У Гомелі ў музей здалі зуб маладога шарсцістага насарога

09.02.2021 Гісторыя

Фонды музею гомельскага палацава-паркавага ансамбля папоўніліся новым экспанатам, які захаваўся з тых часоў, калі на тэрыторыі Беларусі панаваў ледавік.

002.jpg

У 70-я гады мінулага стагоддзя ў раёне «Мельнікавага лугу» намывалі пясок для будаўніцтва новага мікрараёну. Тады земснарад падняў на паверхню значную колькасць костак дагістарычнай фаўны. Некаторыя выпадковыя знаходкі засталіся ў гамельчанаў у якасці сувеніраў. Нарэшце ў студзені гэтага году адна са знаходак была перададзена ў музей Гомельскага палацава-паркавага ансамбля. Гэта быў зуб маладога шарсцістага насарога, паведамляе суполка музею ў ВК.

001.jpg

Шарсцісты насарог (Coelodonta antiquitatis) жыў на адкрытых прасторах Еўразіі ў плейстацэне і раннім галацэне, канчаткова знікнуўшы 8-14 тысяч гадоў таму. Гэта быў тыповы прадстаўнік «мамантавага стэпу». Яго выміранне навукоўцы звязваюць не толькі з кліматычнымі зменамі, але і з паляваннем на яго першабытных людзей.

Па вонкавым абліччы шарсцісты насарог вельмі нагадваў насарогаў сучасных, але адрозніваўся больш буйнымі памерамі і доўгай поўсцю. Бліжэйшым сучасным родзічам шарсцістага насарога, як пацвердзілі генетычныя даследаванні апошніх гадоў, лічыцца суматранскі насарог, які таксама амаль знік.