Лета — самы час для вандровак. Падарожнікаў, што завітаюць у Друю, чакае шмат цікавага. Каб не разгубіцца ды нічога не прапусціць, сабралі для вас сем найбольш вартых увагі аб’ектаў у Друі.
Фота: planetabelarus.by
Барысаў камень
Пачаць знаёмства з «цудамі» Друі храналагічна правільна будзе з Барысавага каменя, які сёння месціцца на цэнтральнай плошчы мястэчка. Гэта адзін з пяці валуноў, знойдзеных у рэчышчы Дзвіны з выбітым крыжам і надпісамі, якія датуюцца XII стагоддзем. Знайшлі Друйскі валун у ХІХ стагоддзі, а далі рады дастаць на паверхню толькі ў 2002 годзе, калі ўзровень вады ў Дзвіне апусціўся да рэкордна нізкага ўзроўню.
Фота: planetabelarus.by
Касцёл Святой Тройцы
Самым старажытным з захаваных архітэктурных помнікаў у Друі з’яўляецца касцёл Святой Тройцы. Будаўніцтва храма фундавалі Сапегі ў 1643–1646 гадах, пасля таго як у мястэчка былі запрошаныя манахі-бернардзінцы і заснаваны кляштар. Храм дастаткова аскетычны звонку, што характэрна для стылю ранняга барока, у якім збудаваны касцёл, але ўнутры будынак быў надзвычай разнастайна дэкараваны.
Фота: planetabelarus.by
Фота: planetabelarus.by
Чытайце яшчэ: 7 цудаў Ашмянаў: гайд ад «Будзьма!»
Нягледзячы на тое, што касцёл моцна пацярпеў падчас войнаў, а за савецкім часам належаў да меліяратыўнага таварыства, а па сутнасці ніяк не выкарыстоўваўся ды паступова разбураўся, у храме па сёння добра захаваўся галоўны алтар. Унутранае аздабленне храма фармавалася ў XVIII стагоддзі ў стылі позняга барока і ракако. Галоўны алтар, сцены і скляпенні ўпрыгожаны скульптурамі, па-мастацку распісаныя. З усходняга боку да храма адносіцца двухпавярховы жылы будынак кляштара, утвараючы замкнёны падворак. У 1923 годзе кляштар быў перададзены айцам-марыянам. Зараз касцёл адноўлены і адчынены для вернікаў. Тэрыторыя навокал храма дагледжаная і ўтульная — выглядае на маленькі парк з разнастайнымі клумбамі і невялікай сажалкай.
Фота: planetabelarus.by
Яўрэйскія могілкі
Вядома, што Друйскі кагал з ХVII стагоддзя быў, бадай, самым вялікім на Браслаўшчыне. Але падчас Другой сусветнай вайны ў Друі было створана яўрэйскае гета, у якім было забіта больш за дзве тысячы чалавек. На старажытных яўрэйскіх могілках, што размяшчаюцца на выездзе з Друі ў бок Браслава, пахаваныя ахвяры гета і іншыя месцічы яўрэйскага паходжання, якія жылі тут некалькі стагоддзяў таму. Вялікая колькасць захаваных надмагілляў, выкананых у іншай ад хрысціянскай пахавальнай традыцыі, стварае моцнае ўражанне, таму вельмі раім заехаць і туды.
Фота: 34travel.me
Фота: 34travel.me
Царква Дабравешчання Святой Багародзіцы
Царква Дабравешчання Святой Багародзіцы была галоўнай праваслаўнай святыняй Друі, яна была ўзведзена на мяжы XVIII–XIX стагоддзяў. Да храма належыў мураваны кляштар, ад якога пасля Другой сусветнай вайны засталіся толькі крушні. За савецкім часам будынак царквы выкарыстоўваўся як сховішча, а пасля зачынены. На дадзены момант помнік рэстаўруецца намаганнямі валанцёраў праекта «Таямніцы пры граніцы», якія прыязджаюць у Друю з усёй краіны.
Фота: planetabelarus.by
Фота: planetabelarus.by
Чытайце яшчэ: 7 цудаў Дзісны: гайд ад «Будзьма!»
Крушні ўніяцкай царквы Святых Пятра і Паўла
Грэка-каталіцкай царкве пашчасціла меней, сёння яе не рэстаўруюць. Храм быў узведзены напрыканцы XVIII стагоддзя ў стылі позняга барока. Пасля ліквідацыі уніі царква была перададзена праваслаўным. Будынак моцна пацярпеў падчас Другой сусветнай вайны і больш не аднаўляўся. Тым не менш для аматараў «заброшак» колішняя царква мае своеасаблівую прывабнасць.
Фота: vedaj.by
Сядзібна-паркавы комплекс Сапегаў
Першапачаткова сядзібна-паркавы комплекс Сапегаў быў узведзены ў ХІХ стагоддзі ў стылі класіцызм. Але за савецкім часам будынак сядзібы быў моцна перабудаваны. Сёння ў колішнім палацы месціцца лякарня. Побач з ёй варта звярнуць увагу на некалькі гаспадарчых пабудоваў, узведзеных адначасова з сядзібай.
Мост праз раку Друйка
Турыстычнай прывабнасці Друі дадаюць і прыродныя асаблівасці, у прыватнасці дзве ракі, у сутоках якіх узведзены горад. Мост праз раку Друйка быў пабудаваны ў 1933 годзе і функцыянуе па сённяшні дзень. А з набярэжнай Дзвіны можна пабачыць маляўнічыя краявіды суседняй Латвіі.
Фота: glubinka.by
Фота: planetabelarus.by
ПЖ, budzma.org