Раман Скірмунт. Не прарок, а голас адэкватнасці... у пустыні

У складаныя часы людзі чуюць не маштабных асобаў, але — маленькіх, якія распавядаюць пра маштабнае. Першыя маюць планы, другія — казкі. У казку заўжды хочацца верыць. Гастралёры-казачнікі застаюцца, арыстакраты — сыходзяць у нябыт. Бязгучна. Бо — выхаваныя. Не маюць звычкі бразгаць дзвярыма.

Раману Скірмунту — пашчасціла. Не пры жыцці, а па смерці. Прафесар Алесь Смалянчук напісаў пра яго вялізную біяграфічную працу, пад тысячу старонак. Зараз — перавыдаў. Напэўна, яе не прачытаюць «шырокія працоўныя масы» беларускага Фэйсбуку, але кніга — застанецца. 

Нагадаю, што пра Ластоўскага, Луцкевіча, Сераду, Захарку, Крачэўскага ды іншых «айцоў БНР» — няма сур’ёзных біяграфічных працаў. У лепшым выпадку — зборы твораў. Ці брашуркі. Мы іх шануем, але... нічога пра іх не ведаем. Галеча гістарыяграфіі канвертуецца ў галечу палітычнай думкі. Бо, здаецца, мы так нічога і не зразумелі пра гісторыю сваёй краіны.

raman-skirmunt.jpgДругое выданне кнігі пра Рамана Скірмунта, аўтарства Алеся Смаленчука. Фота: hrodna.life

Лепшы кандыдат на прэзідэнта БНР? 

Нагадаю, Раман Скірмунт сярод палітыкаў БНР — рэдкае выключэнне. Арыстакрат, бізнесовец, дэпутат у царскую думу. Уся ягоная адукацыя — тры класы гімназіі ў Рызе, але гэта не перашкаджала чалавеку пісаць працы па землекарыстанні. А зямля, нагадаю, — самае пякучае на той час палітычнае пытанне. У чым сакрэт? І сам Скірмунт, і яго продкі не проста жылі на зямлі: яны ёй кіравалі. 

Раман Скірмунт
Раман Скірмунт

Чалавек, прыхільны да беларушчыны: калі гаварыў па-беларуску, міжволі «шчо»-каў, бо сам з Парэчча на Палессі. Дарэчы, як і Станіслаў Аўгуст Панятоўскі: той з Воўчына і па-беларуску таксама казаў «Шчоб...». А яшчэ — Скірмунт гаварыў па-польску, па-расійску, па-нямецку, па-французску, па-ангельску... і так далей. Як інакш? Парода. 

Здаецца, калі б у БНР была пасада прэзідэнта — ці можа быць лепшая кандыдатура? Была пасада прэм’ера, але і яе Скірмунт займаў зусім нядоўга. Яго з’елі сацыялісты-філолагі. Ён ім планы, яны — маніфесты. Ён пра грошы, яны — пра пазыкі. Ён пра дзяржаву, яны — пра дэкларацыю дзяржавы...

Раман СкірмунтРаман Скірмунт

У складаныя часы перамагае простае. Сітуатыўна перамагае. Скірмунт сышоў з беларускага палітыкуму яшчэ да таго, як усе гэтыя ўрады і камітэты пераўтварыліся ў фарс. Яму было куды вяртацца: у сямейны бізнес. На зямлю. Да людзей. Да тых людзей, якія ўрэшце яго і забілі — у 1939 годзе. Але забівалі Скірмунта некалькі разоў.

Забілі, выцерлі ды — пераўтварылі ў «графа Дракулу» 

Першы раз — забілі фізічна. У кастрычніку 1939-га. Арыштавалі ў маёнтку, не давезлі да турмы — расстралялі ў лесе. Паводле праф. Смаленчука, гэта не выпадковасць, але спецаперацыя НКУС, закамуфляваная пад «народны гнеў». Забойца, прадстаўнік «працоўных прыгнечаных масаў», вядома, спіўся. Але нейкі час насіў скірмунтаў гадзіннік. 

raman-skirmunt-04.jpgАпошняе фота сям'і Скірмунтаў у родавым маёнтку Парэчча на Палессі. Жнівень 1939 года

Другі раз — забілі гістарычна. У савецкай папулярнай гістарыяграфіі там і тут з’яўляўся нейкі «Скірмунт» (без імя, толькі прозвішча — як «граф Дракула»). То ў XVII, то ў XIX стагоддзі. І гэты «Скірмунт» прыгнятаў сялянаў, мучыў і выціскаў усе сокі. Апошні «Скірмунт», храналагічна блізкі да Рамана, маўляў, яшчэ і здрадзіў Радзіме, бо — кантактаваў з немцамі і палякамі. 

Нацыянальная гістарыяграфія для Скірмунта таксама аказалася неміласэрнай: яго проста выцерлі. Нібы і не было такога чалавека. Смалянчук згадваў, што калі прэзентаваў першае выданне сваёй кнігі сярод нашай дыяспары ў ЗША, то там проста не чулі пра такога чалавека. Пра Захарку, Крачэўскага, Сераду — чулі. Пра Скірмунта — не. Хто гэта? 

Пакуль чакаем прарокаў — менеджары праходзяць побач 

Калі мы гаворым пра мінулае, то заўжды гаворым пра сёння. Інакш пра мінулае не было б сэнсу размаўляць. 

Дык што нам з таго Скірмунта сёння? Магчыма, гэта гісторыя пра адказ на пытанне: ці гатовыя мы палітычна даверыцца чалавеку, які ставіць не на піяр, а на кампетэнцыю? Не на казкі, а на планы? Не на скандал, а на працу?

У 1918-м беларусы відавочна не дараслі да палітыкаў такога маштабу. У 1994-м — таксама. У 2020-м? У 2025-м?.. Калі вобразна, то Скірмунт — гэта зусім не прарок і не герой, а — голас адэкватнасці ў нашым палітыкуме. Самотны голас у пустыні. Пакуль мы чакаем прарокаў, адэкватныя менеджары — праходзяць побач. Непачутыя і незапатрабаваныя. 

Што ж, пачакаем яшчэ?

Алесь Кіркевіч, Budzma.org