Кожную раніцу Уладзіслаў Будзько іграе на скрыпцы, зробленай сваімі рукамі. Гэтым ён і заканчвае свой дзень. Мужчына іграе мелодыі, якія чуў у касцёле.
Слых ужо падводзіць музыканта, але любы прафесіянал скажа, што ні адной ноты мужчына не сфальшывіў. Мелодыі ён адчувае сэрцам. Яго жонка Ядвіга сцвярджае, што духоўная музыка з дзяцінства засела ў яго памяці.
Самаробная скрыпка вісіць над ложкам
Ёсць у мужчыны і фабрычны інструмент, але на ім ён ужо даўно не іграе. За сваё жыццё майстар зрабіў чатыры скрыпкі. Адна з іх цяпер знаходзіцца ў адным са сталічных музеяў. Другая скрыпка па форме нагадвае мандаліну. На ёй кожную раніцу і іграе Уладзіслаў Будзько.
Гукі скрыпкі ён упершыню пачуў, калі яму было восем год. У вёсцы Семернікі на Ашмяншчыне, дзе ён нарадзіўся, такога інструмента ніхто не бачыў. І вось аднойчы, калі ў касцёле святкавалі Трох каралёў, ён упершыню пачуў дзіўныя гукі.
Калі яму споўнілася 15 гадоў, ён зрабіў першую ў жыцці скрыпку.
– Тады ў нас па суседстве жыў чалавек, у якога была фабрычная скрыпка, – узгадвае Уладзіслаў Будзько. – Ён усе музычныя інструменты настройваў. Я струны на дошчачку нацягнуў і пайшоў да суседа. Той паказаў, як трымаць інструмент, каб гучала мелодыя. На маёй дошчачцы насечкі зрабіў, каб ведаў, куды пальцы паставіць. З таго часу, калі ў вёсцы вяселле было альбо танцы, мы з суседам стаялі пад вокнамі, імкнуліся запомніць мелодыі, якія прыезджыя музыканты ігралі. А пасля беглі дамоў і імкнуліся іх паўтарыць – ён на фабрычнай скрыпцы, я на самаробнай.
Пасля вайны скрыпачка выручала Уладзіслава Будзько
Хутка ва Уладзіслава Будзько з’явілася сапраўдная скрыпка – бацька не пашкадаваў грошай, калі ўбачыў фантастычнае захапленне сына да скрыпічнай музыкі.
Узяў скрыпку пад паху ён і тады, калі пайшоў сватацца да будучай жонкі Ядвігі.
Спачатку жылі ў вёсцы Яніна на Смаргоншчыне, пасля пабудавалі дом у вёсцы Гаравыя.
– Пасля вайны мяне скрыпка выручала, – узгадвае Уладзіслаў Будзько. – Бедна тады жылі, што баба напрала, з таго і носіш, што вырасла ў дамашняй гаспадарцы, тое і з’ясі. Мы тады свой ансамбль стварылі. Я на скрыпцы іграў, мой таварыш – на гармоніку, яшчэ двое да нас падключыліся з барабанам і кларнетам. На вяселлях сталі іграць, на танцах. Капейка ў хаце з’явілася.
Пакуль Уладзіслаў Будзько жыў у вёсцы, часу не хапала, каб скрыпкі рабіць. У калгасе працы хапала: працаваў на паляводстве, вартаўніком, будаўніком, учотчыкам… Дамашняя гаспадарка патрабавала нямала турботаў.
– Бліжэй да сямідзесяці год, калі сілы пачалі сыходзіць, запрасілі да сябе зяць і дачка, – расказвае мужчына. – Але мы з жонкай вырашылі купіць хатку ў Смаргоні. Карову прадалі, а вось з канём некалькі гадоў не расставаўся. І гароды людзям араў, і сена дапамагаў вазіць, і бульбу.
Па форме мандаліна, але голас скрыпічны
Пасля сямідзесяці год Уладзіслаў Будзько пачаў майстраваць скрыпкі.
– Ні схемаў, ні інструкцый у мяне не было, ды і цяпер няма, – гаворыць музыкант. – Узяў сваю фабрычную скрыпку, на дошцы абмаляваў яе контуры. Доўга матэрыял шукаў, таму абышоў усе дрэваапрацоўчыя заводы ў Смаргоні. Здзіўляліся – столькі дрэва, а я ніяк не знайду патрэбнага. А я і сам не ведаў, што шукаю. Здавалася, што неабходную дошчачку абавязкова пазнаю. Аднойчы іду па горадзе, а ў двары чалавек дровы коле. Адно палена адляцела і звонка загучала. Я адразу ў двор, прашу аддаць. Чалавек здзівіўся – дровы ўсе аднолькавыя. Для той скрыпачкі прыйшлося склейваць дзве дошкі – бярозавую і дубовую.
На наступную скрыпку шукаў матэрыял тры гады
Але тады мужчына ўжо дакладна ведаў: плечы павінны быць кляновыя, галава – яловая, вечка – з ляшчыны, а падгалоўнік – з любога дрэва, галоўнае, каб галасістае было. Кожную сваю скрыпку мужчына насіў у музычную школу і паказваў настаўнікам.
– Самае дзіўнае – адны рукі рабілі, музыкант адзін і той жа іграў, а гук у кожнага інструмента свой, – гаворыць мужчына. – Асабліва трэцяй скрыпцы ўсе дзівіліся: па форме нагадвае мандаліну, а голас скрыпічны.
Апошнюю скрыпку зрабіў у 92 гады
– Раніцай устану, малітву прачытаю, пасля духоўную мелодыю адыграю – лёгка на душы. Тады і дзень пачынаю – на вуліцу іду альбо ў доме, – расказвае мужчына. – Цяпер ужо ніякай работы не раблю, а вось з музыкай расстацца так і не магу.
Уладзіслаў з жонкай Ядвігай разам больш за 60 гадоў. У іх дзве дачкі, пяць унукаў, дзевяць праўнукаў, цяпер чакаюць дзясятага. І скрыпка кожную раніцу гучыць у доме Уладзіслава Будзько.