Лета мінула, але і ўвосень вандроўкі не губляюць сваёй актуальнасці, зараз у іх прыўносіцца асаблівая рамантычнасць атмасферы краявідаў, стану прыроды. Кожны, хто здольны адчуваць, абавязкова знойдзе нешта сваё. Варта рушыць, каб зразумець. Падарожнікаў, што завітаюць на Пастаўшчыну, чакае шмат цікавага. Каб не разгубіцца ды нічога не прапусціць, сабралі для вас сем найбольш вартых увагі аб’ектаў Пастаўскага раёна.
Фота: planetabelarus.by
1. Камаі, касцёл Святога Яна Хрысціцеля
У Камаях захаваўся ўнікальны помнік беларускай абарончай архітэктуры — касцёл святога Яна Хрысціцеля. Гатычны храм быў пабудаваны ў 1606 годзе на сродкі Яна Рудаміна-Дусяцкага. Першапачаткова будынак меў чатырохкутную форму, але ў 1778 годзе на сродкі тагачасных гаспадароў Камаяў Войнаў і Козелаў да паўднёвай часткі храма была прыбудавана капліца з крыптай, што моцна змяніла знешні выгляд будынка. Пра тое, што храм выконваў абарончую функцыю, апроч архітэктурных рысаў: сціпласці, масіўных сценаў, вокнаў-байніцаў і іншых — сведчаць умураваныя ў сцены касцёла ў памяць аб Паўночнай вайне гарматныя ядры.
Ва ўнутраным аздабленні храма варта звярнуць увагу на арган 1906 года рукі Войцэха Гадко, адзіны спраўны арган гэтага майстра ў Беларусі. Арган быў пабудаваны ў гонар 300-годдзя камайскага касцёла. Ёсць здагадка, што роспісы сценаў камайскага храма выкананы вядомым мастаком, удзельнікам паўстання 1863-1864 гг. Альфрэдам Ромэрам, народжаным побач у вёсцы Караліно. Так яно ці не, дакладна невядома, але абраз «Хрыстос і сірата» дакладна належыць руцэ майстра, Ромэр падараваў яго касцёлу неўзабаве перад спачынам.
Альфрэд Ромэр, Хрыстос і сірата
Фота: planetabelarus.by
2. Камаі, каменны крыж
Насупраць касцёла ў парку варта звярнуць увагу на ўнікальны помнік — каменны крыж, высечаны з ружовага гранітнага валуна. Вышыня крыжа два з паловай метры, шырыня гарызантальнай папярочкі больш за паўтары метры. Вертыкальная частка крыжа звужаецца дагары і мае форму трапецыі. Пасярод крыжа высечана ніша ў выглядзе трохкутніка, пад ёй на крыжы можна разгледзець чатыры шэрагі ледзь прыкметных знакаў. На тыльным баку і часткова на фасадзе крыжа можна пабачыць не расшыфраваныя да сёння надпісы пазнейшага паходжання лацінкай. Ёсць розныя меркаванні наконт таго, калі гэты крыж быў усталяванны побач з камайскім касцёлам. Найбольш верагоднай лічыцца, што крыж быў пастаўлены ў час будаўніцтва храма ў 1603-1606 гг.
Фота: planetabelarus.by
3. Лынтупы, сядзіба Бішэўскіх
Сёння ў Лынтупах варта звярнуць увагу на некалькі цікавых аб’ектаў. Першы з іх палац апошніх гаспадароў Лынтупаў шляхцічаў Бішэўскіх. Бішэўскія былі добрымі прадпрымальнікамі і, відавочна, эстэтамі. Юзаф Бішэўскі пабудаваў у Лынтупах неарэнесансны палац па праекце знакамітага архітэктара свайго часу Тадэвуша Раствароўскага, навокал разбіў пейзажны парк з рэдкімі раслінамі, капліцай, воднай сістэмай сажалак ды набярэжнай з граніту, упрыгожанай разнастайнымі скульптурамі.
Фота: vedaj.by
Па мясцовай легендзе палац Юзаф Бішэўскі пабудаваў у 1907 годзе для французскай акторкі, у якую закахаўся падчас адной з вандровак. Яна паабяцала пабрацца з Юзафам шлюбам, калі ён пабудуе для яе палац не горшы, чым у яе ў Францыі. Але скончылася гісторыя сумна, пабачыўшы палац, акторка сказала, што ў яе бацькі стайні прыгажэйшыя.
Фота: planetabelarus.by
4. Лынтупы, касцёл Святога Андрэя Баболі
Наступны аб’ект, на які раім звярнуць увагу ў Лынтупах, — неагатычны касцёл Св. Андрэя Баболі, збудаваны на сродкі Юзафа Бішэўскага ў 1908 — 1914 гг. паводле праекта віленскага архітэктара Тадэвуша Раствароўскага. На рынкавай плошчы насупраць касцёла калісьці размяшчалася сінагога, але яе знішчылі пасля ІІ Сусветнай вайны. Цікавы факт, што праваслаўнай царквы ў Лынтупах ніколі не было.
Фота: planetabelarus.by
Фота: planetabelarus.by
5. Лучай, касцёл Святога Юды Тадэвуша
Сёння архітэктурнай перлінай Лучая з’яўляецца касцёл Св. Юды Тадэвуша. Будаўніцтва храма пачалося ў 1766 годзе на сородкі Альжбэты Агінскай па праекце італьянскага архітэктара Карла Спампані, на той час выкладчыка архітэктуры ў Віленскім езуіцкім універсітэце. Касцёл размешчаны на адной з самых высокіх кропак мясцовасці, таму бачны здалёк.
Фота: planetabelarus.by
Лучайскі храм — адзін з апошніх помнікаў езуіцкага манументальнага дойлідства на сучаснай тэрыторыі Беларусі, узвядзенне якога было скончана непасрэдна перад скасаваннем ордэна. Храм унікальны яшчэ і тым, што стылістычна належыць да пераходнага кшталту будынкаў — нягледзячы на яшчэ шматлікія абарочныя рысы, у ім ужо дакладна прасочваюцца асаблівасці, характэрныя для іншгага архітэктурнага стылю — класіцызма.
Фота: planetabelarus.by
Велічнае вонкавае аблічча храма было праз пэўны час аздоблена выкшталцоным «аб’ёмным» фрэскавым роспісам інтэр’ера ў тэхніцы «грызайль», што імітуе скульптуру і элементы архітэктурнага дэкору. Аўтарства фрэскавага роспісу лучайскага храма належыць выбітнаму мастаку свайго часу Казіміру Асташэўскаму, які распісваў і Будслаўскі касцёл. Езуіты мелі фінансавыя магчымасці запрашаць да супрацы найлепшых майстроў. На жаль, палова аўтэнтычных роспісаў сёння зафарбавана сучаснымі, без знакамітага «3D-эфекту», які ўласцівы працам Анташэўскага.
6. Дунілавічы, касцёл Найсвяцейшай Тройцы
У Дунілавічах варта звярнуць увагу на касцёл, пабудаваны ў стылі віленскага барока ў 1769 — 1773 гг. пры кляштары манахаў-дамініканцаў, які існаваў у мястэчку з 1683 года. Дамініканцы падтрымалі паўстанне 1830-1831 гг., таму ўжо ў 1850 годзе ордэн быў скасаваны расійскімі ўладамі. Адпаведна і кляштар у Дунілавічх таксама.
Фота: planetabelarus.by
Фундатарка кляштара Альжбэта Белазор падарыла яму цудадзейны абраз Маці Божай Ларэтанскай, які можна пабачыць у касцёле і сёння. Дамініканцы будавалі свае храмы толькі ў буйных гарадах, а Дунілавічы былі маленькім мястэчкам, але сталіся выключэннем менавіта для захавання гэтага абраза. Пад абраз быў збудаваны і ўнікальны для Беларусі двухузроўневы («ларэтанскі») алтар, які сімвалізуе жытло Дзевы Марыі. Адпаведна легендзе анёлы перанеслі дом Марыі з Палестыны ў Італію ў горад Ларэта, выратаваўшы ад разбурэння. Маці Божая Ларэтанская лічыцца заступніцай усіх, чыё жыццё звязанае з перамяшчэннямі ў паветры.
Фота: planetabelarus.by
7. Асінагарадок, Свята-пакроўская царква
Далей прапануем наведаць вёску Асінагарадок. Тут, на колішнім гарадзішчы жалезнага веку ўзвышаецца Свята-Пакроўская царква — помнік драўлянага дойлідства 1856 года пабудовы. Вядома, што першая царква, фундаваная Радзівілам Сіроткам, тут узгадваецца ў 1613 годзе. Сучасная царква пабудаваная на сродкі князя Ануфрыя Друцкага-Любецкага і моцна перабудаваная ў пачатку ХХ стагоддзя архітэктарам Струевым. Унутры варта звярнуць увагу на іканастас ХІХ стагоддзя. Некаторыя іконы там датуюцца адно ХVIII стагоддзем, такія як «Маці Божая з дзіцём» і «Апостал Пётр». Вельмі нетыпова выглядае званіца побач з храмам. Адметная яна сваім высокім каменным ніжнім ярусам. Верхняя частка званіцы драўляная, мае складаную кампазіцыю, выкананую ў стылі мадэрн.
Фота: planetabelarus.by
Фота: planetabelarus.by
А з тым, што паглядзець у самім раённым цэнтры, горадзе Паставы можна азнаёміцца тут.
Вандруйце разам з «Будзьма!». ПЖ