Чаго бракуе для камфортнага жыцця і адпачынку ў Магілеве і іншых гарадах Магілеўскай вобласці? Якіх падзеяў і з’яў не хапае культурнаму жыццю? Якім вы хочаце бачыць свой горад?
Маеце ІДЭІ? Самы час, калі вашыя задумы і прапановы не проста маюць шанец, а мусяць быць заўважанымі і здзейсненымі!
“Кірмаш праектаў” – гэта месца, дзе збіраюцца культурніцкія прапановы, іх аўтары і крытыкі.
Удзельнічайце ў конкурсе і атрымайце падтрымку ў рэалізацыі сваіх задумаў ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” і Цэнтра даследванняў “СІМПА”.
ШТО ПАТРЭБНА ДЛЯ ЎДЗЕЛУ:
Каб стаць удзельнікам конкурсу, неабходна да 22.06.2018 уключна даслаць сваю ідэю на kirmash.praektau@gmail.com з пазнакай “Кірмаш праектаў-Магілеўшчына”. Праекты прымаюцца ў фармаце прэзентацый PowerPoint і аналагічных з пазначэннем дадзеных удзельніка (прозвішча, імя, арганізацыя, назва праекта, кантактны нумар тэлефона).
Што трэба ўключыць у прэзентацыю?
- назва, мэта і сутнасць ідэі;
- чаму і каму гэты праект неабходны?
- калі і дзе ідэя мусіць рэалізавацца?
- якія рэсурсы вы ўжо маеце і якія — шукаеце? (каманда, партнёры, бюджэт).
Інструкцыя па падрыхтоўцы прэзентацыі:
ХТО МОЖА БЫЦЬ УДЗЕЛЬНІКАМ:
Удзел могуць браць усе ахвочыя: дзяржаўныя і недзяржаўныя арганізацыі, фізічныя асобы, творчыя групы і ініцыятывы незалежна ад статусу і ўзросту.
ШТО БУДЗЕ ПАСЛЯ:
Публічная прэзентацыя ў фармаце “маланкавай размовы” (5-7 хвлін, якія даюцца на ваш выступ). Дата і месца будзе абвешчаная дадаткова.
Падчас прэзентацыі вы зможаце:
- распавесці пра свой праект/ідэю шырокай і невыпадковай аўдыторыі;
- апрабаваць і прарэкламаваць свае задумы;
- атрымаць экспертную і народную ацэнку свайго праекта;
- знайсці аднадумцаў, партнёраў, валанцёраў, пляцоўкі і рэсурсы для рэалізацыі вашай ідэі;
- пазнаёміцца з іншымі цікавымі і ініцыятыўнымі людзьмі свайго горада;
- натхніць сваім прыкладам тых, хто таксама мае файныя ідэі, але пакуль не асмеліўся выйсці з імі на публіку;
Падчас прэзентацыі праекты пабачаць афіцыйныя асобы і незалежныя прадстаўнікі культуры, грамадскія актывісты, прадстаўнікі бізнесу, турызму і іншыя зацікаўленыя, з кім будзе карысна абмеркаваць вашую прапанову ў дэталях.
Пасля выніковай імпрэзы экспертная рада адбярэ найбольш цікавыя і абгрунтаваныя праекты, з прадпрымальнай камандай і канкрэтнымі крокамі па рэалізацыі, новымі падыходамі да вырашэння праблем і культурна-сацыяльным кірункам. Кампанія “Будзьма беларусамі!” і “СІМПА” акажуць усю магчымую дапамогу: ад кансультацый да рэалізацыі.
Кампанія “Будзьма беларусамі!” ладзіць такія конкурсы ў розных гарадах Беларусі, каб дапамагчы жыхарам горада знайсці выйсце ў рашэнні важных мясцовых пытанняў.
“Будзьма беларусамі!” аб’ехала з “Кірмашамі” Віцебск, Магілёў, Брэст, Гродна, Рагачоў і іншыя гарады і мястэчкі Беларусі. Дзякуючы гэтаму фармату многія цікавыя гарадскія ініцыятывы здзейсніліся, іх ініцыятары пазнаходзілі аднадумцаў і для рэалізацыі іншых цікавых праектаў. Да прыкладу, у гэтым годзе “Кірмаш праектаў” у Віцебску дапамог узбагаціць Дзень горада і Дзень моладзі мноствам адметных падзей. Сярод іх – Летні маркет “Барадулінкі”, фестываль актыўнага адпачынку “Свята ветру”, турнір па футбольным фрыстайле “Вежа”, першая агульнагарадская фотасушка, “Спеўны сход” і нават вулічныя майстар-класы па танцах. А ў Магілёве з’явілася “Палатно гісторыі ў стылі графіці”, якое расказвала пра найбольш значныя гістарычныя даты, а яшчэ ініцыятыўныя жыхары горада здзейснілі літаратурны праект “Паэзія ў метро”, чым па атмасферы наблізілі свой горад да Лондана.
ЗБОР ІДЭЙ да 22 чэрвеня 2018 года ўключна
ДАСЛАЦЬ ІДЭЮ: праекты прымаюцца ў фармаце прэзентацый PowerPoint і аналагічных на kirmash.praektau@gmail.com
Даведкі і падрабязнасці: (29) 319 93 09, kirmash.praektau@gmail.com
Глядзіце таксама:
Кірмаш праектаў для дворыка “Крамы “Ц” у Гродне