Абласное свята духоўнай музыкі пройдзе ў Віцебску 7-8 студзеня, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці.
Мерапрыемства, якое праводзіцца ў абласным цэнтры з 1993 года, у гэты раз аб’яднае лепшых выканаўцаў духоўнай музыкі з Віцебска, Наваполацка, Оршы, Ушацкага, Глыбоцкага, Бешанковіцкага, Верхнядзвінскага і Полацкага раёнаў. Акрамя гэтага, у праграме заяўлены ўдзельнікі з Расіі.
Так, у першым канцэрце свята, які адбудзецца на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа, прымуць удзел два калектывы з Масквы – хор “Элегия” і фальклорны ансамбль “Радуга”. Яркай старонкай канцэрта стане выступ яшчэ аднаго расійскага калектыву – узорнага ансамбля званароў “Перезвон” з Тулы. Акрамя гэтага, гледачы пачуюць ўзорны хор дзіцячай школы мастацтваў №1 Віцебска, акадэмічны хор Віцебскага музычнага каледжа імя Салярцінскага, вакальны ансамбль “Рэзананс” Цэнтра культуры “Віцебск”, хор ветэранаў “Надзея”, узорны хор хлопчыкаў гімназіі №3 Віцебска, камерны жаночы хор цэнтра культуры Наваполацка, вакальны калектыў “Натхненне” з Ушачаў, харавую капэлу з Глыбокага.