«За Беластокам насельніцтва вітае нашы войскі стрымана, горш ведае рускую мову, часцей чуюцца стрэлы з-за вугла, з лесу па чырвонаармейцах, па камандзірах...» — пісаў 25 верасня 1939 года ў сваёй справаздачы да Сталіна сакратар ЦК КП(б)Б П. Панамарэнка.
17 верасня Чырвоная Армія, у межах пагаднення з Германіяй, перайшла савецка-польскую мяжу і пачала сваю частку наступу па падзеле Польшчы. Не менш важную задачу, чым армія, у гэтым паходзе мелі НКУС і прапаганда. Задача стаяла грандыёзная і была добра запланаваная: стварыць пазітыўны вобраз і для сваіх грамадзян, і для замежных краін. Не захоп, але — вызваленне. Як гэта было? Разбіраемся.
Польскі даследчык Войцэх Слешыньскі адзначае, што арыентацыю знешняй палітыкі СССР у бок Германіі можна заўважыць яшчэ ад мая 1939 года — калі на пасаду Народнага камісара Замежных справаў быў прызначаны Вячаслаў Молатаў, які замяніў Максіма Літвінава (яўрэя па паходжанні). Ад таго часу ўсё актыўней СССР выяўляў зацікаўленасць у супрацы з Германіяй, а не з іншымі еўрапейскімі краінамі.
Clifford Kennedy Berryman, «The Washington Star». Крыніца: wikipedia.org
19 жніўня 1939 года паміж Германіяй і СССР было падпісана гандлёвае пагадненне, і ўжо праз пару дзён, 22 жніўня, у Маскве з’явіўся Міністр замежных спраў Германіі Рыбентроп, які асабіста са Сталіным узгадніў вядомы тэкст дамовы Молатава-Рыбентропа пра ўзаемны ненапад.
Ключавым момантам стаў сакрэтны пратакол да дамовы — падпісаны ў ноч з 23 на 24 жніўня і максімальна канфідэнцыйны. Доўгі час існаванне гэтага пратакола адмаўлялася, і дакумент заставаўся засакрэчаным ажно да 1992 года. Пратакол датычыўся размежавання сфер узаемных інтарэсаў ва Усходняй Еўропе і складаўся з чатырох пунктаў:
1. У выпадку тэрытарыяльна-палітычнага пераўладкавання абласцей, якія ўваходзяць у склад Прыбалтыйскіх дзяржаў (Фінляндыя, Эстонія, Латвія, Літва), паўночная мяжа Літвы адначасова з’яўляецца мяжой сфер інтарэсаў Германіі і СССР. Пры гэтым інтарэсы Літвы ў дачыненні да Віленскай вобласці прызнаюцца абодвума бакамі.
2. У выпадку тэрытарыяльна-палітычнага пераўладкавання абласцей, якія ўваходзяць у склад Польскай Дзяржавы, межы сфер інтарэсаў Германіі і СССР будуць прыблізна праходзіць па лініі рэк Нараў, Вісла і Сан.
Пытанне, ці з’яўляецца пажаданым захаванне незалежнай Польскай Дзяржавы ва ўзаемных інтарэсах і якімі будуць межы гэтай дзяржавы, можа быць канчаткова высветлена толькі цягам далейшага палітычнага развіцця. Ва ўсякім разе, абодва Урады будуць вырашаць гэтае пытанне ў парадку сяброўскай узаемнай згоды.
3. Што да паўднёвага ўсходу Еўропы, з савецкага боку падкрэсліваецца зацікаўленасць СССР у Бесарабіі. З германскага боку заяўляецца аб яе поўнай палітычнай незацікаўленасці ў гэтых абласцях.
4. Гэты пратакол будзе захоўвацца абодвума бакамі ў строгім сакрэце.
Сакрэтны дадатковы пратакол, савецкі арыгінал. Крыніца: wikipedia.org
Вайна пачалася 1 верасня 1939 года, але — толькі для Германіі. Першая дэпеша ад Рыбентропа з заклікам не марудзіць і выконваць свае абавязкі паляцела ў Маскву ўжо 3 верасня. Але савецкі бок не спяшаўся, хоць падрыхтоўка ішла: быў зменены закон пра ўсеагульны абавязак вайсковай службы, 7 верасня аб’яўлена ваеннае становішча ў Ленінградскай, Беларускай і Кіеўскай вайсковых акругах, яшчэ ў чатырох — абвешчана пра павышаны стан баявой гатоўнасці. Вайсковыя адзінкі паволі падцягвалі да мяжы з Польшчай.
Было важна захаваць «прыстойны выгляд». 14 верасня ў «Праўдзе» быў апублікаваны артыкул «О внутренних причинах военного поражения Польши», дзе акцэнтавалася злачынная палітыка Польшчы ў дачыненні да нацыянальных меншасцяў.
Артыкул у «Праўдзе». Крыніца: prlib.ru
Шуленбург, нямецкі дыпламат, пасол Германіі у СССР, даносіў: «Савецкі Саюз лічыць сваім абавязкам умяшацца з мэтай абароны сваіх украінскіх і беларускіх братоў і даць магчымасць спакойнай працы гэтаму няшчаснаму насельніцтву. Савецкі ўрад мае намер апублікаваць вытрыманае ў гэтым духу паведамленне па радыё, у прэсе і г.д., адразу пасля таго, як Чырвоная Армія пяройдзе мяжу, і адначасова абвясціць пра гэта ў афіцыйнай ноце польскаму амбасадару тут і ўсім тутэйшым дыпламатычным місіям...»
Усё мела выглядаць як добра падрыхтаванае прадстаўленне і пераканаўча падкрэсліваць ролю СССР як абаронцы інтарэсаў братніх народаў. Такая карцінка стваралася як для сваіх грамадзян, так і для замежнікаў.
17 верасня войска Чырвонай Арміі перакрочыла мяжу з Польшчай. Калі на першым этапе добра спрацавалі аддзелы НКУС, якія ведалі размяшчэнне і ўзбраенне Карпусоў аховы памежжа, то далей войску дапамагалі палітрукі і мясцовыя камуністы — нярэдка таксама папярэдне падрыхтаваныя. Узброеныя эпізоды з польскімі аддзеламі канчаткова зніклі да 1 кастрычніка — пасля былі толькі невялікія рэдкія сутыкненні.
План падзелу сфер інтарэсаў. Крыніца: fot.Peter Hanula
Спецыфічная сітуацыя склалася на Беласточчыне. На нейкі час спрэчныя землі апынуліся пад падвойнай акупацыяй — нямецкае войска спынілася на лініі Кнышын — Беласток — Нараў — Гайнаўка — Брэст і... проста чакала, пакуль прыйдуць савецкія войскі, каб перадаць ім уладу. 15 верасня Рыбентроп заклікаў савецкіх «калег» сустрэцца ў Беластоку — удакладніць мяжу, скаардынаваць дзеянні. І пагражаў, што іначай Германія зробіць тут некалькі буферных дзяржаваў. Падзейнічала.
20 верасня ў Беластоку ў Палацы Браніцкіх адбылася афіцыйная сустрэча нямецкіх і савецкіх афіцэраў, на якой абмяркоўвалася нямецкая эвакуацыя. Сустрэча завершылася супольным абедам у гатэлі Рытц. Паводле дамоўленнасцяў, немцы мусілі пакінуць горад да 14:00 22 верасня.
Палац Браніцкіх, 1939. Крыніца: AIPN
Захаваліся ўспаміны сведкі тых падзей, M. Чайкоўскага:
«Ганаровыя варты абодвух чужых войскаў дзяліў (а можна лепш было б сказаць што злучаў) высокі мачтавы слуп, на якім лунаў чырвоны сцяг з чорным, з ламанымі рамёнамі, крыжам на белым полі. Аркестр іграў «Deutsch/and, Deutsch/and uber Alles». Абедзве каманды аддалі ваеннае прывітанне, і сцяг са свастыкай пачаў апускацца. Да мачтавага слупа падышоў савецкі афіцэр і замацаваў іншы, чырвоны сцяг, з сярпом і молатам. Абедзве саюзніцкія каманды зноў аддалі ваеннае прывітанне, зайгралі гімн Савецкага Саюза. Калі сцяг залунаў на вершавіне слупа, афіцэры абодвух войск падышлі адзін да аднаго. Яны адсалютавалі выцягнутымі шаблямі, схавалі іх у похвы і падалі адзін аднаму сяброўскія рукі. Нарэшце пахлопалі адзін аднаго паўфана... Праз імгненне з абодвух бакоў прагучалі каманды, каманды яшчэ раз аддалі ваеннае прывітанне. Праз хвіліну яны рушылі ў сваіх кірунках, а чорныя лімузіны пачалі пакідаць дворык. За імі з роўнымі прамежкамі рухаліся матацыклы з салдатамі Вермахта».
«Замена акупантаў» у Беластоку. Крыніца: przystanekhistoria.pl
Фінальны тэкст пра межы паміж СССР і Германіяй быў сфармуляваны ў Маскве 27 і 28 верасня. Германія адмовілася ад сваіх прэтэнзій на Літву, аднак атрымлівала землі паміж Віслай, Санам і Бугам. Польскае пытанне лічылася вырашаным, СССР адступаў ад першапачатковай ідэі стварыць Польскую Сацыялістычную Савецкую Рэспубліку.
Ужо 16 верасня 1939 года была агучана пастанова Ваеннага савета Беларускага фронту датычна таго, як мелася быць арганізавана ўлада на новай тэрыторыі. Загад пачалі зачытваць у падраздзяленнях ад 16 гадзін, і абавязкова падкрэслівалася вызваленчая місія Чырвонай Арміі і сяброўскае стаўленне да нямецкіх войскаў.
Дырэктыва мела дастаткова падрабязны план дзеянняў:
1. Пасля заняцця нашымі войскамі тых ці іншых гарадоў — стварэнне «Часовых упраўленняў» гэтых гарадоў, не рэўкомаў, а менавіта «Часовых упраўленняў» пэўных гарадоў у складзе прадстаўніка Арміі (у асобе аднаго з работнікаў палітычнага апарату — у якасці старшыні), прадстаўніка Наркамунутрспраў (НКУС) і па аднаму прадстаўніку рабочых і левай інтэлігенцыі.
2. Арганізаваць друк, забяспечыць паперай і выдаваць газеты адпаведна патрэбнасцям на мовах: украінскай, беларускай і польскай. Гэта задача для палітычных аддзелаў і адкамандзіраваных у іх распараджэнне работнікаў.
3. Арганізаваць забеспячэнне насельніцтва гарадоў харчаваннем; пераняць склады з харчаваннем, далучыць да гэтых спраў рабочыя арганізацыі, якія займаюцца забеспячэннем, наладзіць пастаянныя кантакты з рабочымі арганізацыямі, стварыць рабочую гвардыю ў мэтах навядзення рэвалюцыйнага парадку.
4. Стварыць у гмінах сялянскія камітэты з прадстаўнікамі беднага і сярэдняга сялянства ў мэтах пераняцця памешчыцкай і касцельнай зямлі, а таксама зямлі высокіх дзяржаўных чыноўнікаў і перадаць перанятую зямлю беднаму і сярэдняму сялянству.
5. Ніякіх калгасаў пакуль не арганізоўваць і ніякіх заклікаў да іх арганізацыі не распачынаць.
6. Пералічаныя мерапрыемствы (пункты 1-4) маюць на мэце разгром існуючай панска-буржуазнай улады. Ажыццявіць гэта павінны палітычныя работнікі Арміі і работнікі НКУС. Усе работы трэба весці ад імя Арміі, паколькі да склікання новых савецкіх уладаў адзінай уладай у занятых ваяводствах з’яўляецца Армія і яе органы, якія дзейнічаюць сумесна з органамі Камісарыята ўнутраных спраў.
7. Для вырашэння пытання аб тым, якой павінна быць новая ўлада і якім чынам яна павінна быць сфарміравана, неабходна, пасля грунтоўнай падрыхтоўкі, склікаць шляхам усеагульных выбараў тры народныя сходы: Украінскі Народны Сход — з прадстаўнікоў, абраных у ваяводствах Заходняй Украіны, Беларускі Народны Сход — з прадстаўнікоў, абраных у ваяводствах Заходняй Беларусі, і Польскі Народны Сход — з прадстаўнікоў, абраных у ваяводствах з перавагай польскага насельніцтва.
Аддзел Міліцыі, 1939. Крыніца: AIPN
Асобная ўвага надавалася ідэалагічнаму аспекту. Ужо з пачатку кастрычніка пачалася актыўная праца агітатараў па падрыхтоўцы выбараў на Народны сход, які мусіў забяспечыць максімальную легальнасць дзеянняў СССР.
Цікава выглядае статыстыка таго, што цэнтральныя ўлады з Мінска выслалі ў перыяд выбарчай кампаніі на тэрыторыю Заходняй Беларусі:
● партрэты партыйных і дзяржаўных кіраўнікоў — 96 008 ас.,
● плакаты — 43 030 ас.,
● лозунгі і бюлетэні для галасавання — 4 000 000 ас.,
● падручнікі Гісторыі ВКП(б) — 550 ас.,
● Канстытуцыі СССР і БССР — 40 000 ас.
Да жаўнераў польскай арміі таксама былі скіраваныя асобныя звароты, якія тлумачылі ім «правільную» версію падзеяў і заклікалі пераходзіць на савецкі бок:
«Панска-буржуазны Урад Польшчы, уцягнуўшы Вас у авантурніцкую вайну, нібыта паваліўся. Ён аказаўся бяссільным кіраваць краінай і арганізаваць абарону. Міністры і генералы, схапіўшы назапашанае імі золата, баязліва ўцяклі, пакідаючы войска і ўвесь народ Польшчы на волю лёсу.
Войска Польскае церпіць жорсткае паражэнне, ад якога яно не зможа акрыяць. Вам, вашым жонкам, дзецям, братам і сёстрам пагражаюць голад, смерць і знішчэнне.
У гэтыя цяжкія дні магутны Савецкі Саюз працягвае Вам рукі брацкай дапамогі. Не супраціўляйцеся Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі. Ваша супраціўленне бескарыснае і асуджанае на поўную згубу. Мы ідзём да Вас не як заваёўнікі, а як вашыя браты па класе, як вашыя вызваліцелі ад прыгнёту памешчыкаў і капіталістаў».
Зварот да польскай арміі. Крыніца: policja.gov.pl
Апроч таго, прысутнічаў моцны «інфармацыйны шум»: упрыгожванне гарадоў і мястэчак плакатамі і лозунгамі камуністычнага зместу, раздача ўлётак, паездкі агітатараў з заклікамі да ўдзелу ў будучых выбарах.
Як адзначалася вышэй, для Савецкага Саюза вельмі важна было забяспечыць «прыгожую» карцінку гісторыі «вяртання» тэрыторый. Нельга адмаўляць той факт, што шырока трансляваны вобраз вітання Чырвонай Арміі з хлебам-соллю і кветкамі дзе-нідзе і сапраўды мог мець месца з энтузіязму мясцовых камуністаў, але агулам такая схема падзей хутчэй сведчыць пра добрую арганізацыю зверху.
Вітальная брама. Крыніца: AIPN
Схема была практычна аднолькавая, часта рэалізоўвалася з папярэдняй дапамогай НКУС. Уваходу войскаў мусіў папярэднічаць «спантанічны і энтузіястычны» прыём ад мясцовых. Цырымонія мела некалькі тыповых элементаў: аздабленне будынкаў чырвонымі штандарамі і расцяжкамі з лозунгамі, выбар вітальнай камісіі, якая б прадстаўляла мясцовы актыў, выступленні з крытыкай польскай улады і пахвалы СССР, ну і напрыканцы — усхваленне чальцоў Палітбюро і, безумоўна, Сталіна.
Палітінфармацыя. Крыніца: AIPN
Праблема была толькі ў рэалізацыі. Асабліва ў мясцовасцях, дзе этнічны склад насельніцтва ў большасці складалі палякі. Напрыклад, паводле статыстыкі па Беластоцкім ваяводстве, з 1368 800 чалавек насельніцтва 68% складалі палякі, 16,5% — беларусы, 12% — яўрэі, 2,1% — рускія.
Адносна пазытыўнае стаўленне ўлада магла атрымаць ад мясцовых беларусаў і яўрэяў, і падобныя выпадкі фіксаваліся на самым усходзе таксама, напрыклад, у Заблудаве ці Харошчы. Аднак, як адзначаў, Панамарэнка:
«За Беластокам насельніцтва вітае нашы войскі стрымана, горш ведае рускую мову, часцей чуюцца стрэлы з-за вугла, з лесу па чырвонаармейцах, па камандзірах. У гарадах [дзе] знаходзіцца ППС і рабочыя-пэпээсаўцы — сітуацыя становіцца больш складанай, чым у мясцовасцях, дзе ёсць беларусы».
Савецкая ўлада ціснула ў сваіх мясцовых прыхільнікаў на самае балючае — абяцаннямі роўнасці, зямлі, вырашэннем пытанняў працы і голаду. Улада патрабавала часу, каб умацавацца, наладзіць працу на месцах, таму верасень і пачатак кастрычніка агулам прайшлі больш-менш спакойна і ў атмасферы чакання. Сярод польскага насельніцтва ж панаваў хутчэй рэжым чакання і разгубленасці, а праз сарафаннае радыё расходзіліся іранічныя вершыікі-песенькі:
Uciekały generały,
Rym! Cym — cym!
Uciekały generały, czym tylko miały,
Bo się strasznie Niemca bały —
Rym! Cym-cym!
A za nimi moc dziewczynek
Rym! Cym-cym!
A za nimi moc dziewczynek, różnych kuzynek".
I brunetek i blondynek,
Rym! Cym-cym!
(Генеральскі гімн. Уцякалі генералы, Рым! Цым-цым! Уцякалі генералы, чым толькі маглі, Бо страшэнна немца баяліся, Рым! Цым-цым! А за імі процьма дзяўчатак, Рым! Цым-цым! А за імі процьма дзяўчатак, розных кузінак, І брунетак, і бландынак, Рым! Цым-цым!)
Дар’я Палынская, budzma.org