• budzma.by
  • Пра нас
  • Крама
Будзьма беларусамі! Будзьма беларусамі!
telegram www.instagram.com/budzma/ Facebook.com vk.com twitter.com youtube.com
  • Актуаліі
  • Меркаванні
  • Гісторыя
  • Літаратура
  • Гатуем з «Будзьма!»
  • «Разумняты»
  • Словы мацней
  • Вандруем разам
  • «Пра тэхналогіі і не толькі»
  • Афіша
24.04.2021 | Спорт

Колеры строгага рэжыму: якім футбольным камандам будзе не рада беларуская міліцыя

Успамін з натуры. Кастрычнік 2003-га, футбола ў Мiнску засталося на тры дні, тады яшчэ не «белакрылая», а проста зборная Беларусі гуляе з аўстрыякамі ў адборы да EURO’2004. Перад матчам — традыцыйныя меры бяспекі ад родный міліцыі ў выглядзе міні-нарады ля рамкі металашукальніка, піша Аляксей Асановіч на старонках выдання «Новы Час». Старэйшыя па званні праводзяць інструктаж малодшых: «Яшчэ раз! Запомніце: чырвона-бела-чырвонае можна, бела-чырвона-белае — нельга!..»


001.jpg
Аякс

У 2021-м з колераадчувальнасцю ў супрацоўнікаў стала нават лепш. Пад забарону падпадаюць не толькі ўласна БЧБ, але і ўсё, што можа здалёк нагадваць «сімволіку ворагаў айчыны». За сцягi Японіі, Англii і Канады беларусы ўжо рэальна атрымалі суткі. А што будзе, калі ў недазволеныя колеры раптам будуць апрануты шматлікія госці Беларусі па футбольнай лініі? Ды тыя ж ЧБЧшныя аўстрыйцы?..

Працы ў міліцыянераў будзе немала. Адмыслова для іх «Новы Час» склаў топ каманд у БЧБ-расфарбоўцы. Каб ужо падчас любога лёсавання службы аховы парадку ведалі, які канкрэтна футбол ім не патрэбны.

«Аякс» (Амстэрдам, Нідэрланды)

Клуб з галандскай сталіцы гуляе, бадай, у самай пазнавальнай БЧБ-форме ў свеце. Фірмовая вертыкальная паласа на белай камізэльцы «Аякса» прыгажэе ўжо больш за сто гадоў. У 1911-м амстэрдамцы ўпершыню выйшлі ў топ-дывізіён Нідэрландаў. На той момант будучы самы тытулаваны клуб краіны выступаў у форме ў белую і чырвоную палоску. Але такія ж, адзін у адзін, колеры былі і ў ратэрдамскай «Спарты» — таварыства з куды большым аўтарытэтам у галандскім футболе на пачатку ХХ стагоддзя. «Аякс» вымушаны быў нешта хутка прыдумаць: паняцця «другі камплект формы» проста не існавала.

Амстэрдамцы знайшлі геніяльны варыянт: пакінулі толькі адну паласу — але шырокую. З той пары «бел-чырвона-белых» з Амстэрдама ні з кім не пераблытаеш, а па колькасці тытулаў і «Спарту», і ўсіх астатніх у Нідэрландах яны ўжо апярэдзілі.

Дарэчы, форма «Аякса» не толькі гістарычная, але і стылёвая. Яна часцяком трапляе ў розныя топы «самых-самых» футболак. Паводле версіі англійскай газеты «The Sun», майка «Аякса» з 70-х заняла 9-е месца сярод камізэлек усіх часоў, а паводле версіі штотыднёвіка «France Football» — першае!

Не будзем забываць і аб тым, што фанаты амстэрдамцаў — даволі рэзкія хлопцы, якім будзе дастаткова складана растлумачыць, чаму сцяг іх клуба ў Беларусі ў «бане». Баявая групоўка ў «Аякса» не проста існуе, а часцяком лупіцца з усімі запар. Куды глядзіць галандская паліцыя — абсалютна незразумела.

«Спартак» (Масква, Расія)

Вельмі доўга гуляе ў белым і чырвоным і маскоўскі «Спартак». Яшчэ ў 1935-м энтузіясты, якія стварылі спартыўнае таварыства, прапанавалі гэтыя колеры для каманды. З той пары так і гуляюць: белая палоска на чырвоным дома, чырвоная на белым — у гасцях.

Калі гасцяваць давядзецца ў Мінску, могуць быць праблемы. Дарэчы, і ў гэтага клуба фанаты — даволі баявыя таварышы. Самы папулярны клуб Расіі ў незалежнай Беларусі афіцыйных матчаў яшчэ не гуляў. Але «ультрас» «Спартака» ўжо прыязджалі ў Барысаў падтрымаць іншую «бела-чырвоную» каманду — белградскую «Црвену Звезду» ў гульні супраць БАТЭ.

«Штутгарт» (Германія)

Каманда са сталіцы нямецкай зямлі Бадэн-Вюртемберг гістарычна не чужая беларускім футбольным аматарам. Менавіта ў ёй па-сапраўднаму ўзышла зорка Аляксандра Глеба — найлепшага айчыннага гульца ў ХХІ стагоддзі. Шэсць гадоў ён выходзіў на поле ў фірмовай штутгартскай белай майцы з чырвонай паласой. Гэтыя колеры у швабскай каманды з 1949-га.

002.jpg

«Арсенал» (Лондан, Англія)

Яшчэ адзін клуб Глеба, дзе Аляксандр правёў, бадай, лепшыя гады кар’еры (па іроніі лёсу — таксама ў БЧБ). «Кананіры» ўжо двойчы прыязджалі ў Беларусь — абодва разы ў Барысаў. Аднойчы БАТЭ нават удалося перайграць лонданцаў — 1:0 дзякуючы голу Станіслава Драгуна. Міліцыі было шмат, але за бела-чырвона-белую вопратку тады не «прымалі». Для гэтага давялося б пастарацца: заўзятары англічан занімалі прыкладна чвэрць «Барысаў-Арэны». Хто забыў, менавіта на першай гульні здарыўся той самы забег з бел-чырвона-белым сцягам заўзятара Аляксандра Вянгерскага... Цяпер запакаваць прыйшлося б нашмат больш, чым аднаго парушальніка парадку.

Паводле легенды, чырвоную майку з белымі рукавамі «Арсеналу» прыдумаў у 1930-х сам Херберт Чэпман — легендарны трэнер і вялікі наватар футбола. Спалучэнне колераў і выдатная гульня лонданцаў перад Другой сусветнай вайной дадалі «кананірам» шмат прыхільнікаў. Напрыклад, «Брага» з Партугаліі — таксама выбітны клуб — у 1946-м змяніў старыя зялёна-белыя майкі на арсенальскія БЧБ. Паводле адной з версій, аб гэтым папрасіў прэзідэнта клуба венгерскі трэнер Ёжэф Саба пад уражаннем ад вялікага «Арсенала» — і «Брага» адразу ж выйграла турнір у другім партугальскім дывізіёне. На фарт БЧБ вырашылі захаваць.

Зборная Англіі

І гэтая легенданая каманда ў Беларусі ўжо была ў 2008-м. Знакамітыя заўзятары на тры дні запаланілі цэнтральныя вуліцы Мінска з куфлямі піва ў адной руцэ і бела-чырвоным сцягам з крыжом Святога Георгія ў другой... Цяжка ўявіць, што б было пры такой падтрымцы зараз. А тады англічане «had fun»: пакаштавалі «Крыніцы» і «Аліварыі», сфатаграфаваліся з Леніным, выйгралі ў хлопцаў Бернда Штанге 3:1... Здаецца, наступным разам у Мінску за Англію будуць заўзець нават больш.

Зборная Турцыі

Флаг Турэччыны — белы паўмесяц і белая зорка на чырвоным полі. Не дзіўна, што колеры нацыянальнай каманды такія ж. Прычым часцяком дызайнеры выкарыстоўваюць БЧБ-варыянт. Час ад часу — толькі на майках. Час ад часу — у комплексе (белая футболка, чырвоныя шорты, белыя гетры).

Прыезд зборнай Турцыі — заўсёды карнавал і свята. Але і гарачыя ультрас у турак таксама ёсць. Калі айчынная міліцыя пачне прапанаваць пазбавіцца сімволікі неўстаноўленага ўзору, можа зрабіцца сапраўды горача.

Зборная Польшчы

«Бяла-чэрвоныя» таксама бывалі ў Беларусі — гэта ім Раман Васілюк забіў покер у знакамітай гульні на «Дынама». Палякі-заўзятары — гэта стыхія. Колеры ў іх таксама цяжка забраць. Самая кепская навіна: Польшча побач, трэвэл адтуль танны, калі месцы для гасцей будуць распрададзеныя, можна зладзіць ганца ў Мінск, каб той затарыўся квіткамі ў беларускія сектары, што ўвогуле няцяжка: нашы людзі наўрад ці такую гульню раскупяць за дзень. Усё ж не мадрыдскі «Рэал». І нават не «Атлетыка».

«Атлетыка» (Мадрыд, Іспанія)

Дарэчы, «атлеты» — яшчэ адна БЧБ-каманда, якая тэарэтычна можа напаткаць беларусаў у еўракубках. Лічыцца, што гэтыя колеры клуб атрымаў у 1911-м, бо першыя камізэлькі былі пашытыя з тканіны для матрасаў з характэрнай расфарбоўкай — яна была самай таннай на той момант. Стрыечныя браты мадрыдцаў — «Атлетык» з Більбаа — таксама заязджалі ў Барысаў, дзе саступілі тамтэйшым «жоўта-блакітным». Абышлося без інцыдэнтаў. Але што будзе, напрыклад, восенню, калі ў Беларусь раптоўна наедуць фанаты «Атлетыка», цяжка ўявіць. Здаецца, забарону на БЧБ давядзецца на нейкі тэрмін скасаваць.

«Манака»

Клуб з мікрадзяржавы на Блакітным Беразе доўга над колерамі не думаў: узяў іх з фамільнага герба князя Манака і нацыянальнага сцяга. І з гонарам носіць вось ужо 96 гадоў. У БЧБ манэгаскаў апраналіся такія зоркі, як Юрген Клінсман, Цьеры Анры і Жорж Веа. А вось у Мінску зараз хадзіць у іх можа быць небяспечна.

«Kёльн» (Германія)

Яшчэ адзін біты на «Барысаў-Арэне» клуб, які выкарыстоўвае белы і чырвоны. Сімвалічна, што «Кёльн» заязджаў у Беларусь у адной групе Лігі Еўропы з «Арсеналам» і «Црвенай Звездай» — то-бок, усе каманды былі ў розных варыянтах БЧБ.

Заўзятары «Кёльна» ўразілі. Невыпадкова: для нямецкага клуба гэта быў першы матч у еўракубках за 25 гадоў. Пры гэтым у першым туры той ЛЕ-2017/18 «казлы» ўчынілі вялікую бузу ў Лондане. Але ў Барысаве пад прыглядам міліцыі ніякіх беспарадкаў не было. Нягледзячы на колеры.

«Алімпіякос» (Пірэй, Грэцыя)

Гранд з прыафінскага порта можа навесці «шухер» у любой кропцы Еўропы. Фанаты «Алімпіякоса» — гэта мала таго, што БЧБ ад галавы да ног, дык яшчэ і вандруючае па ўсім кантыненце фаер-шоу. Плюс баявыя групоўкі, якія гатовы даць рады дзе заўгодна і каму заўгодна. Плюс сяброўства з тымі ж маскоўскім «Спартаком» і «Црвенай Звездай». «Алімпіякос» нямала мяняў канфігурацыю формы, але адно заставалася нязменным: белыя і чырвоныя палоскі. У некаторых сезонах шырэйшыя, у некаторых — больш вузкія.

003.jpg

«Раё Вальекана» (Мадрыд, Іспанія)

Здалёк бачная дыяганаль у стылi БЧБ на футболках трэцяга мадрыдска клуба «Раё Вальекана» з’явілася не адразу. «Веліканы» вельмі хацелі знайсці найлепшае спалучэнне колераў, шмат чаго перабралі і спыніліся на белым і чырвоным. Але ў іх у Мадрыдзе ўжо гуляў «Атлетыка». Клубы селі за стол перамоў — і сышліся на кампрамісе: у «Вальекана» будзе чырвоная паласа, але толькі адна. Тут яна сімвалізуе больш стралу на эмблеме клуба. У гэтым сезоне «пчолы» не страцілі шанцаў на пад’ём у прымеру. А адтуль ёсць сакрэтны шлях і да еўракубкаў, і да Беларусі.

004.jpg

«Стандард» (Льеж, Бельгія)

Льежцы таксама майстры піратэхнікі, тыфа і іншых фанатскіх перформансаў. Яны ўжо бывалі ў Мінску: у 2013-м перамаглі «Мінск». Усё прайшло ціха, хаця невялічкая колькасць бельгійскіх заўзятараў прыехалі «на колерах». З БЧБ «Стандард» толькі аднойчы нарваліся на праблему, але не ў Мінску, а ва ўласным бельгійскім першынстве. У 2014-м ім давялося заклеіць белыя часткі футболкі чырвоным скотчам. Прычына — загад дэлегата матча і суддзяў. Справа была перад гульнёй з «Шарлеруа». Белы ў той час быў і ў форме апанентаў. Што рабіць? Кіт-менеджары «Стандарта» ўзяліся за ізаленту і хуценька ператварылі БЧБ у проста Ч. У другім тайме пачало адклейвацца, але як ёсць...

«Славія» (Прага, Чэхія)

Каманда з чэшскай сталіцы крыўдна захлопнула перад БАТЭ калітку ў Лігу чэмпіёнаў-2017/18. Адзін з самых старых клубаў ва Усходняй Еўропе («Славіі» 129 гадоў!) спачатку быў роварным, але хутка пачалі гуляць і ў футбол. У якасці колераў пры заснаванні выбралі чырвоны і белы. Чырвоны, па задумцы, сімвалізуе кроў і сэрца, а белы — дух «fairplay». Тады ж на майках з’явілася і перавёрнутая пяціканечная зорка — сімвал новай надзеі, пастаяннага жадання станавіцца лепш і духапад’емнасці.

Нягледзячы на чырвона-белыя майкі фанаў «Славіі», гульня на «Барысаў-Арэне» прайшла даволі спакойна. Куды больш за чэшскіх фанатаў запомніўся стрэл Міркі Іваніча побач са стойкай. БАТЭ перамог 2:1 — для праходу ў наступны раунд не хапіла менавіта аднаго мяча, бо ў Празе «жоўта-блакітныя» саступілі 0:1.

«Саўтгемптан» (Англія)

Белыя і чырвоныя палоскі на майках брытанскіх клубаў — з’ява даволі частая. Бадай, першай камандай, якая ўвяла іх у мэйнстрым, стаў «Стоўк Сіці» ў 1883-м. У 1891-м ліга вырашыла, што дзве каманды не могуць выкарыстоўваць аднолькавы дызайн, і палоскі адышлі да іншага прэтэндэнта — «Сандерленда». Цяпер абодва гэтыя клубы працягваюць гуляць у тых жа расфарбоўках, аднак далёка ад прэмьер-лігі.

Але ў эліце англійскага футбола усё роўна ёсць каманда ў БЧБ-колерах — «Саўтгемптан». Хлопцы з партовага горада вырашылі гуляць у такім выглядзе ў 1884-м — у гонар таго, што большасць футбалістаў у камандзе калісьці бегала за той самы «Стоўк Сіці». Але ў той час палос было толькі дзве. Больш іх стала у 1888-м. Дый цяпер каманда часцяком эксперыментуе з таўшчынёй і колькасцю. Напрыклад, выяздная форма ў сезоне-2021 — яшчэ адна варыяцыя на тэму чырвонай дыяганалі на белым полі.

Гэта зараз «Саўтгемптан» — засцянковая шляхта. А на стыку XIX і XX стагоддзяў гэта была адна з лепшых каманд Англіі, якая чатыры разы за дзесяць год (з 1892-га па 1902-гі) выйгравала паўднёвую лігу. Кажуць, што менавіта ў той час адзін з караблёў з саўтгемптанскага порта адправіўся якраз у Більбаа — так і там з’явілася БЧБ-форма, у якой гуляюць і зараз.

«Ольбарг» (Данія)

Дацкія клубы вельмі паважаюць белы і чырвоны. Што не здзіўляе: гэта колеры нацыянальнага сцяга. І адзін, і другі сустракаецца на майках «Орхуса», «Міцьюланда», «Нордшэлланда», «Вейле»... Дый нацыянальная зборная (якая заязджала ў Мінск) таксама гуляе ў іх.

Але ярчэй за ўсё БЧБ выражаны ў «Ольбарга». З ім калісьці гуляла загінулае мінскае «Дынама-93» — была справа ўлетку 1997-га ў Кубку Інтэртота. Беларусы прайгралі ў гасцях, а сустрэчы ў Беларусі рэгламент тады не прадугледжваў. Магчыма, у будучыні — з адным з існуючых нашых «Дынама»?..

«Хапаэль» (Беэр-Шэва, Ізраіль)

Большасць ізраільскіх «Хапаэляў» мае сярод сваіх колераў чырвоны. І гэта невыпадкова. Спартыўнае таварыства было заснавана яшчэ да ўзнікнення самой краіны і з самага пачатку згуртавала сярод сваіх членаў працоўны клас і людзей левых палітычных поглядаў — адсюль і колер пралетарскага сцяга. Само слова «хапаэль» у перакладзе з іўрыта азначае «рабочы». «Рабочыя» з Беэр-Шэвы дадалі да сваёй формы яшчэ і белы.

«Гамільтан Акадэмікал» (Гамільтан, Шатландыя)

Калі вы не пільна сочыце за шатландскай прэмьер-лігай, вы можаце падумаць, што «акадэмікі» — нейкі глыбокі мінор са дна возера Лох-Нес. Аднак гэта не так: «Гамільтан» — у эліце апошнія сем год. Адразу пасля ўзнікнення клуба (а яму без трох гадоў 150) гульцы выходзілі на газон у вішнёвым і шэрым, але потым вырашылі на карысць белага і чырвонага. Традыцыя захавалася да нашых дзён.

«Сьён» (Швейцарыя)

Клуб з прыгожых берагоў Роны ў кантоне Вале многім памятны легендарнай перайгроўкай матча з маскоўскім «Спартаком», калі давялося мераць вароты на «Лужніках». Аднак у гісторыі «бела-чырвоных» былі і два чэмпіёнскіх тытулы, і трынаццаць (!) кубкаў Швейцарыі. А хто помніць, што менавіта ў БЧБ «Сьёна» скончыў у 2013-м кар’еру легендарны апорнік зборнай Італіі Джэнара Гатуза?

У 1909-м, калі клуб толькі ствараўся, над колерамі і эмблемай доўга не думалі — проста крышку пераасэнсавалі герб горада, дадаўшы да яго надпіс «FCSION». Так і гуляюць да гэтай пары.

У Мінск «Сьён» пакуль не прыязджаў. Была зборная Швейцарыі, але іх заўзятарам прасцей — усё-ткі на атрыбутыцы больш чырвонага, чым белага.

«Антальяспор» (Анталья, Турцыя)

«Скарпіёны», як клічуць уласныя фанаты каманду са сталіцы турэцкага адпачынкавага выраю, існуюць з 1966-га. І ўвесь гэты час — у БЧБ. Нават устаноўчыя дакументы — з дыяганальнай чырвонай паласой.

Сімвалічна, што свой першы ў гісторыі еўракубкавы матч «Антальяспор» правёў у Мінску. У 1996-м у межах Кубка Інтэртота туркі аказаліся мацней за беларускую «Атаку-Ауру» — 3:0. Мінчукам заставалася жыць зусім нядоўга — праект амбітнага Якава Шапіра ніяк не знаходзіў грошай на далейшае існаванне. А вось «Антальяспор» з той пары падрос у статусе. Тут нават Самуэль Эта’о гуляў. Так што ў клуба нядрэнныя шанцы яшчэ раз завітаць у Беларусь па еўракубкавай справе. Толькі вось з колерамі трэба паакуратней...

...Гэты спіс можна расцягнуць на цэлую кнігу. І гэта не лічачы чыста геральдычных супадзенняў. Напрыклад, флаг галандскага горада Энсхэдэ — таго самага, дзе гуляе футбольны клуб «Твэнтэ» — гэта аккурат БЧБ. Блізкі да гэтага — і флаг эмірата Шарджа ў ЗАЭ, дзе таксама ёсць свае каманды.

Чырвоны і белы ў футбольным свеце настолькі частае спалучэнне, што забараняць любое яго выкарыстанне сабе даражэй. Нават калі мы выйдзем па-за еўрапейскія межы, мы ўбачым сполыхі БЧБ паўсюль. У гэтых колерах гуляе мексіканская «Нэкакса» з Паўночнай Амерыкі і бразільскі «Інтэрнасьянал» з Паўднёвай. Трыбуны аргентынскага стадыёна «Манументаля» спрэс у бел-чырвона-белым, бо там гуляе «Рывер Плэйт» — той самы легендарны клуб, у майцы якога развітальнае відэа запісаў беларускі дыпламат Уладзімір Астапенка (праз нязгоду з вынікамі выбараў і міліцэйскім гвалтам ён пакінуў пасаду ў беларускім пасольстве ў Парагваі і Перу).

У Афрыцы ёсць каірскі «Замалек» з чырвонай паласой на грудзях, а ў Інданэзіі — «Мадура Юнайтэд». Які не мае дачынення да прэзідэнта Венесуэлы і тройчы выйграваў нацыянальны чэмпіёнскі тытул. Нават у Новай Зеландыі ў БЧБ-майках выходзяць на поле гульцы «Уайтакеры Юнайтэд». І ніхто іх за гэта не арыштоўвае.

«Новы Час»

Апошняе ў рубрыцы:

valiancina_shauchenka
Літаратура Беларуская мова

Васіль Каваль — пісьменнік з моцнай сувязі з зямлёй, вёскаю, сялянствам

Каб даведацца, што за людзі былі пісьменнікі, якія ўваходзілі ў літаратуру ў 1920-я і пазнейшыя гады, з кім хаўрусавалі,...

valiancina_shauchenka
Гісторыя

Падчас раскопак на тэрыторыі музея «Стары Менск» была знойдзена сенсацыйная знаходка

Археолагі разам з валанцёрамі знайшлі донца гаршка з асабістым гербам князя Ізяслава, паведамляе Глеб Лабадзенка. ...

valiancina_shauchenka
Музыка

«Мне хацелася даць сігнал, што мы чуем адзін аднаго»: Света Бень запісала новы альбом

Новы музычны альбом Светы Бень нарадзіўся ў супрацоўніцтве з Галяй Чыкіс. Пакуль плытка яшчэ не мае назвы, але пачуць...

valiancina_shauchenka
Грамадства Музыка

Затрымалі Святлану Герасімовіч, маці спявачкі Рыты Дакоты

Пра гэта паведамляюць праваабаронцы. Праўладныя СМІ пішуць, што жанчына была «ўдзельніцай масавых беспарадкаў, падтрымлівала...

Апошнія навіны

    Літаратура Беларуская мова
    Васіль Каваль — пісьменнік з моцнай сувязі з зямлёй, вёскаю, сялянствам
    Гісторыя
    Падчас раскопак на тэрыторыі музея «Стары Менск» была знойдзена сенсацыйная знаходка
    Музыка
    «Мне хацелася даць сігнал, што мы чуем адзін аднаго»: Света Бень запісала новы альбом
    Грамадства Музыка
    Затрымалі Святлану Герасімовіч, маці спявачкі Рыты Дакоты
    Грамадства Адукацыя
    Не стала прафесара Анатоля Федарука, выбітнага знаўцы сядзібна-паркавай гісторыі нашай краіны
    Гісторыя Гатуем з «Будзьма!»
    Страва для сарматаў — хатні паштэт з курынай печані. Гатуем разам з «Будзьма!»
    Гісторыя Літаратура Беларуская мова
    Сёння дзень памяці Якуба Коласа
    Літаратура
    Эпоха Купалы: далёкая і незабытая. Дзе пабачыць аўтографы паэта і вершы ў патроннай гільзе?
    Грамадства Адукацыя
    Літоўскую школу пад Воранава закрываюць. Афіцыйна — з-за «пагрозы жыццю і здароўю дзяцей»
    Краіна Асоба
    «Колькі грошай пайшло, не лічыў і не хачу». Былы мэр Талачына адзін аднаўляе 200-гадовую капліцу
    Грамадства
    Рабіся інакшым — альбо загінеш
    Грамадства Літаратура
    Названы лаўрэаты Міжнароднай літаратурнай прэміі імя Гётэ
    Грамадства Гісторыя
    У Гродне могуць знесці канструктывісцкі дом 1930-х. Яго пачалі аднаўляць, а цяпер прадаюць
    Грамадства
    Музыку Ігара Банцэра арыштавалі на 15 сутак. Прычына невядомая
    Грамадства
    Краязнаўцу і журналіста Ігара Хмару затрымалі за размову на беларускай мове на вуліцы

Афіша

  • 14.08 — 13.08

    ПАДЗЕЯ ДНЯ: Астранамічная экскурсія з Віктарам Малышчыцам у Сёмкаве

  • 14.08Фотавыстава Віталя Бутырына «Паэтыка фотаграфікі» ў Мінску
  • 14.08 — 31.08Зброя ВКЛ на выставе ў Нясвіжы
  • 14.08 — 25.09Выстава беларускага мастацтва «Калі сонца нізка — цені доўгія» ў Лейпцыгу
  • 14.08 — 28.08Выстава Марка Шагала ў Мінску
  • 14.08 — 18.09Арганны фестываль Ars Magna Organi па гарадах Беларусі
  • 14.08 — 18.08Выстава «Odszkolnić!» у Беластоку
  • 14.08 — 19.09Выстава Сяргея Селіханава «Вяртанне» ў Віцебску

УСЕ ПАДЗЕI

Рассылка навінаў

Важнае пра нас

  • Што такое "Будзьма беларусамі!"
  • Рэкламадаўцам
  • Асобы кампаніі
  • Усе праекты "Будзьма!"
  • Рэдакцыйная пошта: razam@budzma.org

Папулярнае

    • Вядомы рэпетытар і педагог Яўген Лівянт тлумачыць, чаму правалілася кампанія па набору ў ВНУ
    • З’явілася магчымасць усталяваць беларускі інтэрфейс у Windows
    • Як праходзіць фестываль SPRAVA ў вёсцы Белая Царква — фотарэпартаж
    • У Магілёве паставілі помнік святару Каніскаму
    • Анёл і яго цень. Два гады пасля 9 жніўня 2020-га
© Грамадская культурніцкая кампанія «Будьма беларусамі!», 2008-2019.
Логотип
Распрацавана і звярстана Логотип компании IBWM