8 серыялаў па правы жанчын, якія варта паглядзець

02.02.2024 Кіно

Ідэі аб гендарнай роўнасці пачалі з’яўляцца ў кіно яшчэ ў 1970-х гадах, але заўважнай гэтая тэндэнцыя стала толькі ў апошняе дзесяцігоддзе. У сучасным масавым кінематографе ўсё часцей уздымаюцца пытанні правоў жанчын і асвятляюцца розныя аспекты жаночага досведу, такія як барацьба за прафесійнае прызнанне, свабоду і справядлівасць. Budzma.org падрыхтавалa спіс серыялаў, якія яскрава ілюструюць гэтыя тэмы.


«Аповед Служанкі» (The Handmaid’s Tale) 

Рэжысёр: Майк Баркер 
Жанр: трылер, антыўтопія, драма 

The Handmaid’s Tale.jpg
Кадр з серыяла «Аповед Служанкі»

Галоўная гераіня, Джун Осбарн (Элізабэт Мос), аказваецца закладніцай у выдуманай краіне Галаад, якая ўтварылася на тэрыторыі сучаснай Паўночнай Амерыкі. З-за экалагічных праблем жанчынам стала складана зацяжарыць, і тых, хто здольны вынасіць і нарадзіць дзіця, сілком аддаюць у сем’і камандораў, якія з’яўляюцца вярхушкай улады. Але Джун не збіраецца мірыцца са сваім становішчам і плануе збегчы з Галаада. 

Створаны па антыўтопіі Маргарэт Этвуд, серыял у дэталях разглядае, як дэмакратычная дзяржава пад уплывам трагічных фактараў ператвараецца ў таталітарную краіну. Фільм закранае шмат важных тэм, уключаючы сэксуальны і рэпрадуктыўны гвалт над жанчынамі, а таксама ідэю помсты, калі ахвяра атрымлівае ўладу над тымі, хто прычыніў ёй пакуты. 

Элізабэт Мос атрымала прэмію Эмі за найлепшую ролю ў драматычным серыяле. 

«Ход Каралевы» (The Queen’s Gambit)

Рэжысёр: Скот Фрэнк 
Жанр: драма 

The Queen’s Gambit.jpg
Кадр з серыяла «Ход Каралевы»

Дзеянні фільма адбываюцца ў Амерыцы 1960-х. Бэт — маладая шахматыстка, якая вырасла ў дзіцячым доме. У суворых рэаліях шахматы сталі адзінай радасцю для дзяўчынкі, якая страціла бацькоў. Стаўшы дарослай, Бэт пачынае ўдзельнічаць у турнірах і раскрывае свой талент. 

Фільм адлюстроўвае эпоху, калі ў Амерыцы жанчынам адводзіліся традыцыйныя ролі, а дзяўчат ужо з падлеткавага ўзросту рыхтавалі да шлюбу і мацярынства. Але Бэт гэта не цікава, яе мара — стаць шахматысткай і чэмпіёнкай не толькі Амерыкі, але і свету.  

«Ход Каралевы» атрымаў некалькі прэстыжных узнагародаў як найлепшы серыял.  

«Неартадаксальная» (Unorthodox)  

Рэжысёр: Марыя Шрадэр 
Жанр: драма 

Unorthodox.jpg
Кадр з серыяла 
«Неартадаксальная»

У аснове сюжэта — гісторыя маладой габрэйскай дзяўчыны Этні з артадаксальнай абшчыны ў Нью-Ёрку. Этні замужам за Янкі, які, здавалася б, нядрэнны хлопец, але шчасця ў шлюбе няма. Даведаўшыся, што цяжарная, дзяўчына разумее: гэта яе апошні шанц збегчы. Этні ляціць у Берлін, дзе яе чакае зусім іншае жыццё.  

Серыял падымае тэму жаночай рэалізацыі, а таксама адлюстроўвае жыццё рэлігійных абшчын: нягледзячы на тое, што Этні жывё ў Нью-Ёрку, яна абмежавана кансерватыўнымі нормамі і правіламі, вельмі далёкімі ад прагрэсіўнага свету.  

Фільм заснаваны на гісторыі пісьменніцы Дэбары Фельдман, артадаксальнай габрэйкі, якая адмовілася ад сваіх каранёў.  

«Прыбіральшчыца. Гісторыя маці-адзіночкі» (Maid) 

Рэжысёр: Джон Уэлс, Хелен Шэйвер, Зінга Сцюарт 
Жанр: драма 

Maid.jpg
Кадр з серыяла 
«Прыбіральшчыца. Гісторыя маці-адзіночкі»

Зняць фільм без намёку на экшн, але каб усе серыі глядзеліся на адным дыханні — задача не з простых. Але ў аўтараў міні-серыяла гэта атрымалася. 

Гераіня сыходзіць ад мужа-аб’юзера разам з маленькай дачкой. Ні грошай, ні працы ў яе няма. Але жанчына не апускае рукі і вырашае канчаткова выйсці з разбуральных адносін. Нават калі прыйдзецца ўладкавацца прыбіральшчыцай.  

Фільм быў адзначаны прэміяй «Залаты Глобус». 

«Фарга» (4 сезон) (Fargo) 

Рэжысёр: Дана Гансалес 
Жанр: крымінал, чорная камедыя 

Fargo.jpg
Кадр з серыяла 
«Фарга»

У адрозненне ад гераінь вышэйзгаданых фільмаў, Дот шчаслівая ў шлюбе. Ёй падабаецца займацца домам і выхоўваць дачку. Але аднойчы яе імя з-за дробнага парушэння ўсплывае ў паліцэйскай базе.  

Жыццё Дот рэзка мяняецца: да яе прыходзяць выкрадальнікі, і высвятляецца, што за далікатнай хатняй гаспадыняй хаваецца сапраўдны баец. Дот разумее — яе нагналі прывіды мінулага, і пакуль яна з імі не разбярэцца, яны будуць пераследаваць яе.  Як і мінулыя сезоны «Фарга», які прадзюсуюць вядомыя браты Коэны, серыял вылучаецца іроніяй, постмадэрнісцкімі спасылкамі. Прасочваюцца тут і алюзіі да Амерыкі часоў Трампа. Разам з тым аўтары падымаюць вострую тэму хатняга гвалту. 

«Джэнтэльмен Джэк» (Gentleman Jack) 

Рэжысёры: Салі Уэйнрайт, Эдвард Хол 
Жанр: камедыя, меладрама 

Gentleman Jack.jpg
Кадр з серыяла «Джэнтэльмен Джэк»

Ганна Лістэр — зусім не падобная на даму віктарыянскай эпохі. Сарамлівасць і пакорлівасць, уласцівая жанчынам тых часоў, не для яе. Ганна любіць падарожнічаць, у тым ліку хадзіць у паходы па гарах, валодае маёнткам і зусім не спяшаецца замуж. Замест вытанчаных сукенак яна носіць цёмную вопратку і разбіраецца ў з’явах, якімі дамы звычайна не цікавіліся ў тыя часы. За гэта яна атрымлівае мянушку «Джэнтэльмен Джэк». Але галоўны сакрэт Ганны ў тым, што яе прывабліваюць жанчыны. Пра свае рамантычныя адносіны яна вядзе запісы ў асабістым дзённіку.  

Цікавы факт: Ганна Лістэр — цалкам рэальны гістарычны персанаж. Сярод яе каханак былі вядомыя ангельскія арыстакраткі і прадстаўніцы шляхты. 

«Жанчыны руху» (Women of the Movement) 

Рэжысёры: Джулі Дэш, Ціна Мэбры, Кейсі Леманс 
Жанр: драма 

Women of the Movement.jpg
Кадр з серыяла 
«Жанчыны руху»

Падзеі серыяла разгортваюцца ў 1950-х гадах, калі ўяўленне аб правах чалавека моцна адрознівалася ад сучаснага. Галоўная гераіня, Мэйл, амерыканка афрыканскага паходжання, перажывае трагічную страту: яе 14-гадовага сына жорстка забіваюць расісты. Узрушаная маці шукае справядлівасці і становіцца сімвалам барацьбы для многіх афраамерыканскіх жанчын.  

Серыял заснаваны на рэальных падзеях, якія адбыліся ў Місісіпі ў 1955 годзе. 

«Дзікінсан» (Dickinson)

Рэжысёр: Сайлас Говард, Стэйсі Пасан, Дэвід Гордан Грын, Патрык Р. Норыс
Жанр: біяграфія, камедыя, драма

Dickinson.jpg
Кадр з серыяла «Дзікінсан»

Серыял распавядае гісторыю юнацтва амерыканскай паэткі Эмілі Дзікінсан (1830-1886). Галоўная гераіня піша вершы, але вымушаная хаваць свой талент ад бацькі, які лічыць, што месца жанчыны на кухні і ў сужэнстве. Негледзячы на гэтае яна скончыла каледж, а потым вучылася ў жаночай семінарыі. Па невядомай прычыне яна не змагла яе скончыць і павярнулася ў бацькоўскі дом. 

У серыяле Эмілі паказана бунтаркай, якая збіраецца стаць таленавітай паэткай насуперак абмежаванням, якія перад ёй ставіць грамадства і сям'я. 

У гады жыцця Эмілі было надрукавана толькі сем яе вершаў. Пасля смерці паэткі яе малодшая сястра Лавінія знайшла ў закрытай на ключ шафе рукапісы 1775 вершаў. 

Вершы Эмілі Дзікінсан не маюць аналагаў у паэзіі таго часу. Іх радкі кароткія, назвы, як правіла, адсутнічаюць, і часта сустракаецца незвычайная пунктуацыя і выкарыстанне загалоўных літар. Шматлікія яе творы ўтрымліваюць матывы неўміручасці і смерці, гэтыя ж сюжэты ёсць і ў яе лістах да сяброў.

На беларускую мову вершы Дзікінсан перакладалі Рыгор Барадулін, Андрэй Хадановіч і Макс Шчур.

М. К., budzma.org