Воля Чайкоўская — новы паэт. Яе дэбютная кніга “Лупы”, ахвяраваная “Ўсяму Свету”, — новая старонка ў беларускай паэзіі, якой яна смела сцвярджае:
Я не такая, як вы!
Я—іншая! (с.12)
і даказвае гэта кожным вершаваным радком, кожным новым вобразам, словам. У яе творах складана знайсці банальнасці (можа, калі пашукаць іх, мэтазгодна ўзброіўшыся лупай), і аўтарка сама прызнаецца, нібы ганарыцца гэтым:
Адмахваюся ад банальнасцяў, як ад мух,
Як толькі пачую банальнасцяў дух. (с.11)і па ўсім відаць, паспяхова.
У яе творах гарманічна спалучаюцца навізна і традыцыйнасць, нават дастаткова складана дакладна вызначыць мяжу, дзе першае пераходзіць у другое. Часам у межах аднаго верша суседнічаюць рэфрэннасць народных песняў і замоваў, задуменны дактылічны настрой, заклікавасць і арыгінальная вобразнасць:
Прыйдзі да мяне, невядомае!
Мы з табой завядзём катрынку.
І справім па мне памінку.(курсіў мой, М.В)
Прыйдзі да мяне, невядомае!(с.11)
Яшчэ адна вартая ўвагі дэталь — у зборніку няма доўгіх вершаў. Паэтка ўмее трапна і змястоўна выказаць думку (і гэта выказванне выглядае не скупа, а дастаткова лагічна і грунтоўна) ў двух-трох радках:
Найпрыгажэйшая краіна ў свеце мая Беларусь!
Толькі пакрыўдзь, толькі сунься! Я—кусь! (с. 27)
І вось яшчэ:
Ты стаў для мяне знакам—
У полі сярод лапухоў—макам. (с. 55)
У вершах думкі афармляюцца лаканічна, няма грувасткасткай складанасці і педантычнай дакладанасці апісанняў. Ёсць толькі пачуцці, шчырыя і непрыхаваныя; вобразы, эмацыйныя, рэалістычныя і сюррэалістычныя (верш “Шэдэўр”, прысвечаны Сальвадору Далі); рыфмы, дакладныя і не, часам ламаныя—словам, ёсць усе патрэбнае для неардынарнага твора.
Для таго, каб больш дасканала перадаць настрой і танальнасць верша, Воля ужывае нават свае, аўтарскія неалагізмы. Яркія, смелыя, нечаканыя: цудаспатканне (с.45), душа-кракадзіла (с. 52). А вершы з незвычайнымі вобразамі можна цытаваць і цытаваць. Вось некаторыя з іх (вобразы, не вершы, хоць у кантэксце яны выглядаюць больш ярка): “валасы—галавы насы”, “душа—старая майка на брытэльках”, “нервы-арэлькі” (с.71), “бязвокія вочы” (с.80)-зоры (камент. мой, М.В), “парэчкі-калекі”, “аргэсты-здраднікі” (с. 40) і многія іншыя, анатаміраваць вершы, якія іх змяшчаюць,—усё роўна, што вырэзваць “Ў” з беларускага алфавіта—глядзіцца быццам прыгожа, але асобна нічога не азначае.
У вершах Волі Чайкоўскай падазрона часта з’яўляецца матыў грошай. Ёй мрояцца працэсы куплі-продажу:
Шукаю форму, што
Па-за нормай.
……………….
Нямодную, якую ніхто
Не купляе. (с. 10)
І яшчэ:
Смелыя вобразы
новых ідэй
ёсць на якой
валюце? (с.44)
Відэафільм, які ўваходзіць у камплект “кніга+фільм”, яшчэ больш дакладна паказвае чытачу, ператворанаму ў гледача, як выглядае свет вобразаў Волі, аформлены ўжо не вербальна, а візуальна.
Зборнік “ЛУПЫ” Волі Чайкоўскай — візітная картка маладога аўтара. Вершы, якія ў яго ўваходзяць, як лупы (дакладней было б сказаць дваяка-выпуклыя лінзы) павялічваюць пачуцці, эмоцыі лірычнай гераіні, тым самым дазваляючы чытачу заўважыць усе асаблівасці светаўспрымання аўтаркі, яе жыццёвую пазіцыю, светапогляд. Арцём Кавалеўскі ў прадмове да зборніка называе гэтыя творы “вольнымі верша(с)лупамі”, і мае рацыю. Гэтая назва дакладна перадае асаблівасці паэзіі Волі. Пра з’яўленне новага жанру верша-лупы, натуральна, гаварыць рана, але пра выкарыстанне новай аўтарскай канцэпцыі творчасці — можна. У святле сваіх вершаў паэтка паказваецца “наросхрыст з адкрытымі ранамі”(с.28) (і, можа, не заўсёды з ранамі, але з пачуццямі — абавязкова), яна нічога не хавае і ні аб чым не просіць, яна проста ЁСЦЬ.
для www.budzma.org