Кінакрытык Тарас Тарналіцкі піша на budzma.by пра сёлетні фестываль мабільнага кіно VOKA Smartfilm
За мінулае дзесяцігоддзе ў Беларусі з’явілася і знікла мноства розных кінафестываляў на самы розны густ, сярод якіх унікальным быў і застаецца VOKA Smartfilm. І не толькі таму, што яго існаванне фінансава падтрымлівае вялікі мабільны правайдар (увогуле, беларускі бізнес кінематограф не надта цікавіць), а да ўдзелу прымаюцца толькі працы, знятыя на камеру мабільных прылад. Сапраўдным феноменам яго зрабіла арыентацыя на народныя каштоўнасці.
Мы ж прызвычаіліся чакаць ад фестываляў прафесіянальнасці: па-майстэрску зробленага кіно, якое здымаюць рэжысёры з профільнай адукацыяй на дарагую тэхніку. Культурныя ініцыятывы кшталту Smartfilm вялікіх «майстроў» часцей за ўсё не вабяць — гэта хутчэй эксперыментальная пляцоўка для моладзі, апантанай жаданнем самавыяўлення, якая здымае ў сціслыя тэрміны што бог на душу пакладзе.
Старажытны сэкс, беларускі Абломаў і інтуітыўны футбол. Чым здзівіў анлайн-фестываль BelarusDocs-2020
І ў гэтым падыходзе схаваны патэнцыял для аналізу калектыўнага несвядомага цэлага пакалення пасіянарна настроеных беларусаў, якія не звязваюць уласны лёс з вялікім кіно. Прааналізаваўшы іх стужкі, мы можам распавесці, што хвалюе нашу моладзь у пачатку 2020 года.
Стасункі з роднымі
Тэма сямейных каштоўнасцяў з’явілася ў фокусе ўвагі аўтараў з самага зараджэння кінематографа (успамінаецца адразу «Сняданак дзіцяці» 1895 года Луі Люм’ера, дзе яго брат Агюст з жонкай корміць уласную дачку), а грамадскі непакой праз эпідэмію каранавіруса толькі дадаткова яе актуалізаваў. Найбольш яскравым увасабленнем рэфлексіі блізкіх стасункаў на фестывалі стала стужка «86» 17-гадовай Эвеліны Бяссонавай. У ёй дзяўчына ў гульнявой форме рэканструявала (і сыграла галоўную ролю) гісторыю спаткання сваёй маці з бацькам у Барысаве 1986 года, якая канчаецца сумным дакументальным маналогам адзінокага мужчыны пад прагляд сямейных фатаграфій. Спалучэнне гульнявога кіно з дакументалістыкай зрабіла з «86» шчырую аматарскую докудраму, якую здольны зразумець любы глядач незалежна ад месца пражывання.
Самаідэнтыфікацыя
Яшчэ нядаўна (30 гадоў з моманту знікнення СССР — гэта не час) нам здавалася, што беларускі соцыум выглядае проста і зразумела. Мала хто ведаў, што сярод нас жывуць бяздомныя, людзі з інваліднасцю і іншай сэксуальнай арыентацыяй. Нават цяпер многія з нас, сярод якіх хапае і палітыкаў, не могуць змірыцца з тым, што свет нашмат больш складаны і разнастайны, чым іх персанальная ступень яго ўспрыняцця. Таму не дзіўна, што на фестывалі з’явіліся дакументальныя аповеды пра жыццё і працу людзей, не падобных да астатніх: калясачніка Віктара, які працуе трэнерам у спартовай зале («Адзін дзень», рэжысёр — Вадзім Целіца), і дызайнера адзення Яўгена, які прызнаўся, што ён гей (I’m a Man, рэжысёры — Максім Турчын і Анастасія Дробыш). Гэтым хлопцам давялося шукаць і адваёўваць сваё месца ў грамадстве, і тое, што іх гісторыі трапілі на экран, — важны паказчык, што іншых беларусаў іх праблемы таксама турбуюць.
Самаізаляцыя падчас пандэміі
Зразумела, што апошнія чатыры месяцы ўвесь свет жыве толькі адной навінавай павесткай — пандэміяй каранавіруса і чаканнем эканамічных наступстваў ад увядзення каранцінных мер. Беларусы таксама не засталіся ўбаку ад медыйнай кан’юнктуры, напрысылаўшы шмат драматычных відосаў, як людзі адаптуюцца да новых правілаў жыцця. Каб падбадзёрыць вас, мы выбралі самую вясёлую стужку — «Як у Галівудзе» Аляксея Чарныша, у якім хлопец з дзяўчынай узнаўляюць амаль у хатніх умовах сцэны са знакамітых амерыканскіх стужак. Вядома, гаворка тут не зусім пра пражыванне самаізаляцыі, але аўтар дае добры пасыл гледачам: нават седзячы ў чатырох сценах можна рабіць захапляльныя рэчы, было б жаданне.
Але хапала і проста таленавітых стужак, зробленых без глыбокага сацыяльнага падтэксту.
Напрыклад, Юры Сямашка стварыў гульнявую стужку («Нявольнік жэсці») і анімацыйны альманах («Ультракароткія гісторыя»), у якіх увасобіў свой абсурдны чорны гумар.
Міхаіл Панік у форме трылера («Плявок у вечнасць») паразважаў на тэму ахвярнасці ў сапраўдным мастацтве.
А Дзяніс Зосік прадэманстраваў, да чаго вядуць агрэсія і дрэнныя парады з Youtube-блогаў у аўтамабільным скандале.
Тарас Тарналіцкі, budzma.by
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!