На адным з найважнейшых літаратурных форумаў Польшчы — Кніжным кірмашы ў Катавіцах, які пройдзе 7–9 лістапада у Міжнародным кангрэс-цэнтры (Katowice, plac Sławika i Antalla 1), возьме ўдзел Цэнтр Беларускай Салідарнасці і шэраг беларускіх выдаўцоў, піша reform.news.
Фота ілюстрацыйнае
На стэндзе ЦБС можна будзе набыць літаратурныя навінкі.
Падчас кірмашу выдавецтва «Камунікат» арганізуе сустрэчу з вядомым пісьменнікам і гісторыкам Уладзімірам Арловым. На сустрэчы можна будзе набыць яго новыя кнігі.
Таксама на стэндзе з’явяцца іншыя выданні «Камунікату». Сярод іх: анталогія «Нерасстраляныя» — паэзія рэпрэсаваных беларускіх аўтараў, «Беларуская Народная Рэспубліка 1918–1920 гг.» Дароты Міхалюк, «Освальд у Мінску» Аляксандра Лукашука, «Гульні Цэрцэі» Змітра Дзядзенкі.
Выдавецтва «Гутэнберг» прадставіць калекцыю кніг, забароненых у Беларусі. Іх пазначаць адмысловымі стужкамі. У «экстрымісцкі спіс» трапілі творы Сашы Філіпенкі ды іншых вядомых аўтараў.
На стэндзе ЦБС таксама будуць прадстаўленыя кнігі выдавецтва «Чабор» — сучасная і класічная беларуская літаратура, мастацкія і навуковыя выданні.
Targi Książki w Katowicach — гэта штогадовая культурная імпрэза. Яе мэта — папулярызацыя чытання.