Сёння вандруем з «Будзьмай» у паўночна-заходнім кірунку, на колішнюю Віленшчыну, сёння Віцебшчыну, у раённы цэнтр, што размяшчаецца на рацэ Мядзелцы, — Паставы.
Як дабрацца
З Мінска да Паставаў каля 165 км. Праз Паставы праходзіць чыгунка, пракладзеная ў канцы ХІХ стагоддзя да Свянцянаў (цяпер Літва). Сёння цягнікі праз Паставы ідуць нячаста, прамых цягнікоў з Мінска сюды ўвогуле няма, толькі з перасадкай у Глыбокім ці Круляўшчызне. Таму зручней за ўсё дабірацца на ўласным аўто ці маршруткай. Але пра білеты, асабліва ў выходныя дні, лепей парупіцца загадзя. Хапае не ўсім, таму тут распаўсюджаная практыка пошуку спадарожнікаў праз дастаткова жывую суполку ў «ВК».
Што паглядзець
Паселішча вядомае з ХV стагоддзя як прыватнае ўладанне, якое неаднаразова змяняла ўласніка. Першым ўласнікам в. Пасаднік, пазней мястэчка Паставы, у 1409 годзе стаў Зіновій Бартошыч з надання Вітаўта. Паставы як Паставы першы раз згадваюцца ў пісьмовых крыніцах з 1581 года. Пасля мястэчка перайшло да Зяновічаў. У 70-я гады ХVIІІ стагоддзя мястэчкам валодаў род Тызенгаўзаў, які і пачаў тут шматлікія рэформы і маштабнае будаўніцтва. Антоній Тызенгаўз — тагачасны падскарбій ВКЛ, сённяшняй мовай — міністр фінансаў, захаваў ранейшую радыяльную планіроўку мястэчка. І да сёння можна заўважыць, як галоўныя вуліцы горада ад колішняй рынкавай плошчы разыходзяцца ў кожным з кірункаў свету.
Тызенгаўз пачаў тут свой гаспадарчы эксперымент па развіцці мануфактурнай вытворчасці, такі ж, як у Горадні. На свае сродкі запусціў у Паставах паясную фабрыку, ткацкую, збудаваў 9 мураваных дамоў для рамеснікаў, аўстэрыю, 3 заезджыя дамы, дом лекара, будынак адміністрацыі, суда.
На што паглядзець акрамя замчышча? Гайд па Наваградку ад «Будзьмы»
Эксперымент Тызенгаўза праваліўся, прадпрыемствы заняпалі, але архітэктурны ансамбль гістарычнага цэнтра Паставаў часткова захаваўся. З тагачасных будынкаў тут варта звярнуць увагу на ацалелы заезны дом, дзе сёння размяшчаецца краязнаўчы музей, былы дом лекара, дзе сёння аптэка, некалькі дамоў рамеснікаў, якія можна пазнаць па характэрных барочных фасадах.
ШЧУ-ЧЫН-ШЧЫ-НА: Вандроўка па знакамітым краі
У фасадах цэнтральнай пастаўскай забудовы можна часткова пазнаць адзін з гістарычных раёнаў Горадні, так званую Гарадніцу. Будынкі праектаваў той жа Джузэпэ дэ Сака па запрашэнні Антонія Тызенгаўза.
Яшчэ адной перлінай Паставаў з’яўляецца палац Тызенгаўзаў, размешчаны сёння па вуліцы Савецкай, мо з кіламетр ад цэнтральнага пляца. Пачынаў будаваць палац яшчэ Антоній Тызенгаўз у стылі барока, завяршаў калонамі ў стылі класіцызму ўжо Канстанцін Тызенгаўз — стрыечны ўнук Антонія, знакаміты навуковец-заолаг, заснавальнік беларускай арніталогіі.
Будынак захаваўся ў добрым стане, бо яшчэ з савецкіх часоў тут месціцца лякарня. Цалкам арыгінальнымі засталіся падвалы. Раней у іх жылі служкі, садоўнікі, кухары, кавалі, пазней была таксідэрмічная майстэрня Канстанціна Тызенгаўза. Сёння тут працуе музей, прысвечаны знакамітаму арнітолагу.
Што паглядзець у Глыбокім? Згушчонка, барока, радзіма Ластоўскага
Сімвалам Паставаў, пазнавальным на ўсіх выявах, з’яўляецца неагатычны касцёл Святога Антонія Падуанскага 1904 года пабудовы. Ён узведзены на падмурках колішняга францысканскага касцёла, які вядомы з 1640 года. У Першую сусветную вайну касцёл моцна пацярпеў, страціўшы арыгінальны арган, амбон. Адноўлены ў 1920 годзе. Тут традыцыйна праводзяцца фестывалі арганнай музыкі.
Была тут і сінагога пачатку ХХ стагоддзя пабудовы. Цяпер яна знаходзіцца ў прыватнай уласнасці, таму памянялася да непазнавальнасці. Першапачаткова была збудаваная з чырвонай цэглы.
У 1894 годзе на месцы колішняга драўлянага грэка-каталіцкага храма тут з’явілася праваслаўная царква Святога Мікалая, збудаваная ў стылі расійскай эклектыкі.
Варта звярнуць увагу на вадзяны млын у стылі класіцызму сярэдзіны ХІХ стагоддзя пабудовы на беразе Мядзелкі. Цяпер тут музей рамёстваў.
У Паставах засталося вельмі шмат жылых будынкаў пачатку ХХ стагоддзя. Іх можна пазнаць па характэрнай чырвонай цэгле, якую выкарыстоўвалі ў якасці будаўнічага матэрыялу.
Пра міжваенны перыяд тут нагадваюць будынкі ў стылі функцыяналізму па вуліцы Станкевіча, збудаваныя для ўланаў войска польскага, раскватараваных у Паставах у 1930-я гады. А адміністрацыя месцілася ў будынку, дзе сёння гатэль «Паставы».
Дзе паесці
Да пандэміі ў Паставах не было з гэтым праблем. Але цяпер (люты 2021-га) многія месцы закрыліся, нехта скараціў гадзіны працы. На цэнтральнай плошчы ёсць дзяржаўная рэстарацыя і кавярня «Світанак». Там можна пакаштаваць беларускай кухні. Але ў выходныя тут карпаратывы ці проста бывае зачынена, таму складана прадказаць, як будзе працаваць «Світанак».
Аматарам піцы і смачнай кавы варта наведаць Coffe Room на Ленінскай, 5/2. Дыпламаваныя барыста тут прапануюць каву, піцу і дэсерты (круасаны выпякаюць на месцы). Працуе дастаўка па горадзе. Супрацоўнікі рупяцца і пра братоў нашых меншых. На ганку абсталявалі месца, дзе жывёлкі могуць падсілкавацца і схавацца ад непагадзі.
Аматарам гістарычнай атмасферы варта завітаць у палац Тызенгаўза на каву, там у сезон працуе кавярня. Але пандэмія ўнесла свае карэктывы, і на дадзены момант там каранцін.
Аматары сушы могуць пахарчавацца ў рэстарацыі СушыWOK на Чырвонаармейскай.
Найстаражытнейшы горад Панямоння. Вандруем у Слонім!
Ёсць у Паставах і пабрацім мінскай Кастрычніцкай — вуліца 17 верасня. На ёй знаходзяцца 2 мясцовыя бары. Пасля 18 гадзіны адчыняецца бар «Хата», дзе, паводле аповедаў мясцовых, звычайна тусіць моладзь.
Для аматараў начнога жыцця яшчэ ёсць Yula Pub. На выходных у перыяд навучальнага года тут нешматлюдна, але ўлетку людзей нашмат больш. Насельніцтва Паставаў — каля 20 000 чалавек.
Дзе спыніцца
У Паставах 2 гатэлі, дзе можна заначаваць.
Тыя, хто настальгуе па савецкім сэрвісе могуць спыніцца ў цэнтры па вуліцы Савецкай, 63 у дзяржаўным гатэлі. Нумары ад 1 да 4-месных. Цэны пачынаюцца ад 23 BYN за аднамесны нумар.
Больш сучасны па атмасферы гатэль знаходзіцца за 4 км ад цэнтра Паставаў па вуліцы Азёрная, 28а і належыць мясцоваму прадпрыемству ПМЦ (ад цэнтра да яе можна даехаць на аўтобусе).
У гатэлі ёсць бар і стаўка. Нумары — ад 25 BYN за аднамесны. Побач лес і возера Задзеўскае.
Пастаўшчына — азёрны край, у ваколіцах Паставаў процьма ўтульных аграсядзібаў. Выбар разнастайны, цэны за 2-месную хатку пачынаюцца ад 130 BYN, тут букінг у дапамогу.
Куды схадзіць
Пастаўскі краязнаўчы музей
Агляд экспазіцыі музея варта пачаць з самога будынка, узведзенага ў канцы ХVIII стагоддзя. Музей тут адкрыўся ў 1974 годзе і пачынаўся з калекцыі Мікалая Дзмітрыевіча Лукічова, мясцовага настаўніка гісторыі.
Музей займае 2 паверхі, падзяляецца на некалькі залаў, прысвечаных розным гістарычным перыядам і адметным асобам, чый лёс быў так ці інакш звязаны з Пастаўшчынай: А. Ромэр, К. Сваяк, А. Гурыновіч.
Варта звярнуць увагу на археалагічную экспазіцыю. Тут пабачым каменныя прылады працы, жалезныя нажы і сякеры, фрагменты керамікі.
Ёсць тут і косткі маманта, знойдзеныя пад Лынтупамі на Пастаўшчыне. Варта звярнуць увагу на калекцыю ўпрыгожанняў і прадметаў побыту ХІ стагоддзя, знойдзеных таксама пад Лынтупамі.
У 1990-я ў гістарычным цэнтры Паставаў праводзіліся археалагічныя раскопкі, у працэсе якіх былі выяўленыя шматлікія знаходкі XVII — XVIII стагоддзяў: фрагменты керамічнага і шклянога посуду, кафлі, побытавыя прадметы.
Там жа знойдзеная і гліняная цацка-свістулька ў выглядзе вершніка.
Ёсць стэнды, прысвечаныя рэлігійным канфесіям, што дзейнічалі на Пастаўшчыне ў розныя перыяды, з прыкладамі арыгінальных убранняў, кніг, прадметаў побыту.
Сам будынак палаца закладзены Антоніем Тызенгаўзам ў 1780-я гады. Побач з палацам быў разбіты парк у французскім стылі з дакладна спланаванымі геаметрычнымі сцежкамі, планіроўкай прысадаў, які пазней быў заменены на больш папулярны на той час так званы пейзажны парк ў ангельскім стылі, дзе дрэвы імітавалі натуральны прыродны ландшафт.
Да нашага часу прысядзібны парк, на жаль, не захаваўся. Але цалкам захаваліся падвальныя памяшканні, дзе і размяшчаецца філіял Пастаўскага краязнаўчага музея.
У гэтай частцы музея прадстаўленыя 3 гістарычныя перыяды. Некалькі залаў прысвечаныя Першай сусветнай вайне, бо праз Пастаўшчыну праходзіла лінія фронту.
Ёсць экспазіцыя, прысвечаная дзейнасці ў Паставах Пецярбургскай афіцэрскай кавалерыйскай школы1900—1914 гг. Самы ўнікальны экспанат тут — габелен «Віленскі лес» ручной працы.
У іншых залах можна пазнаёміцца з дзейнасцю заснавальніка беларускай арніталогіі Канстанціна Тызенгаўза, які працаваў у гэтым палацы, пісаў свае кнігі, стварыў таксідэрмічную майстэрню.
Апроч таго, што з’яўляўся выбітным навукоўцам, Канстанцін быў яшчэ і актыўным грамадзянінам. У 1812 годзе ён, паверыўшы ў магчымасць аднаўлення ВКЛ, змагаўся на баку Напалеона супраць Расійскай імперыі, стварыў уласны полк.
Атрымаўшы амністыю ў 1814 годзе, ён вярнуўся ў свой маёнтак. Калі выбухнула паўстанне 1830–1831 гг, Тызенгаўз падтрымліваў інсургентаў матэрыяльна.
Пасля паразы паўстання яму пашчасціла пазбегнуць канфіскацыі, і ён застаўся працаваць у сваім маёнтку. Ездзіў па ўсёй былой тэрыторыі ВКЛ, збіраў вялізную калекцыю птушыных яек, вывучаў птушак. Канстанцін Тызенгаўз напісаў больш за 20 навуковых працаў.
Дом рамёстваў «Стары млын»
У двухпавярховым будынку сярэдзіны ХІХ стагоддзя на беразе Мядзелкі, дзе раней быў вадзяны млын, месціцца музей рамёстваў.
Тут працуе шмат майстэрняў, дзе майстры адраджаюць мясцовыя рамёствы: саломапляценне, ганчарства, ткацтва. Тут як мясцовыя, так і турысты могуць пераўвасобіцца ў ганчара, шаўца, разьбяра і стварыць нешта ўласнаручна.
У сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй ткацкі гурток прыпыніў сваю дзейнасць, быў адменены штогадовы фестываль «Звіняць цымбалы і гармонік». Супрацоўнікі і наведнікі дома рамёстваў вельмі спадзяюцца на аднаўленне гарадскіх культурніцкіх актыўнасцяў у 2021 годзе.
Што прывезці
З музея рамёстваў варта прывезці сувенір, зроблены рукамі ці мясцовых майстроў ці ўласнымі.
Яшчэ мясцовыя раяць на штогадовым фестывалі «Звіняць цымбалы і гармонік» прыдбаць лынтупскіх пернікаў, гісторыя якіх пачынаецца ажно з 1440 года. Пернікі бываюць светлымі і цёмнымі. Светлыя — больш салодкія, цёмныя — з больш яскравым смакам спецыяў. Кожны можа абраць для сябе свой бок сілы.
Вандруйма разам, гэта натхняе нават у самы змрочны час.
ПЖ, Budzma.by