Лета — самы час для вандровак. Падарожнікаў, што завітаюць у Ашмяны, чакае шмат цікавага. Каб не разгубіцца ды нічога не прапусціць, сабралі для вас сем найбольш вартых увагі аб’ектаў у Ашмянах.
1. Ашмянская Галгофа
Гісторыя горадабудаўнічага развіцця Ашмянаў пачынаецца з сярэдзіны ХІV стагоддзя, калі існавалі дзве часткі сучаснага горада, Старая і Новая Ашмяна. Старая Ашмяна — невялікае паселішча, якое размяшчалася ў раёне самага высокага пункта горада: сёння некаторыя месцічы клічуць яго «Кальварыяй», ці «Ашмянскай Галгофай».
Назвалі так, бо ўжо больш за 20 гадоў ашмянцы сустракаюць Вербную нядзелю пілігрымкай праз увесь горад дзеля ўсталявання тут вялікіх драўляных крыжоў. Месцічы робяць 14 прыпынкаў, роўных колькасці прыпынкаў, якія рабіў Хрыстос на шляху да Галгофы. У ХІХ стагоддзі на «гары» былі гарадскія могілкі пры францішканскім касцёле. Сёння ўзвышша з вялікай колькасцю крыжоў робіць моцнае ўражанне, сюды варта завітаць.
2. Касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі
Францішканскі касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі — бадай, самы стары будынак у сённяшніх Ашмянах. Ягоны драўляны папярэднік, на думку некаторых даследчыкаў, мог з’явіцца тут напрыканцы ХІV стагоддзя як адзін з першых хрысціянскіх храмаў на тэрыторыі Старадаўняй Літвы. Францішкане былі адным з першых каталіцкіх ордэнаў, запрошаных на тэрыторыю ВКЛ для распаўсюду хрысціянства. Ёсць звесткі, што ў 1505 годзе пры касцёле ўжо існаваў кляштар, верагодны падмурак якога быў знойдзены падчас раскопак 1980-х гадоў побач з храмам.
Храм неаднаразова перабудоўваўся і пашыраўся. Першапачаткова драўляныя касцёл і кляштарныя пабудовы былі спаленыя падчас Крывавага патопу ў 1659 годзе. Адноўлены касцёл зноў зруйнавалі падчас Паўночнай вайны. У 1805 годзе новы касцёл быў адбудаваны манахамі-францішканамі ў каменна-драўляным выглядзе. Пасля пашкоджання падчас расійска-французскай вайны ў 1822 годзе храм быў перабудаваны ў стылі класіцызм. Па задушэнні паўстання 1831 года кляштар быў ліквідаваны, і будынак перарабілі пад сховішча. У міжваенны час сюды вярнуліся вернікі, але пасля Другой сусветнай вайны ў савецкі час касцёл быў канчаткова занядбаны. Сёння ў Ашмянах ад яго можам пабачыць толькі крушні.
3. Касцёл Міхала Арханёла
У другой палове ХVІ стагоддзя ў Ашмянах Мікалай Радзівіл Руды арганізаваў кальвінскі збор. Дзе размяшчаўся будынак збору, невядома. Ёсць меркаванне, што ён быў перабудаваны ў галоўны парафіяльны касцёл св. Міхала Арханёла, які мы можам пабачыць сёння. Ён быў узведзены ў 1906 годзе па праекце Вацлава Міхневіча ў стылі неабарока. За савецкім часам яго перарабілі пад філіял Віленскага завода радыётэхнікі. Касцёл нанова адчыніў свае дзверы для вернікаў у 1989 годзе.
4. Ашмянская сінагога
У Ашмянах два архітэктурныя аб’екты знаходзяцца ў Дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі: Касцёл Арханёла Міхаіла і будынак колішняй сінагогі.
Ашмянская сінагога ўнікальная, бо спалучае ў сабе элементы мясцовай архітэктуры стылю класіцызм і традыцыйнай юдэйскай. Узведзена сінагога напрыканцы ХІХ стагоддзя, перабудаваная ў 1912 годзе. У знешнім выглядзе будынка варта звярнуць увагу на арыгінальныя драўляныя аздабленні і высокі трохузроўневы дах. На месцы пліткі некалі была лесвіца на пляцоўку, дзе маліліся жанчыны.
Фота: t.me/kudapolezz
У сінагозе захавалася ўнікальнае ўнутранае аздабленне. Знутры драўляная столь распісаная ў выглядзе зорнага неба, сцены пад пілястрамі ўпрыгожаны фрэскамі, якія сімвалізуюць 12 знакаў задыяка. Пад сонцам, дзе сёння ўваход, знаходзілася шафа, у якой захоўвалася Тора — самае каштоўнае ў сінагозе. У гады Другой сусветнай вайны сінагога стала цэнтрам гета. На некаторых сценах можна пабачыць сляды куляў. За савецкім часам будынак выкарыстоўваўся як сховішча. Сёння будынак знаходзіцца ў аварыйным стане. Найбольш пацярпеў купал пашкоджанага даху, бо дрэва хутка гніе.
Фота: t.me/kudapolezz
5. Капліца
Варта наведаць старыя каталіцкія могілкі, дзе месціцца цікавая капліца ў стылі класіцызм. Першапачаткова намаганнямі ашмянскага бурмістра Эльяша Высоцкага і ксяндза Казіміра Сайкоўскага (пахаваных на гэтых жа могілках) у 1872 годзе яна была ўзведзена з матэрыялаў, што засталіся пасля таго, як дамініканскі касцёл і кляштар былі ліквідаваныя для пабудовы на іх месцы праваслаўнай царквы.
Але тая капліца згарэла, і ў 2004 годзе на яе падмурках была складзеная новая — з дрэва, ахвяраванага месцічамі з уласнай хаты. У аўтэнтычным выглядзе з ХІХ стагоддзя тут захаваліся толькі брама і брукаванка.
6. Будынак старога млына
Ля моста праз Ашмянку, «барунскага», як яго называюць месцічы, можна пабачыць будынак электрастанцыі, узведзены ў 1926–1931 гг. на месцы старога драўлянага млына. Сёння тут месціцца крама электратавараў і зачынены «Тракціръ Стары Млын». Вось такая пераемнасць. Адметна выглядае сумяшчэнне ў адной шыльдзе абедзвюх дзяржаўных моваў, яшчэ і з «ъ» напрыканцы. Цікавы варыянт «тутэйшасці».
7. Сядзіба Лейбы Стругача
Заехаўшы ў Ашмяны, нельга не прагуляцца ўверх па плыні ўздоўж Ашмянкі, сярод яе ўзгорыстых берагоў у напрамку Будзёнаўкі (калісьці Святы Дух), былой вёскі, якая сёння ўвайшла ў склад Ашмянаў, да ўнікальнага помніка жылой архітэктуры, сядзібы Лейбы Стругача. Лейба Стругач — уладальнік дрожджавага завода і вінакурні, адзін з самых заможных габрэяў Ашмяншчыны канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя.
Сядзібны ансамбль складаўся з парку, сажалак, аранжарэі, лямуса, стайні, гаспадарчых пабудоваў. Сам будынак сядзібы — драўляны, узведзены ў стылі мадэрн — першапачаткова быў атынкаваны. Лёс гаспадароў сядзібы склаўся трагічна. Пасля 1939 года Саветы нацыяналізавалі прадпрыемствы нашчадка Лейбы Стругача Абрама, а сам ён з сям’ёй быў расстраляны праз тры гады ў Ашмянскім гета.
Але будынак сядзібы да 2012 года ўвесь час быў жылым. У апошнія гады там жылі настаўнікі мясцовай школы. Потым выканкам знайшоў інвестара, які зняў з будынка тынкоўку і вырашыў, што аднаўленне сядзібы не пацягне. З таго часу сядзіба гніе і паступова разбураецца. Чарговы знойдзены інвестар думае зрабіць тут базу адпачынку.
ПЖ, budzma.org