Калі аднойчы рэжым у Менску нарэшце абрынецца, што будуць казаць у сваё апраўданне ўсе сённяшнія яго памагатыя? Ці з’явяцца шматкіламетровыя заторы на дарогах да Менску, калі беларусы будуць вяртацца з эміграцыі дадому, як сёння заторы ўтварыліся на дарогах у Дамаск? З нагоды падзення рэжыму Асада Лявон Вольскі праводзіць паралелі паміж рэжымамі ў Дамаску і ў Менску ды марыць пра светлую будучыню Беларусі.
Лявон Вольскі
Набліжалі сьветлую беларускую будучыню, як маглі
— Я на сваёй пасадзе рабіў усё, што мог дзеля таго, каб у нашай краіне ня зьніклі рэшткі дэмакратыі!
— А я ўсе сілы аддаваў таму, каб Расея не паглынула нашую любую Беларусь!
— А я сабатаваў злачынныя загады, адкладаў іхняе выкананьне!
— А я...
— А я...
Іх будзе шмат, гэтых прадстаўнікоў намэнклятуры, якія, як высьветліцца, кожны на сваім мейсцы, ня вельмі заўважна, непублічна, але набліжалі сьветлую беларускую будучыню і ненавідзелі рэжым. Ледзьве ня ўсе — ад намесьніка міністра да начальніка ЖЭСу. Ад лейтэнанта-гаішніка да гэнэрала-начальніка штабу ВПС. А тое, што ня звольніліся на знак пратэсту — дык тут усё ясна — на іхнія мейсцы маглі прыйсьці іншыя, значна горшыя, людзі. Сапраўды адданыя рэжыму, фанаты Лукашэнкі — і што б тады было? А было б толькі горай, вы сабе не ўяўляеце якога памеру тэрор маглі б учыніць гэтыя людзі! А мы на сваіх пасадах — як маглі, стрымлівалі іх, не давалі разгарнуць крывавыя рэпрэсіі ў краіне.
І вось цяпер, калі перамаглі дэмакратыя й прагрэс, мы надалей гатовыя працаваць для роднае Беларусі, для ўмацаваньня дэмакратычных каштоўнасьцяў, няўхільнага змаганьня за нацыянальныя інтарэсы ды панаваньня міру ва ўсім сьвеце.
Малюнак Лявона Вольскага
І войска, і міліцыя былі супраць...
І высьветліцца, што і войска было супраць, і міліцыя не была адданая (апроч асабліва апантаных, але яны ўжо ўцяклі на ўсход, іх абвясьцілі ў вышук і, калі зловяць, дык будуць судзіць па ўсёй строгасьці наваствораных законаў!), і завучы з дырэктарамі школаў, хоць і фальшавалі вынікі галасаваньня (па-іншаму было немагчыма тады, зразумейце!), але спрабавалі падпольна сфармаваць у дзіцячых галовах правільную шкалу каштоўнасьцяў, ачышчаную ад прапаганды і праўладнай агітацыі. Давалі дзецям зразумець, што ўсё гэта — агітацыя й прапаганда — лухта, шалупіньне, ня вартае ўвагі. Як маглі — жэстам, выразам вачэй, эзопавай моваю, чытаньнем паміж радкоў.
І толькі лічаныя людзі будуць цьвердзіць пра тое, якую краіну развалілі, парушылі адладжаныя сувязі, пра жыда-масонскую змову і пра тое, як торгаюць за нітачкі заакіянскія лялькаводы...
Канец рэжыму Асада і чэргі на вяртанне сырыйцаў з эміграцыі
Паўстанцы ў цэнтры Алепа здымаюць партрэт прэзідэнта Башара Асада (Фота: EPA)
Болей за пяцьдзесят гадоў пратрываў рэжым сям’і Асадаў у Сырыі. Болей за паўстагоддзя! Здавалася б, за такі працяглы час мусіць сфармавацца на падкантрольнай Асадам тэрыторыі нейкая спэцыфічная чалавечая супольнасьць, абсалютна ляяльная ўладам. Супольнасьць, якая варожа ставіцца да ўсяго, што йдзе ўразрэз з генэральнай лініяй ураду. Супольнасьць, якая заўжды ўхваляе ўсе дзеяньні свайго лідэра, гатовая аддаць за яго жыцьцё...
Але наяве ўсё зусім па-іншаму — рэжым абрынуўся, і людзі на вуліцах сьвяткуюць ягонае падзеньне — сьмяюцца, абдымаюцца. І вось ужо ўтварыліся шматкілямэтровыя аўтамабільныя заторы на дарогах, якія вядуць у Дамаск — сырыйцы масава вяртаюцца з эміграцыі дадому. І вось ужо прадстаўнікі асадаўскае намэнклятуры гавораць: «Мы толькі рабілі выгляд, што ляяльныя, насамрэч, усе мы былі супраць».
І невядома, што будзе з Сырыяй заўтра, хто там прыйдзе да ўлады — скрайнія іслямісты ці памяркоўныя. Але гэтая доўгая паўвекавая старонка нарэшце перагарнутая.
Асад уцёк, зь ягоных вязьніцаў выпускаюць закатаваных, траўмаваных на ўсё жыцьцё людзей, і на ўсеагульны агляд выстаўлены шыкоўны аўтапарк дыктатара (незразумела, навошта аднаму чалавеку столькі дарагіх люксавых аўто?), і падаюць, падаюць помнікі па ўсёй краіне...
Магчыма, празь якія пяць гадоў на вуліцы ў Дамаску вам скажа немалады мінак:
— А ведаеце, за Асадамі ня так і дрэнна жылося. Галоўнае — ня лезьці ў палітыку, і ўсё ў вас будзе. І датацыі на дзяцей рэгулярна плацілі, і ў бізнэсе дапамагалі...
Аднойчы ў Менску
І так хочацца апынуцца на летняй сонечнай ці то шэрай зімовай перадкаляднай менскай вуліцы і пачуць ад мінака:
— А я вам вось што скажу. За Лукашэнкамі ў Беларусі ня так і кепска жылося. І парадак быў, і зарабіць можна было пры жаданьні. Ня тое што цяпер, у гэтым Эўразьвязе — бардак, адно слова!
І ты ўсьміхнесься гэтаму пахмурнаму мінаку, нічога яму не адкажаш і пакрочыш па сваіх справах па менскай вуліцы. Па летняй, залітай сонцам. Ці то вясновай — залітай дажджом. Ці то зімовай, перадкаляднай — засьнежанай і зіхоткай. Усё роўна.
Лявон Вольскі, Budzma.org