Закрыццё мяжы з боку Польшчы выклікала ў Лукашэнкі шал. Той узгадаў і «злых польскіх паноў», і «зачыненыя цэрквы», і 1939 год... Чакайма чарговы віток інфармацыйнай вайны. Толькі не беларуска-польскай, а — новай савецка-польскай. Бо ніякі беларус з палякамі ваяваць не будзе.Улады ў Мінску са скуры вон лезуць, каб выставіць гэты канфлікт — нацыянальным. Беларуска-польскім. Маўляў, канфлікт — гістарычны. Або мы, або яны. Таму, паводле Лукашэнкі, у школе трэба больш распавядаць пра «панскі прыгнёт» у міжваенны час.
Гістарычная рэканструкцыя падзеяў 17 верасня 1939 г. у Скідзелі, 17 верасня 2025 г. Фота: БелТА
Сапраўды, тагачасная польская дзяржава была зусім не талерантнай да нацыянальных меншасцяў. Але ў лагеры ў Бярозе-Картузскай за ўвесь час існавання загінула менш за 20 чалавек (усіх разам, не толькі беларусаў). У ГУАЛАГу і Курапатах — загінулі сотні тысяч толькі беларусаў, не кажучы пра іншыя нацыянальнасці.
Так, у міжваеннай Польшчы настаўнік мог накрычаць на вучня за беларускую мову ці — адлупцаваць па руках лінейкай. Але — колькі беларускіх пісьменнікаў было расстраляна ў Польшчы? Ніводнага. А колькі — у БССР?.. Толькі за адну ноч(!) з 29 на 30 кастрычніка 1930-га ў Мінску — больш за сотню.
Польская дзяржава не падтрымлівала праваслаўную царкву, не давала ёй прэферэнцый. Але — храмы дзейнічалі, людзі хрысцілі дзяцей, хадзілі на службы. Колькі праваслаўных святароў у Польшчы было рэпрэсавана за тое, што яны — праваслаўныя святары? Ніводнага. А ў БССР?.. Нагадаю, што на момант «уз’яднання» там не засталося ніводнага дзеючага храма.
Сапраўды, у БССР чалавек мог пісаць па-беларуску, але... пра партыю і Сталіна. Так, у БССР чалавек меў права працаваць на зямлі, але... не на сваёй зямлі і не на сябе, а на дзяржаву. Канешне, у БССР беларусы з Усходняй і Заходняй частак краіны — уз’ядналіся, але... у турэмнай камеры.
Уся гэтая гісторыя зусім не пра беларуска-польскі канфлікт. Гэта — працяг савецка-польскага канфлікту (калі глыбей, то расійска-польскага). Бо 17 верасня 1939 адбылася не беларуская, а — савецкая агрэсія супраць Польшчы. Рэванш за прыніжэнне ў вайне 1919-1921 гадоў, успаміны пра якую былі зусім свежыя.
— У 1939 Масква разыграла беларускую карту роўна таксама, як гэтую карту зараз спрабуе разыграць Лукашэнка. А яно — не працуе. Бо шмат у каго нават з дзяржаўнага апарату дзеці вучыліся ці вучацца ў Польшчы. Бадай, у кожнага ў Заходняй Беларусі ёсць родныя ці сябры па той бок мяжы. Урэшце, людзі ведаюць Польшчу не з газеты «Праўда», а бачылі на свае вочы.
За што ім ваяваць? За Кузніцу і беластоцкі «Ашан»? Каго вызваляць? Студэнтак польскіх ВНУ з Гродна і Ліды, якія туды паехалі па «карце паляка»? Ці мужычкоў з Ваўкавыска, якія там працуюць у таксі ці трымаюць аўтасервіс?.. Дык гэтыя людзі будуць трымацца за Польшчу абедзвюма рукамі!
Трагізм сітуацыі ў тым, што ролю ахвяраў, якія пакутуюць ад «польскага пана», сёння выконваюць ...бежанцы з далёкіх краёў. Якіх самі ж беларускія памежнікі гоняць штурмаваць польскую мяжу. Вось іх можна паказаць па тэлевізары: галодных, змучаных, абвешаных дзецьмі, а лепш — мёртвых. Патрэбная карцінка? Вось яна!
Гістарычная рэканструкцыя падзеяў 17 верасня 1939 г. у Скідзелі, 17 верасня 2025 г. Фота: БелТА
Усе гэтыя танцы вакол 17 верасня, канешне, нічым не скончацца. Штучныя святы жывуць столькі, колькі жыве палітычная кан’юнктура. Або — палітык, які канструяваў тую кан’юнктуру. І тое, і другое ў гістарычным маштабе — імгненне.
Чатыры гады таму я пісаў артыкул «17 верасня. Свята з шуфляды» — пра незайздросны лёс даты, якая так і не стала народным святам у БССР. Усходнікам гэта было нецікава, а заходнікі — добра ведалі кошт таго свята. А пасля вайны ў тым свяце проста не было палітычнай патрэбы.
Патрэба з’явілася ўжо ў наш час. Бо для Лукашэнкі 17 верасня — гэта не пра беларусаў, а пра палякаў. Гэта спосаб «драконіць» Польшчу. Упэўнены, што, калі стасункі між краінамі зноў стануць добрасуседскімі, «дзень адзінства» зноў паляціць у сметніцу. Роўна таксама, як некалі 11 ліпеня, галоўнае свята даваеннага БССР, пра якое зараз ніхто не ведае.
Алесь Кіркевіч, Budzma.org