Калі надакучыла сядзець у Мінску, душа прагне прыгодаў, а часу бракуе, «Будзьма» мае што параіць і на гэты выпадак. Сёння прапануем маршрут на поўнач Мінскай вобласці працягласцю 65 км. Ілья — Абадоўцы — Касцяневічы — Крывічы — Будслаў — Ілава. Там пабачым мураваны храм у неараманскім стылі з драўлянай вежай, найстарэйшы касцёл Вілейскага раёна ў стылі позняга барока, колішні кляштар трынітарыяў, узведзены ў ХVIII стагоддзі, цудадзейны абраз Маці Божай Будслаўскай, унікальны алтар, захаваны з XVII стагоддзя, і шмат іншых цікавостак. Па дарозе можна будзе пакаштаваць вясковых прысмакаў ды прадэгуставаць беларускі кальвадас ці віно з дурніцаў.
Калі хочацца павялічыць колькасць славутасцяў, то шлях можна пачаць з Дубрава ды іншых мясцінаў Міншчыны, пра якія мы нядаўна распавядалі, яны будуць акурат па дарозе.
Ілля, панарама. Фота: planetabelarus.by
Ілья
Касцёл Найсвяцейшага Сэрца Ісуса
Найперш сёння наведаем вёску Ілья Вілейскага раёна Мінскай вобласці, якая ўпершыню згадваецца ў пісьмовых крыніцах у 1475 годзе. Галоўнай архітэктурнай перлінай колішняга мястэчка з’яўляецца храм Найсвяцейшага Сэрца Ісуса, што месціцца акурат уздоўж шашы Р58. Каменная бажніца ў неараманскім стылі была ўзведзена ў цэнтры вёскі з цэглы і вапнавых блокаў на пачатку ХХ стагоддзя. Цікава выглядае драўляная вежачка, дабудаваная да бажніцы ўжо пасля аднаўлення парафіі ў 1990-я гады. У верхняй частцы фасада варта звярнуць увагу на выяву Сэрца Ісуса, якая з Сярэднявечча сімвалізуе любоў Збаўцы да людзей.
Касцёл Найсвяцейшага Сэрца Ісуса. Фота: wikipedia.org
Да ўсталявання савецкай улады Ілья з’яўлялася тыповым шматканфесійным беларускім мястэчкам: тут апроч касцёлаў была і царква, адноўленая ў наш час па праекце 1823 года, і сінагога. З адной з яўрэйскіх сем’яў Ільі паходзіць акторка Ліза Кудраў, вядомая па серыяле «Сябры» як Фібі Буфэ. Яе бабуля і дзядуля эмігравалі ў ЗША ў пачатку мінулага стагоддзя. Увосень 2008 года акторка наведала вёску Ілья і помнік расстраляным ільянскім яўрэям, калі здымала дакументальны фільм пра сваю сям’ю.
Ільянская царква. Фота: planetabelarus.by
Карысная парада: Выязджаць з Ільі ў напрамку наступнага пункта маршрута раім не праз цэнтр вёскі, а збочыўшы на Р58. Тут на перакрыжаванні знойдзеце кропку, дзе можна пачаставацца хатнімі прысмакамі ад мясцовых жыхароў. Хто засумаваў па «пальцам пханых» кілбасах, смажаным сыры ды ўсялякага кшталту садавіне да гародніне — вам сюды.
Абадоўцы
Пахавальная капліца Багдановічаў
Па дарозе да наступнай славутасці можна заехаць у вёску Абадоўцы Вілейскага раёна Мінскай вобласці, дзе захаваліся рэшткі гаспадарчага двара маёнтка Багдановічаў, узведзенага разам з сядзібай у другой палове ХІХ стагоддзя.
Пра тое, што гаспадарка Багдановічаў была заможнай, можна меркаваць па маляўнічых руінах бровара і іншых гаспадарчых пабудоваў. У Абадоўцах, да таго ж, была наладжана вытворчасць сыру, вырошчвалася экзатычная садавіна ў аранжарэі. Побач з сядзібай быў закладзены вялікі парк.
Абадоўцы, рэшткі бровара. Фота: planetabelarus.by
На жаль, палац пацярпеў ад пажару падчас Другой сусветнай вайны і больш не аднаўляўся. Усё, што захавалася — гэта рэшткі гаспадарчых пабудоваў і неагатычная капліца, узведзеная ў ХІХ стагоддзі як пахавальня роду Багдановічаў. За савецкім часам будынак выкарыстоўваўся як сховішча для хімікатаў. Толькі ў 1990-я капліца вярнулася да вернікаў, якія адрэстаўравалі яе ды перапахавалі парэшткі Багдановічаў.
Пахавальная капліца Багдановічаў. Фота: planetabelarus.by
Касцяневічы
Касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі
Вёска Касцяневічы Вілейскага раёна Мінскай вобласці вядомая ў пісьмовых крыніцах з 1472 года. Тут нас цікавіць рэдкі помнік, захаваны з ХVІІІ стагоддзя, найстарэйшы храм Вілейшчыны — касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Гісторыя бажніцы пачалася ў 1652 годзе, калі мясцовы гаспадар Пётра Ласкоўскі запрасіў у Касцяневічы ордэн езуітаў, пад патрэбы якіх былі ўзведзены драўляны касцёл, асвечаны ў гонар заснавальніка ордэна Ігната Лайолы, і кляштар.
Касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Фота: planetabelarus.by
Касцёл у стылі позняга барока быў узведзены на месцы драўлянага ў 1763 годзе. А ўжо праз 10 гадоў ордэн езуітаў спыніў сваё існаванне, а іх мясцовая маёмасць была распрададзена. Тады гаспадаром Касцяневічаў стаў Аляксандр Гаранін, чый сын Ігнат падтрымаў паўстанне Тадэвуша Касцюшкі ў 1794 годзе. Тады ягоная маёмасць, у тым ліку і Ксцяневічы, была секвестраваная на карысць Расійскай імперыі. У 1896 годзе ў храме была зроблена перабудова, а ў 1930-я, калі Касцяневічы былі ў складзе Польшчы, да бажніцы была дабудавана каменная брама, якая таксама цудоўна захавалася.
Крывічы
Касцёл Святога Апостала Андрэя і колішні кляштар трынітарыяў
Наступнай наведаем вёску з характэрнай назвай Крывічы Вілейскага раёна Мінскай вобласці. Па Беларусі аднайменных населеных пунктаў вельмі шмат, але гэтыя Крывічы вядомыя ў пісьмовых крыніцах з 1493 года. Паселішча часта змяняла гаспадароў, але ад тых даўніх часоў у Крывічах нічога не захавалася. Асноўнымі сведкамі мінуўшчыны тут з’яўляюцца барочны ансамбль з касцёла і кляштара, узведзены ў 1777 годзе, пад патрэбы запрошанага ў мястэчка каталіцкага ордэна трынітарыяў.
Касцёл Святога Апостала Андрэя і колішні кляштар трынітарыяў. Фота: planetabelarus.by
Касцёл і кляштар дзейнічалі ў Крывічах да Лістападаўскага паўстання 1830-1831 гг. Пасля расійскія ўлады ліквідавалі дзейнасць усіх каталіцкіх ордэнаў на тэрыторыі Беларусі. Касцёл тады стаў парафіяльным, а будынак кляштара перароблены пад плябань. Цікава, што і за савецкім часам касцёл працягваў дзейнічаць.
Колішні архітэктурны комплекс трынітарыяў складаецца сёння з самога будынка касцёла, плябані і каменнай агароджы, якой храм быў абнесены ў 1893 годзе. Унутры варта звярнуць увагу на барочны алтар, прывезены ў Крывічы з Антокальскага кляштара трынітарыяў у Вільні. У касцёле знаходзіцца памятная шыльда ў гонар пісьменніка і грамадскага дзеяча Яна Барэйкі-Ходзькі, які ў 1777 годзе нарадзіўся ў Крывічах. Ён аўтар успамінаў і нарысаў па гісторыі навакольных земляў і мясцовых касцёлаў.
Касцёл Святога Апостала Андрэя, алтар. Фота: catholic.by
Будслаў
Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Апошнім прыпынкам на сёння будзе вёска Будслаў Мядельскага раёна Мінскай вобласці. Тут нас цікавіць храм, які захаваўся з XVII-XVIII стагоддзяў. Бажніца была ўзведзена ў 1783 годзе ў стылі барока пад патрэбы айцоў-бернардынаў, якія атрымалі мясцовыя землі ў 1504 годзе. Спачатку манахі мелі толькі драўляную капліцу, але ў 1643 годзе тут быў пабудаваны першы мураваны касцёл. Гэты храм быў беражліва захаваны і ўключаны архітэктарам у аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю новага будынка як капліца Святой Барбары, якую таксама варта наведаць. Як і ўнікальны помнік ранняга барока — разны алтар ХVII стагоддзя са шматлікімі скульптурамі, у цэнтры якога доўгі час захоўваўся цудадзейны абраз Маці Божай Будслаўскай.
Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, Будслаў. Фота: planetabelarus.by
Алтар у капліцы Святой Барбары, Будслаў. Фота: catholic.by
Унутры храма варта звярнуць увагу на ўнікальны роспіс сценаў бажніцы. Іх стварыў Казімір Анташэўскі — майстар своеасаблівых аптычных ілюзій. Выявы скульптур і калонаў ягонай працы ўспрымаюцца як аб’ёмныя, хоць і з’яўляюцца проста двухмерным малюнкам. Такія аптычныя фрэскі дапамагалі пашыраць прастору, скіроўваць погляд вернікаў, якія наведвалі касцёл, у належным напрамку. У дадзеным выпадку да цудадзенага абраза Маці Божай Будслаўскай.
У касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, Будслаў. Фота: wikipedia.org
Абраз Маці Божай Будслаўскай — адзін з самых шанаваных каталіцкіх абразоў Беларусі. Ён быў напісаны невядомым майстрам у XVI стагоддзі. Абраз, як толькі з’явіўся ў Будславе, праславіўся сваімі цудамі.
У 1992 годзе была адноўлена старадаўняя традыцыя пілігрымак, а асаблівы статус абраза быў замацаваны каранаваннем, якое было здзейснена кардыналам Казімірам Свёнткам 2 ліпеня 1988 года. З гэтага часу галоўная ўрачыстасць Маці Божай Будслаўскай святкуецца штогод 2 ліпеня. Будслаўскі фэст быў унесены ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЭСКА, а будслаўскі храм — адзін з трох храмаў Беларусі, які мае чын Малой базілікі, нададзены ўласна Рымскім Папам.
Абраз Маці Божай Будслаўскай. Фота: katolik.life
НЕкарысная парада: Апошнім пунктам маршрута можна зрабіць вёску Ілава Мядзельскага раёна Мінскай вобласці, што знаходзіцца ў пары кіламетраў ад Будслава. Тут у колішнім старым бровары па сённяшні дзень знаходзіцца вінзавод і праводзіцца сапраўдная дэгустацыя пладова-ягадных вінаў, аб якой варта дамовіцца папярэдне. Тут вам прапануюць і сапраўдны беларускі кальвадас, і віно з дурніцаў, і шмат іншых цікавых напояў.
Язэп Вараніцкі, budzma.org
Чытайце яшчэ:
3 цудадейныя абразы Гарадзеншчыны, якія варта пабачыць