7 цудаў Шаркаўшчыны: гайд ад «Будзьма!»

Лета мінула, але і ўвосень вандроўкі не губляюць сваёй актуальнасці, зараз у іх прыўносіцца асаблівая рамантычнасць атмасферы краявідаў, стану прыроды. Кожны, хто здольны адчуваць, абавязкова знойдзе нешта сваё. Варта рушыць, каб зразумець. Падарожнікаў, што завітаюць на Шаркаўшчыну, чакае шмат цікавага. Каб не разгубіцца ды нічога не прапусціць, сабралі для вас сем найбольш вартых увагі аб’ектаў Шаркаўшчынскага раёна.


1.jpg
Фота: planetabelarus.by

1. Вёска Гарадзец, капліца

Насупраць гарадзішча на ўсходняй ускраіне вёскі Гарадзец варта звярнуць увагу на даволі высокі насып. Паводле мясцовага падання, гэта курган, насыпаны вельмі даўно пасля нейкай вялікай бітвы. Так яно ці не, хто ўзгадае, але вядома, што гэтае месца жыхары ўшаноўвалі здаўна, а напрыканцы ХVІІІ стагоддзя тагачасны ўладальнік мястэчка Антоній Жаба фундаваў тут будаўніцтва капліцы з фігурай Хрыста пад крыжам, якую мы можам пабачыць і сёння. Капліца складзеная з цэглы на падмурку з бутавага каменю, змяшчае ў сабе рысы позняга барока і класіцызму.

2.jpg
Фота: planetabelarus.by

2. Вёска Гарадзец, сядзібна-паркавы ансамбль Жабаў-Плятэраў

Кашталян полацкі, сын Антонія Жабы Валяр’ян Жаба напрыканцы ХVIII стагоддзя закладае ў Гарадцы палацава-паркавы ансамбль, які часткова захаваўся і па сёння. Тут можна пабачыць уласна будынак сядзібы Жабаў, перабудаваны ў стылі класіцызм, частку прысядзібнага пейзажнага парку, уезную браму, кузню, стайню, будынак колішняга лютэранскага малітоўнага дома, які датуецца ХІХ стагоддзем.

3.jpg
Фота: planetabelarus.by

4.jpg
   Фота: budzma.org

Чытайце па тэме: 7 цудаў Глыбоччыны: гайд ад «Будзьма!»

Наступнымі пасля Жабаў гаспадарамі палаца ў Гарадцы быў род Плятэраў, які атрымаў Гарадзец у якасці пасагу праз шлюб Апалінарыі Жабы і Казіміра Плятэра. Адбылося гэта ў першай палове ХІХ стагоддзя.

5.jpg
   Фота: budzma.org

6.jpg
Фота: planetabelarus.by

3. Вёска Лужкі, касцёл Св. Арханёла Міхаіла пры колішнім калегіуме піяраў

Ужо вядомы нам з суседняга Гарадца на Мнюце Валяр’ян Жаба ў 1741 годзе запрасіў у Лужкі ордэн піяраў, статут якога абвяшчаў асноўнай мэтай дзейнасці развіццё навукі праз адукацыйю і выхаванне моладзі. Для мэтаў ордэна жонкай Валяр’яна было выдаткавана 1000 злотых на патрэбы пабудаванага ў 1744 годзе калегіума піяраў у Лужках, які ў гонар фундатара называўся Валяр’янаўскім. Калегіум на працягу доўгіх гадоў быў асноўным месцам асветы ўсёй навакольнай моладзі.

7.jpg
Фота: planetabelarus.by

Ля калегіума ў 1756 годзе быў узведзены храм Арханёла Міхаіла ў стылі віленскага барока. Храм мае сваю цікавостку — ягоныя вежы нібы вынесеныя наперад, ад чаго ствараецца ілюзія, нібы храм з фасада мае форму паўкола. У 1831 годзе Лужкі сталі цэнтрам шляхецкага паўстання ў Дзісенскім павеце. Менавіта тут 13 красавіка 1831 года ўдзельнікамі паўстання з мясцовай шляхты быў падпісаны акт канфедэрацыі аб супольнай барацьбе супраць царскай Расіі ды аднаўленні Рэчы Паспалітай у межах 1772 года. А мясцовым ксяндзом-піярам Адамам Татурам у касцёле Арханёла Міхаіла было праведзена набажэнства, дзе маліліся за ўсіх паўстанцаў.

8.jpg
Фота: planetabelarus.by

Пасля паразы паўстання кіраўнік Лужкоўскага паўстанцкага камітэта Валенцій Брахоцкі і ксёндз Адам Татур былі расстраляныя, а калегіум піяраў зліквідаваны ды зруйнаваны. Замест яго адчынілі царкоўна-прыходскую школу, узровень адукацыі ў якой, вядома, быў не параўнальны з еўрапейскім, які быў тут за піярамі.

9.jpg
 Фота: vedaj.by

4. Вёска Лужкі, вадзяны млын

Варта прайсціся ўніз па Млыновай да ракі Мнюта, дзе захаваўся помнік прамысловай архітэктуры канца ХІХ стагоддзя — вадзяны млын. У 1912 годзе над ім надбудавалі яшчэ два паверхі. Тут выраблялі муку розных гатункаў, манку, часалі сукно, з якога выраблялі вопратку, а на ніжэйшым паверсе млына працавала гідраэлектрастанцыя, якая забяспечвала ўсе Лужкі электраэнергіяй. Млын спынілі выкарыстоўваць толькі ў 2000-я гады.

10.jpg
Фота: planetabelarus.by

5. Вёска Лужкі, крушні сінагогі

Лужкі — прыклад тыповага беларускага мястэчка, дзе побач размяшчаліся і касцёл, і царква, і сінагога. Крушні колішняй юдэйскай сінагогі можна пабачыць у цэнтры Лужкоў. Сінагога была пабудаваная тут у сярэдзіне ХІХ стагоддзя з цэглы ды бутавага каменю на высокім схіле ракі Мнюта. Пры сінагозе да 1930-х гадоў дзейнічала пачатковая яўрэйская рэлігійная школа — хедэр. У гэтым хедэры і вучыўся Эліэзэр Бэн-Ягуда — адраджальнік мовы іўрыт, на якой размаўляе сёння ўся краіна Ізраіль. Але да ХХ стагоддзя іўрыт гучаў толькі на малітвах у сінагозе, а раскіданыя па свеце яўрэі размаўлялі ў штодзённым жыцці на розных варыянтах мовы ідыш.

11.jpg
Фота: planetabelarus.by

Але Эліэзэр-Іцхак Пэрэльман, які ўзяў псеўданім Бэн-Ягуда, прысвяціў усё сваё жыццё вяртанню іўрыту ў побытавы ўжытак, каб зрабіць яго размоўнай мовай адроджанай яўрэйскай дзяржавы. І ў яго атрымалася. Памёр ураджэнец Лужкоў Бэн-Ягуда ў Іерусаліме ў 1922 годзе, дзе адна з цэнтральных вуліцаў мае ягонае імя.

12.jpg
 Фота: planetabelarus.by

6. Вёска Германавічы, касцёл Перамянення Гасподняга

У 1787 годзе Ігнат Шырын фундаваў будаўніцтва касцёла ў стылі віленскага барока на беразе ракі Дзісна, ля якога ў 1796 годзе ён і быў пахаваны. У 1918 годзе ксяндзом у храме служыў Міхал Буклярэвіч, які вельмі шмат зрабіў для беларусізацыі касцёла: перакладаў літургічныя тэксты, праводзіў казані па-беларуску.

13.jpg

Фота: planetabelarus.by

14.jpg
 Фота: planetabelarus.by

Храм быў зачынены пасля Другой сусветнай вайны ды ператвораны савецкай уладай у зернясховішча. Касцёл Перамянення Пана вярнуўся да вернікаў у 1989 годзе.

15.jpg
Фота: budzma.org

7. Вёска Германавічы, палац Шырынаў

Насупраць касцёла, на іншым беразе Дзісны, Ігнат Шырын распачаў будаўніцтва сядзібы роду Шырынаў, але дабудаваць да смерці не паспеў — сканчвалі ўзвядзенне палаца ўжо ягоныя сыны. Палац Шырынаў добра захаваўся з канца ХVІІІ стагоддзя па сёння. Сядзіба была ўзведзена ў стылі класіцызм, ад яе да Дзісны спускаўся пейзажны парк, рэшткі якога можам пабачыць і сёння. Месцічы распавядаюць, што ад палаца да касцёла існаваў падземны ход. Сутарэнні нібыта былі пракладзены ажно пад Дзісной, але праз будаўніцтва моста былі затопленыя.

16.jpg
Фота: planetabelarus.by

17.jpg
Фота: planetabelarus.by

Сёння ў сядзібе Шырынаў месціцца Германавіцкі музей культуры і побыту імя Язэпа Драздовіча. У музеі захоўваецца шмат твораў Драздовіча, можна пабачыць нават калекцыю падарожных кійкоў вандроўнага мастака, кожны з якіх сапраўдны твор мастацтва. Нават космас бачыўся Драздовічу беларускім, мастак выяўляў яго на сваіх карцінах, дзе сатурніянскія краявіды вельмі нагадваюць родную Дзісеншчыну, у штучным моры можна пазнаць Беларускае Паазер’е, у тварах сатурніянцаў чытаюцца тыпажы мясцовых жыхароў. А на мясцовых могілках можна пабачыць надмагільны помнік, зроблены Язэпам Нарцызавічам на месцы пахавання сваёй маці.

18.jpg
Фота: budzma.org

19.jpg
    Фота: budzma.org

Вандруйце разам з «Будзьма!». 

ПЖ, budzma.org