Падарожнікаў, што завітаюць на Полаччыну, чакае шмат цікавага. Каб нічога не прапусціць, сабралі для вас сем найбольш цікавых для турыстаў аб’ектаў Полацкага раёна.
Фота: planetabelarus.by
1. Беларускі Стоўнхэндж (Скопішча валуноў «Янава»).
У ваколіцах вёскі Бікульнічы на беразе возера Янова знаходзіцца цікавы помнік рэспубліканскага значэння — скопішча валуноў «Янава», які, меркавана, узнік тут 4–5 тыс. год таму. Помнік уяўляе з сябе 3 групы гранітных і гнейсавых камянёў ружовага і чырвонага колераў, выкладзеных у форме літары «П», якая сваім адкрытым бокам скіраваная ў бок узгорка пад назвай Валатоўка. На ўзгорку, у баку ад асноўнага скопішча камянёў, за метраў дзвесце ад вады месціцца асобны камень, на якім можна разгледзець стрэлку ў кірунку той жа Валатоўкі.
Фота: planetabelarus.by
Некаторыя даследчыкі мяркуюць, што гэтае скопішча валуноў некалі выконвала ролю капішча, іншыя прытрымліваюцца меркавання, што гэта — старажытная абсерваторыя, з мэтай вызначэння даты святкавання летняга сонцастаяння ці Купалля. Апошнія даследаванні сведчаць усё ж пра тое, што ў перыяд летняга сонцастаяння сонца не сядае за Валатоўкай. Эмпірычна было вызначана, што комплекс валуноў можа паказваць на ўзыход сонца над гарой Гарадзец у дні апошняй дэкады траўня, што можа быць звязана не проста з вызначэннем даты дня летняга сонцастаяння, але і з пачаткам больш шырокага летняга святочнага перыяду, які ў народным календары прадстаўлены Сёмухай і Купаллем.
Фота: planetabelarus.by
2. Калектыўная (Муміна), Свята-Мікалаеўская царква
У XVII–XVIII стагоддзях паселішча, якое месцілася на тэрыторыі сучаснай вёскі Калектыўная, мела назву Муміна і належала Полацкаму Богаяўленскаму праваслаўнаму кляштару, як і ўсе землі вакол мясцовага возера Ропна. Тут, на беразе возера, на ўзгорку ў 1790 годзе была ўзведзена мураваная царква ў стылі барока замест колішняй драўлянай. Храм рэканструяваўся ў другой палове ХІХ стагоддзя і ў такім выглядзе захаваўся да нашых дзён.
Фота: planetabelarus.by
Ёсць меркаванне, што да праекта Свята-Мікалаеўскай царквы мае дачыненне італійскі архітэктар Джакома Кварнэгі, які быў архітэктарам большасці тагачасных будынкаў Богаяўленскага кляштара ў Полацку. Вядома, што да царквы ў Муміна з Полацка ладзіліся хросныя хады з найбольш шанаваным мясцовым абразам Іверскай Божай маці, які захоўваўся тады ў Богаяўленскім манастыры. На мясцовых могілках побач з царквой хавалі архімандрыдаў і іншае духавенства, да нядаўняга часу тут захоўваліся надмагіллі ХІХ стагоддзя, але пасля таго, як пачалося аднаўленне царквы, пахаванні былі моцна пашкоджаныя, а некаторыя ўвогуле зніклі.
Фота: budzma.org
3. Бяздзедавічы, сядзіба Корсакаў
Наступным прыпынкам на Полаччыне прапануем зрабіць вёску Бяздзедавічы, а дакладней Бяздзедавічы-2. Тут у добрым стане захавалася сядзіба роду Корсакаў, гаспадарчыя пабудовы пры ёй і рэшткі пейзажнага парку.
Фота: planetabelarus.by
Размяшчаецца сядзіба на маляўнічым узгорку, яе можна пабачыць нават з дарогі. Будынак быў узведзены на пачатку ХХ стагоддзя тагачасным гаспадаром маёнтка Аляксандрам Аляксандравічам Рымскім-Корсакавым у стылі класіцызм. На сённяшні дзень сядзіба захавалася ў сваім першапачатковым выглядзе — гэта двухпавярховы кубападобны будынак, фасады якога ўпрыгожаны нешматлікімі дэкаратыўнымі элементамі. На першым паверсе размяшчаліся парадныя пакоі разнастайнага прызначэння, на другім — жылыя пакоі гаспадароў.
Фота: budzma.org
З паўднёвага боку ад сядзібы месціўся пейзажны парк, які складаўся пераважна з таполяў ды ліпаў, у ім была ўпарадкавана сістэма сажалак і каналаў, якія сёння захаваліся толькі часткова. Варта звярнуць увагу тут і на шматлікія гаспадарчыя пабудовы, складзеныя ў асноўным з чырвонай цэглы з выкарыстаннем элементаў неаготыкі.
Чытайце па тэме: У Полацк — на выхадныя: што паглядзець у самым старажытным беларускім горадзе
4. Бяздзедавічы, капліца-пахавальня Корсакаў
Трохі паводдаль ад сядзібы, на мясцовых могілках, размяшчаецца капліца-пахавальня роду Корсакаў, якую таксама варта наведаць. Будынак быў узведзены з бутавага каменю ў 1910 годзе ў неарускім стылі. Да 1990-х гадоў капліца знаходзілася ў напаўзруйнаваным стане, адмысловы іканастас у стылі неаракако быў разбіты, крыпта з парэшткамі колішніх уладальнікаў разрабаваная. Толькі напрыканцы мінулага стагоддзя будынак адрэстаўравалі, сёння таксама там працягваюцца будаўнічыя працы.
Фота: budzma.org
5. Быкаўшчына, сядзіба Козел-Паклеўскіх
Сядзіба, якую мы можам пабачыць сёння ў вёсцы Быкаўшчына, была збудавана ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя ў стылі позняга класіцызму. Архітэктурны ансамбль уключаў, апроч самога сядзібнага дома, флігель, жылыя дамы, капліцу-пахавальню, гаспадарчыя пабудовы: стайні, пякарню, амбар, кузню, карэтную, лядоўню. Побач з ёй быў закладзены парк з ліпавымі прысадамі і выкшталцонай воднай сітэмай, сажалкамі, каналамі і арачнымі масткамі праз іх.
Фота: planetabelarus.by
Апроч сямога будынка сядзібы, да нашых дзён захаваліся разнастайныя гаспадарчыя пабудовы. Апошнім уладальнікам маёнтка быў Вікенцій Козел-Паклеўскі, які пакінуў родныя мясціны падчас савецка-польскай вайны. З прыйсцем савецкай улады сядзібу рэквізавалі, у 1924 годзе тут быў размешчаны дзіцячы дом, які пасля Другой сусветнай вайны быў ператвораны ў Ветрынскую школу-інтэрнат. Сёння будынак сядзібы выкарыстоўваецца ў якасці шматкватэрнага жылога дома. У 2003 годзе сядзіба была ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны рэгіянальнага значэння.
Чытайце па тэме: Самыя цікавыя азёры Полацкага раёна
Фота: planetabelarus.by
6. Варонічы, гарадзішча
Першы ўспамін пра Варонічы, на той час Варонеч, датуецца 1552 годам, на той час вёска знаходзілася ў валоданні царквы. Вядома, што ў ХVI стагоддзі на ўзгорку ля ракі Ушача існавала старажытнае ўмацаванае паселішча, дзе Жыгімонт Аўгуст падчас Інфлянцкай вайны ў 1566 годзе загадаў збудаваць драўляны абарончы замак, бо Варонічы сталі адным з фарпостаў абароны тагачаснай Літвы. Замак праіснаваў усяго стагоддзе і быў зруйнаваны. Да нашых дзён у Варонічах захавалася гарадзішча, дасюль месцічы называюць яго «замак». Гэты помнік падзелены на тры часткі: усходнюю, заходнюю і паўднёвую, якія аддзеленыя адна ад адной ровам.
Фота: planetabelarus.by
7. Блізніца, сядзіба Лісоўскіх
За родам Лісоўскіх у колішнім маёнтку Варонічы, сёння ў Блізніцы, напрыканцы ХІХ стагоддзя была пабудавана велічная сядзіба — двухпавярховы будынак, які мы можам пабачыць і сёння. У палацы было шмат пакояў са старасвецкай мэбляй, бібліятэка, якая змяшчала шмат каштоўных выданняў, калекцыя мастацкіх твораў, збор каштоўнага посуду. У маёнтку была добра наладжана гаспадарка: працавалі вінакурня, сыраплавільны завод. Перад рэвалюцыяй 1917 года маёнтак Лісоўскіх набыў Аляксандр Рымскі-Корсакаў, а за савецкім часам ён быў ушчэнт разрабаваны. У часы Другой сусветнай вайны ў будынку сядзібы месціўся шпіталь, пасля інтэрнат для інвалідаў вайны, які працаваў да 1980-х.
Фота: planetabelarus.by
Пасля аднаўлення будынка тут размясцілася дзіцячая музычная школа. Сёння сядзіба знаходзіцца ў добрым стане, але рамонт з выкарыстаннем сучасных будаўнічых матэрыялаў моцна змяніў яе першапачатковы выгляд. Зараз тут функцыянуюць дом культуры, бібліятэка, музей і мастацкая школа. Захаваліся і некалькі гаспадарчых пабудоваў, сажалка, рэшткі парку.
Фота: planetabelarus.by
ПЖ, budzma.org