Беларусь як Паўночна-Заходні султанат і прыемныя моманты

«Усе гэтыя выбарчыя гады, пачынаючы з 2001-га, мы чакалі цуду — ну, а раптам? Вось зараз нешта зьменіцца, сыстэма дасьць збой, і мы зробім глыток сапраўднага «Courvoisier»! Але ў бутэльку ўлады льюць ужо нават не армянскі каньяк, а нейкую ванючую барматуху». Лявон Вольскі піша пра побытавы (сама-)падман, выбары ў Беларусі і прыемныя моманты, які ўсё ж такі часам здараюцца ў нашым «Паўночна-Заходнім султанаце».


Volski-001.JPG
Лявон Вольскі. Фота Насты Касіапеі (з асабістага архіва Лявона Вольскага) 

Звычайны побытавы (сама-)падман часоў СССР

Калісьці даўно, за савецкім часам, мой бацька прывёз з Парыжу бутэльку сапраўднага францускага каньяку — «Courvoisier VSOP». Бутэлька гэтая стаяла на пачэсным цэнтральным мейсцы ў хатнім бары. Прыходзілі госьці, частаваліся, ухвалялі — дзіва што! — сапраўдны францускі каньяк! За часамі СССР такое можна было альбо прывезьці з-за мяжы (езьдзілі лічаныя асобы), альбо набыць у валютнай «Бярозцы» (куды мог патрапіць таксама вельмі абмежаваны шэраг грамадзянаў). Неўзабаве каньяк скончыўся, і ў бутэльку пачалі ліць звычайны савецкі (здаецца, армянскі) аналяг. То-бок, на налепцы напісана «Courvoisier», а ўнутры зусім іншая вадкасьць.

Просты прыклад банальнага побытавага (сама-)падману.

(Сама-)падман у беларускай рэчаіснасьці

Няміга

Але гэтак і зь цяперашняй беларускай рэчаіснасьцю. Напісана «Няміга», а насамрэч — перад табою навабуд, скляпаны з газасылікату ды плясмасы. Новыя пакаленьні й не здагадваюцца, якая насамрэч была тая, сапраўдная Няміга — вузкія вулкі, старыя дамы... У бутэльку пералілі сурагат, людзі п’юць, і шмат хто думае, што так і трэба.

Палац правасуддзя

Ці то напісана: «Палац правасуддзя». А ў гэтым «палацы» насамрэч адбываецца абсалютна супрацьлеглая правасуддзю рэч — беззаконьне. Там людзям выпісваюць гады зьняволеньня за лайкі, падпіскі, данаты ў 10 даляраў... Там пануюць ілжэсьведчаньні, даносы, непраўдзівыя паказаньні.

Палац незалежнасьці

Напісана «Палац незалежнасьці», а насамрэч гэта — безгустоўная гаргара ў паўночнакарэйскім стылі, якая будавалася ў той час, калі Беларусь падпадала пад усё большую залежнасьць ад Расеі.

Таварыства Чырвонага Крыжа

Ці то напісана: «Таварыства Чырвонага Крыжа», а гэтая арганізацыя насамрэч займаецца дапамогаю Расеі ў ейнай захопніцкай вайне й вывазам украінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторыяў. То-бок, кіднэпінгам. Вось табе й крыж з паўмесяцам. Можна сьмела ставіць крыж на такім крыжы!

Мастацкі фільм і рэкорды наведвальнасьці

І так паўсюль, дзе ні паглядзі! Напісана «мастацкі фільм», а там няма й блізка ніякага мастацтва, адна нягегла скляпаная прапаганда. І наўздагон: напісана «гэты фільм пабіў усе рэкорды наведнасьці, кінатэатры ламіліся ад гледачоў!». Насамрэч — стваралі масавасьць правераным савецкім мэтадам, заганяючы на сэансы розныя залежныя ад улады групы насельніцтва. Напрыклад, студэнтаў.

Песьня

Напісана: песьня. А насамрэч — гэта бездапаможны набор словаў ды гукаў, створаны чальцамі ўладнае сям’і, бо ніякім артыстам збоку давяраць нельга, яны — патэнцыйныя здраднікі!

Прэса

Напісана: прэса. Насамрэч — гэта войска прапагандыстаў, якія пра журналісцкую прафэсію ня маюць ніякага ўяўленьня.

Выбары без выбару

Напісана: ВЫБАРЫ. Але якія там выбары! Ад выбарцаў нічога не залежыць, асобы кандыдатаў даўно ўзгодненыя на найвышэйшым узроўні! І можна праявіць грамадзкую актыўнасьць, прыйсьці на ўчастак і прагаласаваць «за» ці «супраць», але на вынік гэта не паўплывае. Можна не хадзіць на галасаваньне, гэта таксама ніяк ні на чым не адаб’ецца. Адно што для ўлады патрэбная карцінка — вось ён, народ, у адзіным парыве прыйшоў на выбарчае сьвята! — таму кіраўніцтва звыкла заганяе на ўчасткі залежныя ад сябе групы насельніцтва. Напрыклад, зноў жа, студэнтаў.

Выбары ў 2024 у Беларусі
Выбарчая кампанія ў Беларусі. Фота: DW

Асабліва для студэнта(-кі) добра прагаласаваць датэрмінова, каб потым на ўсе выходныя паехаць дадому, у родны аграгарадок, дзе маму з бацькам тасама прымусілі ісьці на народнае волевыяўленьне, шантажуючы нявыдачай трактара ў пэрыяд сяўбы.

Што тут ужо казаць пра выбары прэзыдэнта (дарэчы, напісана «прэзыдэнт», але мы цяпер, хутчэй за ўсё, маем справу з падышахам ці то султанам, проста султану вельмі падабаецца слова «прэзыдэнт», ён вельмі хоча так называцца)!
Усе гэтыя выбарчыя гады, пачынаючы з 2001-га, мы чакалі цуду — ну, а раптам? Вось зараз нешта зьменіцца, сыстэма дасьць збой, і мы зробім глыток сапраўднага «Courvoisier»! Але ў бутэльку ўлады льюць ужо нават не армянскі каньяк, а нейкую ванючую барматуху, небясьпечную для ўжываньня. Але даводзіцца піць.

Бо так, паводле задумы, павінны рабіць усе грамадзяне РБ.

Дарэчы, наконт гэтае РБ. Напісана «Рэспубліка Беларусь», але якая гэта рэспубліка, калі там пануе незьмяняльная ўлада і плянуецца дынастычнае кіраваньне? Хутчэй, нейкі султанат!

І якая Беларусь, калі мэтанакіравана выкараняецца ўсё нацыянальнае? Дык што гэта? Паўночна-Заходні султанат?

Нечаканыя й прыемныя моманты

Але здараюцца і ў нашым султанаце нечаканыя й прыемныя моманты. Гэта — калі ты прызвычаіўся, што з экранаў, усталяваных у тваім горадзе — у мэтро, тралейбусах, іншых, як яны кажуць, «мейсцах грамадзкага карыстаньня» — ліецца рэкляма, прапаганда, інфармацыя ад «праваахоўных ворганаў» — а тут (раптам!) там узьнікае Сьвятлана Ціханоўская і настойліва прапануе ня ўдзельнічаць у так званых «выбарах». Бо насамрэч гэта — ніякія ня выбары.

pagonia-u-metro.jpg
Пагоня на экране ў метро ў Мінску 24 лютага 2024 г. Фота: @mkbelarus

Нямая сцэна. Шок! Пякучы глыток сьвежага паветра! Ці той сапраўднай гаючай вадкасьці, якая мусіць напаўняць нашае жыцьцё ў нашай краіне?

Лявон Вольскі, Budzma.org

*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыкі» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі