Лета — самы час для вандровак. Падарожнікаў, якія завітаюць у Глыбокае, чакае шмат цікавага. Каб не разгубіцца ды нічога не прапусціць, сабралі для вас сем найбольш вартых увагі аб’ектаў у Глыбокім.
Фота: vedaj.by
1. Траецкі касцёл
Касцёл Святой Троіцы ў Глыбокім збудаваны ў стылі віленскага барока на месцы свайго драўлянага папярэдніка ў 1780-я гады. Апошні раз храм быў перабудаваны ды пашыраны ў 1902–1908 гг.
Фота: vedaj.by
У храме варта звярнуць увагу на 3 драўляныя разьбяныя алтары, драўляны амбон ХVІІІ стагоддзя, перанесены з кармеліцкага касцёла насупраць, калі той аддалі праваслаўнай царкве, арган зроблены на пачатку ХХ стагоддзя, на старажытны звон, адліты ў 1882 годзе, які можна пабачыць леваруч ад галоўнага алтара.
Фота: vedaj.by
2. Царква Раства Багародзіцы, комплекс колішняга кляштара кармелітаў
Важнай падзеяй у гісторыі Глыбокага было запрашэнне сюды ў сярэдзіне ХVІІ стагоддзя Язэпам Корсакам ордэна кармелітаў босых. У 1735 годзе фундаваны Корсакам кармеліцкі храм быў перабудаваны, верагодна, па праекце выбітнага архітэктара Яна Глаўбіца ў стылі віленскага барока, у такім выглядзе можам яго пабачыць і сёння. Але будынак ужо належыць праваслаўнай царкве Раства Багародзіцы.
Фота: budzma.org
Варта звярнуць увагу на барочную ўваходную браму XVIII ст. Падобная, збудаваная паводле праекта згаданага Глаўбіца, ёсць у Вільні перад Базыльянскім кляштарам. Захаваліся арыгінальныя ўваходныя дзверы ў колішні касцёл з выявамі васіліскаў, упрыгожаныя раслінным арнаментам, але цалкам іх не заўжды можна пабачыць.
Фота: budzma.org
Сапраўднай атракцыяй будзе патрапіць на паўнавартасную экскурсію ў былы кармеліцкі касцёл з наведваннем сутарэнняў ды ўзняццем на вежу касцёла. Правесці такую экскурсію ў Глыбокім можа мясцовы экускурсавод Юры (+375297137145). Варта папярэдзіць яго пра свой прыезд загадзя.
Фота: budzma.org
Фота: budzma.org
А з будынка кармеліцкага кляштара пры колішнім касцёле пасля Другой сусветнай вайны пачалася гісторыя Глыбоцкага малочна-кансервавага камбіната. Але з 70-х гадоў мінулага стагоддзя будынак XVIII стагоддзя імкліва занепадае.
Фота: vedaj.by
3. Каменны крыж XVI стагоддзя
У 2012 годзе Глыбокае рыхтавалі да Дня пісьменства і падчас зямельных працаў на месцы колішняй уніяцкай царквы Святой Троіцы знайшлі каменны крыж. Датуецца ён XVI стагоддзем. На ім высечаны яшчэ адзін крыж і ёсць надпіс кірыліцай, да сёння не расчытаны. Зараз крыж месціцца ля колішняга кармеліцкага касцёла.
Фота: budzma.org
4. Глыбоцкі гісторыка-этнаграфічны музей
Каб лепш пазнаёміцца з Глыбокім, варта наведаць мясцовы гісторыка-этнаграфічны музей, які размяшчаецца ў гістарычным будынку з чырвонай цэглы 1930-х гадоў пабудовы.
Фота: budzma.org
Экспазіцыя нагадае пра выбітных асобаў, чый лёс звязаны з Глыбоччынай, якія моцна паўплывалі на развіццё беларускага выўленчага мастацтва, музыкі, пісьменніцтва і іншых сфераў. Тут абавязкова трэба звярнуць увагу на 3 арыгінальныя карціны рукі Язэпа Драздовіча, які нарадзіўся ў засценку Пунькі, што побач з вёскай Ліпляні Глыбоцкага раёна.
Фота: budzma.org
Фота: budzma.org
Глыбоччына лічыцца радзімай найстарэйшай вядомай на сёння беларускай дуды з вёскі Верацеі. Арыгінал яе захоўваецца ў фондах Нацыянальнага музея Літвы і датуецца ажно 1849 годам. У Глыбоцкім гісторыка-этнаграфічным музеі можна пабачыць копію Глыбоцкай дуды, зробленую Сяргеем Чубрыкам. Прэзентацыя яе адбылася падчас другога міжнароднага фэсту дударскіх рэгіёнаў «Дударскі рэй-2018».
Фота: budzma.org
5. Ільінская капліца і калона ў гонар Канстытуцыі 3 траўня 1791 года
Яшчэ адной цікавай славутасцю Глыбокага з’яўляецца невялікая каталіцкая капліца Святога Ільі, пабудаваная кармелітамі на мясцовых могілках напрыканцы XVIII стагоддзя ў стылі класіцызм. На дадзены момант храм знаходзіцца ў закансерваваным стане.
Фота: vetliva.by
Побач з капліцай маецца таксама мемарыяльная калона ў гонар Канстытуцыі Рэчы Паспалітай 3 траўня 1791 года. Гэты помнік быў добраахвотна адрэстаўраваны ў 1930-я гады месцічамі і да нашых дзён захаваўся ў добрым стане.
Фота: wikimedia.org
6. Алея знакамітых землякоў
У 2012 годзе на Дзень пісьменства на плошчы паміж галоўнымі глыбоцкімі храмамі паўстала «Алея знакамітых землякоў Глыбоччыны». Першапачаткова тут было 8 бюстаў, з кожным наступным годам іх колькасць павялічваецца, як толькі з’яўляецца магчымасць, бо знакамітых месцічаў на Глыбоччыне не бракуе.
Фота: budzma.org
Фота: budzma.org
Тут можна пабачыць бюсты Язэпа Корсака, які фундаваў узвядзенне ранейзгаданага архітэктурнага ансамбля ордэна кармелітаў і іншых славутасцей Глыбокага, Язэпа Драздовіча, мастака, фалькларыста, археолага, вандроўніка, першага беларускага касміста, лёс якога цесна павязаны з Глыбоцкай зямлёй. На Глыбоччыне нарадзіўся Ігнат Буйніцкі, заснавальнік беларускага тэатра, Вацлаў Ластоўскі, прэм’ер-міністр БНР і галоўны містыфікатар гісторыі Беларусі. Тут жа можна пабачыць помнік адраджэнцу іўрыту Эліэзеру Бэн-Егудзе і шматлікім іншым выбітным выхадцам з Глыбоцкай зямлі.
Фота: budzma.org
7. Глыбоцкі дэндрарый
Глыбоцкі дэндрасад — дзяржаўны помнік прыроды рэспубліканскага значэння. Ён лічыцца другім па велічыні і колькасці відаў раслін пасля мінскага батанічнага саду. Дэндрарый першапачаткова быў створаны на базе глыбоцкага лясгаса ў 60-я гады мінулага стагоддзя мясцовым энтузіястам, інжынерам лясгаса Віктарам Ламакам у навуковых мэтах.
Фота: planetabelarus.by
Зараз дэндрасад займае тэрыторыю больш за восем гектараў. У садзе можна пабачыць каля паўтысячы відаў дрэваў ды хмызоў. Асаблівую цікавасць уяўляюць дубы, якім больш за дзвесце год. Калекцыя дэндрасаду складаецца з інтрадукаваных раслінаў, прывезеных з Японіі, Паўднёвай Амерыкі, поўдня Еўрапейскай часткі Расіі і паўднёва-ўсходняй часткі Еўропы.
Фота: planetabelarus.by
Дэндралагічны сад з’яўляецца адным з улюбёных месцаў адпачынку глыбачанаў і абавязковым пунктам для наведвальнікаў мясцовых турыстычных маршрутаў. Тут ладзяць свае з’езды навукоўцы-батанікі ды абаронцы навакольнага асяроддзя, кожныя выходныя тут можна сустрэць аматараў вясельных фотасесіяў ды сямейнага адпачынку. Раім зазірнуць сюды і вам.
Фота: planetabelarus.by
Чытайце яшчэ:
Што паглядзець у Глыбокім? Згушчонка, барока, радзіма Ластоўскага
ПЖ, budzma.org