Лета мінула, але і ўвосень вандроўкі не губляюць сваёй актуальнасці, зараз у іх прыўносіцца асаблівая рамантычнасць атмасферы краявідаў, стану прыроды. Кожны, хто здольны адчуць, абавязкова знойдзе нешта сваё. Варта рушыць, каб зразумець. Падарожнікаў, што завітаюць у Валожын, чакае шмат цікавага. Каб не разгубіцца ды нічога не прапусціць, сабралі для вас сем найбольш вартых увагі аб’ектаў Валожына.
Фота: planetabelarus.by
1. Гарадзішча (вул. Леніна)
Храналагічна слушна будзе пачаць расповед пра адметныя помнікі Валожына са старажытнага гарадзішча, што знаходзіцца ў паўднёва-ўсходняй частцы горада па сучаснай вуліцы Леніна побач з заводам пластмасавых вырабаў. Яго не складана будзе адшукаць, тэрыторыя займае ізаляваны пагорак са стромкімі схіламі з паўднёвага і паўночнага боку, у паўднёвай частцы пагорка можна заўважыць сляды двух валоў. З часоў сярэднявечча тут месцяцца старыя гарадскія могілкі, сляды якіх можна пабачыць і сёння. Гарадзішча, на жаль, зусім не даследавана, у 1970-я — 1980-я гады яго пачалі абследаваць археолагі, але да паўнавартасных раскопкаў справа не дайшла.
Фота: Аляксей Друпаў
2. Касцёл Святога Язэпа (пл. Свабоды, 2)
Вядома, што ў 1803 годзе чарговымі ўладальнікамі Валожына стаў род Тышкевічаў, які гаспадарыў тут ажно па самае прыйсце савецкай улады ў 1939 годзе. Тышкевічы фундавалі ўзвядзенне ў мястэчку вялікай колькасці мураваных будынкаў, якія дагэтуль вызначаюць архітэктурнае аблічча горада. Сярод іх і касцёл Святога Юзафа, які па сённяшні дзень з’яўляецца адным з самых адметных будынкаў у Валожыне.
Фота: planetabelarus.by
Храм быў узведзены ў 1816 годзе ў стылі класіцызм на месцы знішчанага драўлянага касцёла, закладзенага тут гетманам літоўскім, кашталянам віленскім Юзафам Багуславам Служкай пад патрэбы запрошанага ордэну бернардзінцаў. Побач з колішнім касцёлам знаходзіўся і кляштар, зруйнаваны ў 60-я гады ХІХ стагоддзя расійскімі ўладамі. У той жа час, пасля паўстання 1863–1864 гг. касцёл святога Язэпа быў пераасвечаны ў праваслаўную царкву. Пасля, за Саветамі, будынак храма доўгі час выкарыстоўваўся як вытворчы цэх і вярнуўся да вернікаў толькі ў 1990-я гады.
Фота: @elgatomarinero7
3. Сядзібны комплекс Тышкевічаў (пл. Свабоды, 4, 17, 19)
Па суседстве з касцёлам у Валожыне захаваўся таксама выкананы ў найбольш распаўсюджаным на час свайго ўзвядзення стылі класіцызм манументальны сядзібны ансамбль графаў Тышкевічаў. У 1806 годзе Юзаф Тышкевіч прыцягнуў да будаўніцтва родавага палаца віленскага архітэктара Аўгустына Касакоўскага, які знайшоў мудрагелістае кампазіцыйнае вырашэнне для будынка. З аднога боку сядзіба была змешчана ў самым цэнтры гарадскога жыцця, што віравала на Рынкавай плошчы Валожына, з іншага — яна была ізаляваная ад плошчы і ўтварала схаваны ад лішніх вачэй свет унутранага падворка з уласцівым для жылога будынка рытмам жыцця.
Фота: planetabelarus.by
У ансамбль рэзідэнцыі Тышкевічаў у Валожыне ўваходзілі, апроч палаца, яшчэ флігель, аранжарэя, гаспадарчыя пабудовы. У двухпавярховай аранжарэі расла вялікая колькасць экзатычных раслінаў: не ўласцівых для нашых шыротаў фруктовых дрэваў, ананасаў і іншых экзотаў, плады якіх ішлі на экспарт і прыносілі прыбытак уладальнікам. За аранжарэяй цягнуліся вялікія цяпліцы, парнікі і гадавальнікі, аточаныя пладовым садам. Па сёння апроч палаца захаваўся і будынак колішняй аранжарэі.
Фота: @elgatomarinero7
4. Царква Перамянення Гасподняга (вул. Шчэрбіны)
Яшчэ адным цікавым помнікам у Валожыне з’яўляецца царква Перамянення Гасподняга, што размешчана на пагорку ў цэнтры гарадскіх могілак на ўездзе ў горад з боку Мінска. Сённяшняя царква першапачаткова ў 1850 годзе ўзводзілася па фундацыі графа Тышкевіча як могілкавая каталіцкая капліца пры касцёле ордэна бернардзінцаў.
Фота: planetabelarus.by
Пасля Лістападаўскага паўстання ордэн быў скасаваны расійскімі ўладамі, а пасля паўстання 1863–1864 гг. капліца была перададзена праваслаўным вернікам і ў 1886 годзе пераасвечана ў гонар Перамянення Гасподняга. Тады ўзведзены ў стылі класіцызм храм прыцярпеў істотную перабудову, у тым ліку на ім з’явіліся не характэрныя для каталіцкай архітэктурнай традыцыі, ды і да праваслаўнай на тэрыторыі Беларусі, купалы-цыбуліны. Перад храмам можна пабачыць вежу-званіцу.
Чытайце яшчэ: 7 цудаў Друі: гайд ад «Будзьма!»
Фота: @elgatomarinero7
5. Царква Святых Канстанціна і Алены (вул. Савецкая, 3)
Пасля задушэння паўстання 1863–1864 гг. генерал-губернатарам Мураўёвым, які атрымаў мянушку «Вешальнік» за жорсткія расправы над паўстанцамі, быў выдадзены загад аб пабудове на тэрыторыі Беларусі вялікай колькасці праваслаўных цэркваў па тыпавым праекце, каб наблізіць беларускую праваслаўную архітэктурную традыцыю да расійскай. Такія цэрквы месцічы называлі «мураўёўкамі».
Фота: planetabelarus.by
Ёсць свая «мураўёўка» і ў Валожыне, але яна не зусім тыповая, бо ўсё ж узведзена з дрэва і з’яўляецца помнікам народнага дойлідства з элементамі рэтраспектыўна-рускага стылю. Царква Святых Канстанціна і Алены ўзведзена ў 1866 годзе, асвечана ў гонар імператара Канстанціна, які ў 313 годзе зрабіў хрысціянства дзяржаўнай рэлігіяй, і ягонай маці Алены. Канстанцін і Алена былі кананізаваныя і роўна шануюцца як праваслаўнымі, так і каталікамі.
Фота: planetabelarus.by
6. Валожынская ешыва (вул. Кірава, 2)
Блукаючы па ўзгорыстай мясцовасці Валожына, нельга не заўважыць будынак паблізу цэнтральнай плошчы, на якім умацавана мемарыяльная шыльда з тэкстам на трох мовах: расійскай, ангельскай і на іўрыце. Надпіс нагадвае пра тое, што ў 1803 годзе тут распачала дзейнасць першая на тэрыторыі Усходняй Еўропы яўрэйская навучальная ўстанова — ешыбат, навучэнцы якой вывучалі Талмуд і рыхтаваліся стаць рабінамі.
Фота: @elgatomarinero7
Фота: planetabelarus.by
У гэтай навучальнай установе фармавалася аблічча ўсяго ўсходнееўрапейскага юдаізму. Тут вучыліся і працавалі выбітныя рабіны, імёны якіх вядомыя яўрэям з усяго свету. У свой час ешыбат быў настолькі вядомы, што ўстанову называлі «Маці ешыбатаў», адначасова тут навучалася каля 400 рабінаў. Але ў 1892 годзе ўстанова была зачынена царскімі ўладамі. Тым не менш навучанне негалосна працягвалася да 1939 года, пакуль не пачалася Другая сусветная вайна.
Фота: @elgatomarinero7
7. Валожынская крыніца (вул. Кірава)
Апошні ў нашым гайдзе валожынскі цуд — «Крыніца Валожынская» — гідралагічны помнік мясцовага значэння, што месціцца напрыканцы вуліцы Кірава на паўночнай ускраіне горада на адкрытай мясцовасці сярод маляўнічых узгоркаў. Крынічка рупліва абнесена плотам, уладкаваная для наведвальнікаў, тут маецца закрытая купальня. Вада з крыніцы смачная і вельмі халодная, што ў спёку дадае месцу асаблівай прыцягальнасці.
Фота: fotobel.by
Фота: fotobel.by
Вандруйце разам з «Будзьма!».
ПЖ, budzma.org