Дзве цікавыя літаратурна-музычныя сустрэчы адбыліся на Дзятлаўшчыне. Перад вучнямі і настаўнікамі Лявонавіцкай базавай школы і Казлоўшчынскай сярэдняй школы выступілі паэт Міхась Скобла і спявачка Таццяна Грыневіч-Матафонава. М. Скобла прачытаў захапляльную міні-лекцыю пра беларускае кнігадрукаваньне – ад Скарыны да кніг, якія лёталі ў космас. Адну з такіх кніг-касманаўтаў паэт нават прадэманстраваў прысутным – паэтычны зборнік Васіля Зуёнка “Нача”, які пабываў на зямной арбіце ў далёкім 1978 годзе разам з Уладзімірам Кавалёнкам. Тады ў касмічных рэпартажах упершыню ў гісторыі гучалі беларускія вершы. Пазнаёміў Міхась вучняў і са сваёй паэзіяй – з нядаўна выдадзенай кнігі “Камізэлька для месяца”. Выступ паэта дапоўніла спявачка Т. Грыневіч-Матафонава, якая прыгожа выканала беларускія народныя песні і песні на словы Максіма Багдановіча, Янкі Купалы і Якуба Коласа. Падчас сустрэчаў ладзіліся таксама літаратурныя конкурсы, пераможцы якіх атрымалі памятныя сувеніры ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”.
Сяргей Чыгрын