9 адметных сядзібаў, пра якія вы не чулі

У якім палацы пісаў адзін са сваіх раманаў Генрых Сянкевіч? Дзе знаходзіцца сядзіба знакамітага мастака Альфрэда Ромэра? Распавядаем пра гэтыя ды іншыя цікавосткі ў сённяшняй віртуальнай вандроўцы. Прапануем завітаць на паўночны захад Беларусі, праехаць уздоўж мяжы з Літвой, наведаць Астравецкі, Пастаўскі і Браслаўскі раёны ды засяродзіцца на адметных палацах, узведзеных пад патрэбы знаных месцічаў.


Варняны

Сядзібна-паркавы ансамбль Абрамовічаў

Спачатку завітаем у Варняны Астравецкага раёна Гродзенскай вобласці. Вядома, што найбольшага росквіту Варняны дасягнулі ў перыяд, калі тут гаспадарыў род Абрамовічаў. Менавіта з ініцыятывы энергічнай Марцыяны Абрамовіч і быў узведзены палацава-паркавы ансамбль з родавай сядзібай, зрэшты, як і ўсе адметныя старажытныя будынкі, што захаваліся да сёння ў Варнянах ажно з 2-й паловы XVIII стагоддзя. На жаль, сам сядзібны дом не ацалеў, ён быў спалены падчас Першай сусветнай вайны. Як выглядаў палац у 1870-х, можам уявіць дзякуючы малюнку Напалеона Орды.

1.jpg
Варняны, палац Абрамовічаў, Напалеон Орда, 1875–1877

Але ацалелі парк, млын і стылізаваная пад готыку рамантычная вежа-данжон з чырвонай цэглы, якая размешчана на маляўнічай выспе сярод сажалкі, куды можна трапіць па адным з нешматлікіх у Беларусі развадных мастоў. У адрамантаваным будынку колішняга млына канца ХІХ стагоддзя ўзвядзення, складзеным з бутавага каменю, праводзяцца мясцовыя святы. Варта сюды завітаць хаця б дзеля прыгожых фотаздымкаў.

 2.jpg
Фота: planetabelarus.by

3.jpg
Фота: planetabelarus.by

Дубнікі

Сядзіба Мінейкаў

Далей рушым у вёску Дубнікі Астравецкага раёна, якая ўпершыню ў пісьмовых крыніцах згадваецца ў 1462 годзе. Вядома, што мясцовы маёнтак у розныя часы належаў Абрамовічам, Бжастоўскім, але найбольшага росквіту Дубнікі дасягнулі, калі тут гаспадарыў род Мінейкаў. Спачатку Мінейкі жылі ў драўляным палацы ХVII стагоддзя, як мяркуюць, які быў узведзены яшчэ Абрамовічамі. Але ў 1878 годзе Браніслаў Мінейка пабудаваў новы палац у эклектычным стылі паводле праекта інжынера Вайніцкага. Будынак у трохі змененым выглядзе захаваўся да нашых дзён. Ён двухпавярховы, з аднапавярховымі бакавымі аб’ёмамі, першы паверх мае цалкам мураваны, другі — драўляны. Першапачаткова палац меў шмат пакояў рознай формы і прызначэння. Тут месціліся калекцыі мастацкіх і сямейных каштоўнасцей. Будынак размяшчаўся пасярод пейзажнага парку, які быў закладзены яшчэ да ўзвядзення новага палаца. Да нашых дзён апроч сядзібнага дома захаваліся невялікія фрагменты парку, сажалка з выспай, часткова прысады.

4.jpg
Фота: @tomkad

Вядома, што ў 1880-х гадах у гаспадароў палаца гасцяваў Генрык Сянкевіч — знакаміты пісьменнік, лаўрэат Нобелеўскай прэміі. У сядзібе Мінейкаў ён ствараў свой раман «Пан Уладыеўскі». Род Сянкевіча паходзіў з мясцовых татараў, якія былі запрошаныя ў Вялікае княства Літоўскае яшчэ Вітаўтам. Толькі ў XVIII стагоддзі яны прынялі каталіцтва і пераехалі ў Польшчу. Маці пісьменніка таксама паходзіла з беларускай шляхецкай сям’і.

Пражылі Мінейкі ў Дубніках амаль паўтары стагоддзі. Калі прыйшла савецкая ўлада, апошнія гаспадары Дубнікаў спрабавалі ўцячы, але атрымалася толькі ў гаспадыні. Месцічы, якія вельмі добрым словам узгадваюць Мінейкаў, распавядаюць, што пана Мінейку расстралялі ў Катлоўскім лесе, што побач. Сядзіба ў Дубніках захавалася да нашых дзён дзякуючы таму, што ў ёй за савецкім часам доўгі час месціўся дом-інтэрнат для людзей з псіхічнымі адхіленнямі. Сёння будынак пустуе ды ніяк не выкарыстоўваецца, праз што імкліва занепадае.

Трокенікі

Сядзібна-паркавы ансамбль Богуш-Шышкаў

Далей прапануем рушыць у вёску Трокенікі Астравецкага раёна, дзе нас цікавіць сядзібна-паркавы комплекс роду Шышкаў, які захаваўся ў дастаткова добрым стане да нашых дзён. Ансамбль, створаны ў другой палове ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя, уяўляў з сябе непасрэдна сядзібны дом, службовы флігель, стайні і невялікі парк. Пасля 1939 года, калі Трокенікі захапілі бальшавікі, сядзіба была нацыяналізаваная. Цікавы факт, што менавіта ў гэтым будынку ў 1901 годзе ў мясцовай шляхецкай сям’і Антона Богуша-Шышкі і Станіславы з Козел-Паклеўскіх нарадзіўся сусветна вядомы мастак Мар’ян Богуш-Шышка.

 6.jpg
Фота: planetabelarus.by

Сёння ў Трокеніках захаваўся ў добрым стане сам сядзібны дом з элементамі барока, таксама флігель з чырвонай цэглы і ўзведзены ў 1879 годзе будынак стайні. Вакол сядзібы можна пабачыць рэшткі колішняга пейзажнага парку. Зараз у будынку колішняй сядзібы месцяцца бібліятэка і клуб. На прысядзібнай тэрыторыі варта звярнуць увагу на яшчэ адзін гістарычны драўляны будынак колішняй школы, узведзены ў 1930-я. Нягледзячы на іншы перыяд пабудовы, школа някепска ўпісалася ў архітэктурны ансамбль, які ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.

 7.jpg
Фота: vedaj.by

Каралінова

Сядзіба Ромэраў

Наступным пунктам нашай вандроўкі будзе вёска Каралінова на суседняй Пастаўшчыне. Тут радзіма Альфрэда Ромэра — знанага мастака, скульптара, мастацтвазнаўцы, этнографа, удзельніка паўстання 1863–1864 гг. У Каралінова Альфрэд Ромэр пераехаў у 1874 годзе пасля шлюбу з гаспадыняй маёнтка Вандай Сулістроўскай.

8.jpg
Фота: budzma.org

Доўгі час у драўлянай сядзібе ХІХ стагоддзя месцілася школа. Але калі яе скасавалі, будынак пачаў занепадаць. Мясцовыя распавялі, што сядзібу набыла суполка мастакоў, нават паспрабавалі распачаць працы па яе аднаўленні, праводзілі тут мастацкія пленэры. Але апошнія пару год сядзіба пустуе і імкліва разбураецца. Побач захаваліся крушні гаспадарчых пабудоваў былога маёнтка. Усё гэтае запусценне пакідае цяжкае ўражанне, але ж сюды варта патрапіць, пакуль яшчэ ёсць на што паглядзець.

9.jpg
Фота: budzma.org

10.jpg
Фота: budzma.org

Лынтупы

Сядзібна-паркавы ансамбль Бішэўскіх

Вядома, нельга абмінуць на Пастаўшчыне і больш вядомую сядзібу апошніх гаспадароў Лынтупаў шляхцічаў Бішэўскіх пачатку ХХ стагоддзя пабудовы. Бішэўскія былі добрымі прадпрымальнікамі і, відавочна, эстэтамі. Юзаф Бішэўскі пабудаваў у Лынтупах неарэнесансны палац паводле праекта знакамітага архітэктара свайго часу Тадэвуша Раствароўскага, навокал разбіў пейзажны парк з рэдкімі раслінамі, капліцай, воднай сістэмай сажалак ды набярэжнай з граніту, упрыгожанай разнастайнымі скульптурамі.

11.jpg
Фота: Фота: vedaj.by

Паводле мясцовай легенды, палац Юзаф Бішэўскі пабудаваў у 1907 годзе для французскай акцёркі, у якую закахаўся падчас адной з вандровак. Яна паабяцала пабрацца з Юзафам шлюбам, калі ён пабудуе для яе палац не горшы, чым у яе ў Францыі. Але скончылася гісторыя сумна, пабачыўшы палац, акцёрка сказала, што ў яе бацькі стайні прыгажэйшыя. Палац захаваўся да нашых дзён у добрым стане, сёння там працягваюцца аднаўленчыя працы.

Варапаева

Сядзібна-паркавы комплекс Пшаздзецкіх

Далей рушым у Варапаева, дзе захаваліся рэшткі сядзібна-паркавага ансамбля Пшаздзецкіх, які быў закладзены тут на пачатку ХХ стагоддзя. Пшаздзецкія, апроч дагледжанага палаца і парка з рознымі гатункамі дрэваў і воднай сістэмай, рэшткі якіх можна пабачыць і сёння, разгарнулі тут пэўны прамысловы комплекс, аснову якога складаў цагельны завод і вадзяны млын з сукнавальняй. Былі тут тры млыны: паравы, ветраны і вадзяны. Вадзяны млын, збудаваны ў 1870 годзе з чырвонай цэглы, захаваўся ў дастаткова добрым стане.

 13.jpg
Фота: fotobel.by

Варта пашпацыраваць і па старым парку, і адчуць дух старасвеччыны, пабачыць рэдкія віды дрэваў, якімі апекаваўся з 1933 па 1937 гг. знакаміты садавод Іван Сікора, які стварыў тут плодагадавальнік. Сёння парк добраўпарадкаваны, тут пастаўлены лавы і адрамантаваны мост. Ад комплексу будынкаў маёнтку Пшаздзецкіх ацалеў толькі будынак адміністрацыі. Меркавана, што гэта прыблізная копія асноўнага жылога палаца Пшаздзецкіх. Зараз тут месціцца Варапаеўская лякарня.

14.jpg
Фота: fotobel.by

Відзы Лаўчынскія

Сядзібна-паркавы ансамбль Ваўжэцкіх

Далей рушым на Браслаўшчыну ў вёску Відзы Лаўчынскія. Упершыню паселішча ўзгадваецца ў 1586 годзе пад назвай Ловішча. Ловішча належала Нарушэвічам да ХVIII стагоддзя, а пасля шлюбу Алены Нарушэвіч і Аўгусціна Ваўжэцкага пасаг у выглядзе маёнтка Відзы Лаўчынскія перайшоў да Ваўжэцкіх. Відзы Лаўчынскія былі ва ўласнасці Ваўжэцкіх да другой паловы ХІХ ст., пасля пасагам перайшлі да роду Мінейкаў, якія гаспадаралі тут да прыйсця савецкай улады ў 1939 годзе.

16.jpg
Фота: planetabelarus.by

За Ваўжэцкімі ў Відзах Лаўчынскіх быў узведзены палацава-паркавы ансамбль, рэшткі якога мы можам пабачыць тут і сёння. Будынак сядзібы быў узведзены з дрэва ў стылі класіцызм напрыканцы ХVIII ст. на схіле на беразе возера Дворнае як аднапавярховы на высокім каменным цокалі, праз тое сядзіба з аднаго боку выглядае двухпавярховай. Верагодна, палац быў перароблены ў 1900 годзе новымі гаспадарамі — Мінейкамі па праекце Тадэвуша Раствароўскага, пра што сведчаць некаторыя неарэнесансныя архітэктурныя рысы будынка, напрыклад, высокі арачны ганак з вялікай левіцай з боку парку. Двухпавярховы палац з галерэямі, парк, бровар і гаспадарчыя пабудовы захаваліся да нашых дзён. Пэўны час у сядзібным доме месціўся дзіцячы садок, потым — школа. Сёння будынак імкліва занепадае.

17.jpg
Фота: planetabelarus.by

Опса

Сядзібна-паркавы комплекс Плятэраў

Далей рушым па Браслаўшчыне ў колішняе мястэчка Опса, якое ў 1823 годзе стала маёмасцю знакамітага шляхецкага роду Плятэраў. У гэты ж час адбыўся вялізны пажар, які знішчыў палову паселішча. У 1904 годзе Плятэры ўзвялі ў Опсе новы сядзібна-паркавы комплекс, рэшткі якога захаваліся і да нашых дзён. Комплекс складаўся з палаца, гаспадарчых пабудоваў, саду і парку. Будынак сядзібы ў стылі эклектыка, закладзены тут Феліксам Плятэрам паводле праекта архітэктара Целяжынскага з Панявежы можам пабачыць у Опсе і сёння. Побач з сядзібай знаходзіцца склеп з чырвонай цэглы, які калісьці выконваў ролю лядоўні, і некалькі іншых гаспадарчых пабудоваў. Яшчэ тут захавалася невялічкая частка пейзажнага парку, з якога да возера можна прайсціся каскадам маляўнічых масткоў.

18.jpg
Фота: planetabelarus.by

Падчас Першай сусветнай вайны на тэрыторыі маёнтка Плятэраў быў вайсковы шпіталь. У 1922 годзе сядзібу выкупілі польскія ўлады і пасля рамонту ў 1927 годзе размясцілі ў ёй сельскагаспадарчую школу, якая дзейнічала да самага прыйсця савецкай улады ў 1939-м. Па Другой сусветнай вайне ў будынку размясціўся дзіцячы прытулак. Сёння палац імкліва занепадае.

19.jpg
Фота: planetabelarus.by

Ахрэмаўцы (колішнія Бяльмонты)

Сядзібна-паркавы комплекс Гільзэнаў, Плятэраў

Апошнім нашым прыпынкам сёння будзе вёска Ахрэмаўцы Браслаўскага раёна, якая ўтварылася ў сённяшніх сваіх межах на беразе возера Дрывяты за савецкім часам, калі аб’ядналіся дзве вёскі: непасрэдна Ахрэмаўцы, якія ўпершыню згадваюцца ў XVII стагоддзі як уладанні роду Ахрамовічаў, і фальварак Бяльмонты. У 1748 годзе навакольныя землі ў Ахрамовічаў набыў ваявода Менскі Ян Гільзэн. А ўжо ягоны сын, Юзаф Гільзэн, заклаў на высокім узгорку на беразе Дрывятаў шыкоўную сядзібу з італійскім пейзажным паркам і назваў свой новы маёнтак Бяльмонты, што ў перакладзе з французскай мовы азначае «прыгожая гара».

20.jpg
Бяльмонты, Напалеон Орда, 1876

Наступныя гападары Бяльмонтаў, прадстаўнікі роду Плятэраў, бралі актыўны ўдзел і ў паўстанні 1830–1831 гг., і ў паўстанні 1863–1864 гг., але за вялізныя сумы адкупных ім пашчасціла пазбегнуць пакарання. У ХІХ стагоддзі Бяльмонты былі культурным цэнтрам Браслаўшчыны, тут гасцявалі вядомыя асобы свайго часу. У маёнтку месціўся прыватны музей, дзе была выстаўлена вялікая археалагічная калекцыя, сямейная бібліятэка Плятэраў змяшчала некалькі тысячаў старажытных выданняў. У Бяльмонтах гасцяваў і Напалеон Орда, які пакінуў тры замалёўкі сядзібы, паводле якіх мы можам меркаваць пра тое, як выглядала сядзіба Плятэраў у 1876 годзе.

21.jpg
Фота: planetabelarus.by

Падчас Першай сусветнай вайны палац Плятэраў быў пашкоджаны. Усю мэблю, бібліятэку, музей, экспанаты якога былі перададзены гаспадарамі Віленскаму ўніверсітэту, звезлі ў Расію, адкуль, вядома, яны да нас так і не вярнуліся. А падчас Другой сусветнай вайны адноўлены палац ушчэнт знішчылі партызаны ды разабралі рэшту на будаўнічыя матэрыялы.

Ад вялікага палацава-паркавага ансамбля сёння захаваўся парк, які ў свой час лічыўся другім па велічыні пасля Радзівілаўскага ў Нясвіжы. Тут сёння пракладзена экасцежка працягласцю два кіламетры. Яшчэ ў сучасных Ахрэмаўцах з Бяльмонтаў захавалася родавая капліца Плятэраў, пабудаваная ў 1856 годзе з чырвонай цэглы ў неагатычным стылі. Яе можна пабачыць на мясцовых могілках.

23.jpg
Фота: planetabelarus.by

П. Ж., budzma.org