваёвыя і змешаныя лясы, балоты, дзясяткі відаў чырвонакніжных прадстаўнікоў флоры і фаўны. У Галубіцкай пушчы можна сустрэць бурага мядзведзя, тут гняздуюцца скапа і вялікі бугай. Пушча суседнічае з Бярэзінскім біясферным запаведнікам.
Возера Медзазол у заказніку «Галубіцкая пушча».Фота: planetabelarus.by
На ўскрайку Галубіцкай пушчы ў засценку Пунькі 13 кастрычніка 1888 года нарадзіўся мастак, графік, адзін з заснавальнікаў беларускага гістарычнага жывапісу, педагог, краязнаўца Язэп Нарцызавіч Драздовіч. У сваіх дзённіках мастак часта ўзгадвае «яго Дзісеншчыну», у колішні Дзісенскі павет уваходзіла тэрыторыя сучаснага Глыбоцкага раёна, часткова Шаркаўшчынскага, Мёрскага і Докшыцкага. Сярод шматлікіх замалёвак Дзісеншчыны ёсць у Язэпа Драздовіча і некалькі малюнкаў роднага засценка Пунькі ды Галубіцкай пушчы. Сёння ад Пунькаў нічога не засталося. Будынкі даўно разбураныя, месца здзічэла і зарасло. Толькі па старой ліпе можна ўявіць, дзе калісьці стаяла хата. Засценак зліквідаваны ў 2018 годзе, на месцы, дзе ён быў, у кастрычніку таго ж года ўсталяваны памятны камень.
Вітаўтавы масты. Стаянка князя Вітаўта. З альбома «Галубіцкая пушча». Язэп Драздовіч, 1923
7. Глыбоцкі дэндралагічны сад
Заключным нашым прыпынкам на Глыбоччыне будзе дзяржаўны помнік прыроды рэспубліканскага значэння — Глыбоцкі дэндрасад. Ён лічыцца другім па велічыні і колькасці відаў раслін пасля мінскага батанічнага саду. Дэндрарый першапачаткова быў створаны на базе глыбоцкага лясгаса ў 60-я гады мінулага стагоддзя мясцовым энтузіястам, інжынерам лясгаса Віктарам Ламакам у навуковых мэтах.
Фота: planetabelarus.by
Зараз дэндрасад займае тэрыторыю больш за восем гектараў. У садзе можна пабачыць каля паўтысячы відаў дрэваў ды хмызоў. Асаблівую цікавасць уяўляюць дубы, якім больш за дзвесце год. Калекцыя дэндрасаду складаецца з інтрадукаваных раслінаў, прывезеных з Японіі, Паўднёвай Амерыкі, поўдня Еўрапейскай часткі Расіі і паўднёва-усходняй часткі Еўропы. Дэндралагічны сад з’яўляецца адным з улюбёных месцаў адпачынку глыбачанаў і абавязковым пунктам для наведвальнікаў мясцовых турыстычных маршрутаў. Тут ладзяць свае з’езды навукоўцы-батанікі ды абаронцы навакольнага асяроддзя, кожныя выходныя тут можна сустрэць аматараў вясельных фотасесіяў ды сямейнага адпачынку. Раім зазірнуць і вам.
Фота: planetabelarus.by
Чытаць яшчэ:
Топ-10 самых адметных азёраў Беларусі і цікавыя факты пра іх
ПЖ, budzma.org