Ларыса Раманава прадставіла новую кнігу

17 красавіка ў дзіцячай бібліятэцы №5 г. Мінска адбылася прэзентацыя кнігі паэзіі “Святая вада” Ларысы Раманавай.

Святая вада,
святая заўсёды:
святая светлай раніцай,
святая ў абеды,
святая апоўначы,
найпершае “хачу”… – радок з верша Ларысы Раманавай стаўся назвай яе кнігі.

У Беларусі існуе каля 50 азёр з назвай “Святое”. Гэта – не выпадковасць: ваду, асабліва крынічную, азёрную беларусы заўсёды ўшаноўвалі.

DSCI1781

Бібліятэкары Сістэмы дзіцячых бібліятэк г. Мінска, Навукова-педагагічнай бібліятэкі, Нацыянальнай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь с цікавасцю пазнаёміліся з мультмедыйнай прэзентацыяй “Ключы – як чалавек…” (Традыцыйныя ўяўленні жыхароў Веткаўшчыны аб вадзе, крыніцах), пакаштавалі вады, набранай з крыніцы, што знаходзіцца каля в. Шарсцін Веткаўскага раёна. У гэтай вёсцы з 1862 па 1876 год (14 гадоў) служыў у царкве Нараджэння Багародзіцы Іаан Кармянскі – святы зямлі Беларускай.

Жыхары Веткаўскага раёна памятаюць легенды пра Сіні калодзеж – знакамітую крыніцу, якая знаходзіцца ў Слаўгарадскім раёне на Магілёўшчыне. Яе першае апісанне зрабіў беларускі этнограф Еўдакім Раманавіч Раманаў (1855-1922 гг). “Радзіміч” – такі псеўданім абраў ён для сябе. Паводле легендаў, племя радзімічаў было ахрышчана менавіта ў Сінім Калодзежы.

Побач з гэтай крыніцай у нашы дні пабудавана царква, дзе праводзяцца малебны 14 жніўня на праваслаўнае свята Макавея, прысвечанае памяці святых мучанікаў братоў Макавеяў. У гэты дзень каля Сіняга калодзежа збіраецца каля 20 тысяч паломнікаў.
У прэзентацыі кнігі “Святая вада” прымалі ўдзел паэты Галіна Дубянецкая і Святлана Раманава. Гучалі вершы, цікавыя аповеды аб крыніцах. Удзельнікі сустрэчы атрымалі падарункі ад кампаніі “Будзьма беларусамі”, у межах якой ладзілася прэзентацыя.

SAM_5523

Тэгі: