Лета мінула, але і ўвосень вандроўкі не губляюць сваёй актуальнасці, зараз у іх прыўносіцца асаблівая рамантычнасць атмасферы краявідаў, стану прыроды. Кожны, хто здольны адчуць, абавязкова знойдзе нешта сваё. Сёння прапануем рушыць на Глыбоччыну. Падарожнікаў, што завітаюць сюды, чакае шмат цікавага. Каб не разгубіцца ды нічога не прапусціць, сабралі для вас сем найбольш вартых увагі культавых архітэктурных будынкаў Глыбоцкага раёна.
Фота: vedaj.by
1. Дзеркаўшчына. Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Пачнем знаёміцца з «цудамі» Глыбоччыны з касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дзеркаўшчыне. Гісторыя касцёла пачалася ў ХІХ стагоддзі.
Вядома, што храм закладзены 7 траўня 1822 года. Паводле мясцовай легенды, Лявон Дамейка будаваў касцёл нелегальна, пад выглядам гаспадарчай пабудовы. Потым царскія ўлады былі пастаўлены перад фактам — пабудаваны ўсё ж касцёл, а не свіран, вымушаныя былі легалізаваць. Храм у Дзеркаўшчыне — помнік архітэктуры з рысамі класіцызму, але вельмі спецыфічнага: тут класічны ордар спалучаецца з матывамі тагачаснага беларускага мураванага дойлідства — найперш у выглядзе «разынкавай» муроўкі сценаў.
Фота: wikimedia.org
Чытайце па тэме: 7 цудаў Валожына: гайд ад «Будзьма!»
Падчас ІІ Сусветнай вайны храм быў моцна пашкоджаны: згарэў ганак і вежы, пашкоджаны дах. Але пасля невялікага перапынку касцёл ізноў быў адчынены. Апошняя калядная імша тут адбылася ў 1959 годзе, пасля па загаду мясцовых уладаў з касцёла вынеслі абразы, скульптуры, разабралі арган і ўсё астатняе, што нельга было вынесці. У касцёле зрабілі сховішча збожжа. Але дах з цягам часу разбурыўся яшчэ больш і хутка будынак прыйшоў у заняпад. Мясцовыя вернікі ў гэты час таемна ездзілі вянчацца і хрысціць дзяцей у Глыбокае. Касцёл быў вернуты вернікам ў 1990 годзе.
Фота: radzima.org
2. Мосар. Касцёл Святой Ганны
Мосарскі касцёл Св. Ганны датуецца 1792 годам, пабудаваны на сродкі маршалка Літоўскага Трыбунала Роберта Бжастоўскага і ягонай жонкі Ганны з роду Плятэраў. У храме ёсць свая рэліквія — мошчы святога Юстына, якія былі прывезены ў Мосар яшчэ ў 1838 годзе. Месцічы распавядаюць, што парэшткі прывозілі і ў шэраг іншых храмаў паблізу, але менавіта ў Мосары коні спыніліся і не пажадалі ехаць далей. Вернікі палічылі гэтую акалічнасць за знак і пакінулі мошчы ў касцёле Св. Ганны.
Фота: planetabelarus.by
Фота: planetabelarus.by
Перад уваходам у касцёл ёсць 3 вартыя ўвагі пабудовы, аб’яднаныя каменнай агароджай. Праваруч — вежа-званіца, узведзеная ў 1931 годзе. Цэнтральнае месца займае ўваходная брама канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя пабудовы. А леваруч можна пабачыць самую новую частку мосарскага касцёла — капліцу-браму. Задумваўся гэты аб’ект як копія Віленскай Вострай Брамы.
Фота: vedaj.by
Фота: vedaj.by
3. Удзела. Касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі
Наступным нашым прыпынкам будзе вёска Удзела, а дакладней яе архітэктурная адметнасць — касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі і кляштар францішканаў. Вядома, што манахі-францішкане былі запрошаны сюды мецэнатам Юзафам Корсакам у 1643 годзе. Пад іх патрэбы тут былі збудаваны драўляны касцёл і кляштар.
Фота: planetabelarus.by
У другой палове XVIII стагоддзя на месцы драўлянага быў закладзены мураваны кляштар і храм у стылі віленскага барока, які ў 1837 годзе быў перабудаваны ў стылі класіцызму. Сёння ад кляштара захавалася толькі адно крыло, пасля 1851 года расійскія ўлады выслалі ўсіх манахаў-францішканаў, і астатняя частка кляштара з цягам часу была разабраная. Званіца, якую можам пабачыць побач з храмам, таксама ўзведзена ў ХІХ стагоддзі. За савецкім часам будынак касцёла выкарыстоўваўся ў якасці сховішча.
Фота: vedaj.by
Фота: fotobel.by
Францішкане вярнуліся сюды толькі ў 2000-м годзе. Сёння ў адным з гаспадарчых карпусоў кляштара можна паглядзець сапраўдную беларускую батлейку, сабраную польскім майстрам у 2000-м годзе з лялек Барбі і Кенаў, паглядзець фотавыставу з жыцця францішканаў па ўсім свеце і азнаёміцца з экспазіцыяй, прысвечанай Масіміліяну Кольбэ — манаху ордэна, які хаваў габрэяў ад нацыстаў і абмяняў ў Асвенцыме сваё жыццё на жыццё незнаёмца. Сутарэнні касцёла таксама адкрытыя для наведвання турыстамі.
Фота: vedaj.by
Фота: vedaj.by
4. Мамаі. Спаса-Прыабражэнская царква
Зараз прапануем завітаць у вёску Мамаі. Асноўнай архітэктурнай перлінай вёскі з’яўляецца Спаса-Праабражэнская царква. Будынак мае нетыповую для царвы форму невыпадкова, бо першапачаткова ў 1829-м быў узведзены як касцёл. Фундатарм будаўніцтва выступіў Язэп Корсак. Пасля паўстання 1863-1863 гг. расейскімі ўладамі храм быў перададзены праваслаўным.
Фота: fotobel.by
Месцічы згадваюць, як у 1960-я гг. вернікам давялося бараніць царкву ад дзеянняў савецкай улады. Але безвынікова — храм усё ж зачынілі. За савецкім часам тут зрабілі сховішча. Царква была вернута вернікам толькі ў 1990-я гады.
Фота: fotobel.by
Сёння перад храмам можна пабачыць вялікую браму, якая раней выкарыстоўвалася ў якасці званіцы. Яна ўзведзена ў традыцыйнай тэхніцы разынкавай муроўкі, якая сёння старанна схаваная пад тынкам. За апошнія гады гэтую шматпакутную браму, як і царкву, неаднаразова перафарбоўвалі і кожны раз у яшчэ больш дзіўны колер. Царква ўнесена ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі і, безумоўна, вартая наведвання.
Фота: fotobel.by
5. Задарожжа. Касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі
Далей прапануем скіравацца да касцёла Найсвяцейшай Панны Марыі, які знаходзіцца на паўночнай ускраіне вёскі Мнюта-2. Касцёл часта называюць Задарожскім, паводле назвы суседняй вёскі. На месцы сённяшняга мураванага касцёла стаяў драўляны, у якім быў хрышчаны Вацлаў Ластоўскі, гісторык, фундаменталіст беларускага адраджэння пачатку ХХ стагоддзя, прэм’ер-міністр Беларускай Народнай Рэспублікі.
Фота: planetabelarus.by
Драўляны касцёл быў знішчаны пажарам у 1902 годзе. Месцічы вырашылі на ягоным месцы збудаваць мураваны. Захавалася паштоўка, выдадзеная ў той час з заклікам мясцовага пробашча Валентыновіча ахвяраваць на пабудову новага касцёла. Ён быў узведзены ў неагатычным стылі па праекце знакамітага віленскага архітэктара Антонія Філіповіча-Дубовіка ў 1910 годзе. Храм, якому ўжо больш за сто год, можам пабачыць і сёння ў першасным выглядзе, ён з’яўляецца архітэктурнай дамінантай ва ўсім наваколлі. Дарэчы, Антон Дубовік быў архітэктарам Мёрскага касцёла і аўтарам праекта перабудовы Траецкага касцёла ў Глыбокім.
Фота: planetabelarus.by
6. Празарокі. касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
У 1698 годзе тагачасны ўладальнік Празарокаў Юстын Шчыт запрасіў сюды манахаў-францішканаў, фундаваў тут будаўніцтва драўлянага касцёла і кляштара пры ім. На пачатку XVIII стагоддзя ўсе пабудовы згарэлі, а ў 1721 годзе смаленскі падхаружны Павал Корсак фундаваў новыя касцёл і кляштар у Празароках, якія зноў згарэлі ў 1892 годзе. У 1896 быў атрыманы дазвол віленскага губернатара на адбудову ў Празароках новага каталіцкага храма, які можна пабачыць тут і сёння.
Фота: planetabelarus.by
Чытайце па тэме: 7 цудаў Дзісны: гайд ад «Будзьма!»
Храм быў канчаткова адбудаваны ў неараманскім стылі з нетынкаванай чырвонай цэглы ў 1907 годзе. У 1950 годзе касцёл быў зачынены і пераўладкаваны мясцовай адміністрацыяй пад зернесховішча. Калі касцёл стаў уласнасцю калгаса, усе ўнутраныя аздабленні былі страчаныя. Толькі ў 1989 годзе храм быў вернуты вернікам. Аднаўленне касцёла распачаў мясцовы пробашч Люцыян Паўлік.
Фота: planetabelarus.by
За касцёлам Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі пахаваны заснавальнік беларускага нацыянальнага прафесійнага тэатра Ігнат Буйніцкі. У 1975 годзе на магіле быў усталяваны помнік.
Фота: planetabelarus.by
7. Кавалі. Успенская царква
Асноўнай адметнасцю вёскі Кавалі з’яўляецца Успенская царква, пабудаваная ў 1748 годзе з дрэва першапачаткова як касцёл ордэна кармелітаў. І сёння ён выглядае вельмі нетыпова для царквы: арыентацыя храма, рэшткі барочных бакавых вежаў. Храм быў канфіскаваны і перададзены праваслаўным у 1840 годзе. Напрыканцы ХІХ стагоддзя касцёл быў істотна перабудаваны. На прылеглай да царквы тэрыторыі можна пабачыць двух’ярусную званіцу з шатровым дахам, верагодна, дабудаваную пазней.
Фота: wikimedia.org
Галоўнай асаблівасцю храма з’яўляецца тое, што ён драўляны. Падобных помнікаў XVIII стагоддзя пабудовы ў Беларусі захавалася зусім няшмат. Таму Успенскі храм унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі як помнік драўлянага дойлідства з элементамі барока.
Фота: wikimedia.org
Вандруйце разам з «Будзьма!».
ПЖ, budzma.org