У Беларусі працягваецца перасьлед гісторыкаў, для многіх зь якіх улада ўвяла фактычную забарону на прафэсію. Пра гэта і ня толькі Свабода пагаварыла з гісторыкам, кандыдатам навук, галоўнай рэдактаркай альманаху «Запісы Беларускага Інстытуту Навукі і Мастацтва» Натальляй Гардзіенкай.
«У эміграцыі асаблівую важнасьць набываюць кантакты з суайчыньнікамі-калегамі-аднадумцамі»
— Нядаўна вы ўдзельнічалі ў працы Кангрэсу дасьледнікаў Беларусі, які прайшоў у Гданьку. Якія вашыя ўражаньні ад гэтага вялікага навуковага сходу?
— Я ўдзельнічаю ў Кангрэсах дасьледнікаў Беларусі ад самага першага, зь невялікімі перапынкамі, і заўсёды для мяне гэта важнае мерапрыемства. Цягам колькіх гадоў я арганізоўвала спэцыяльныя панэлі па гісторыі й культуры беларускага замежжа, а на старонках альманаху «Запісы Беларускага Інстытуту Навукі і Мастацтва», які рэдагую, публікаваліся даклады ўдзельнікаў тых панэляў.
Ковід і падзеі 2020 году зьмянілі сытуацыю і для мяне асабіста, і для шмат каго з маіх калегаў, і для арганізатараў Кангрэсу. Цяперашні форум у Гданьску стаў добрай магчымасьцю ўжо ў новых умовах пабачыцца з калегамі, уявіць, дзе хто цяпер знаходзіцца, чым жыве й займаецца. У эміграцыі, як мне здаецца, асаблівую важнасьць набываюць кантакты з суайчыньнікамі-калегамі-аднадумцамі, і гданьскі Кангрэс даў мне магчымасьць гэткіх кантактаў.
Чытайце таксама: "У Гданьску праходзіць 11 Міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі"
Арганізатары Кангрэсу чарговы раз зрабілі вялікую працу, каб сабраць разам колькі соцень дасьледнікаў, даць магчымасьць агучыць свае даклады, абмеркаваць актуальныя праблемы, а разам з тым яшчэ й пазнаёміцца з новым горадам. Удзельнічала ў кангрэсах і ў Коўне, і ў Вільні, і ў Варшаве. У кожным горадзе былі свае асаблівасьці ў арганізацыі мерапрыемства, паўсюль бываюць і цікавосткі, і тэхнічныя складанасьці, што непазьбежна. Гданьск запомніцца і арыгінальным музэем Другой сусьветнай вайны, у якім адбываліся асноўныя мерапрыемствы, і развадным мостам, да часу апусканьня якога трэба было прыстасоўвацца, і шыкоўнымі відамі гораду ў часе пераходаў паміж пляцоўкамі Кангрэсу. Магу сказаць, што я была б рада, калі б нейкі з наступных кангрэсаў зноў адбыўся ў Гданьску.
«Кангрэс рызыкуе ўрэшце ператварыцца ў цалкам эміграцыйнае мерапрыемства»
— Арганізатары Кангрэсу ацанілі ягоныя вынікі як катастрафічныя, найперш беручы пад увагу склад і геаграфію ягоных удзельнікаў. А па-вашаму, наколькі плённым быў гэты вялікі навуковы сход?
— Мне складана ацэньваць плён працы ўсяго Кангрэсу, на якім было 14 тэматычных кірункаў і каля паўсотні панэляў, круглых сталоў, прэзэнтацыяў і іншых мерапрыемстваў. Тут традыцыйна былі, акрамя маіх калегаў-гісторыкаў, і палітолягі, і сацыёлягі, і эканамісты, і правазнаўцы, і літаратуразнаўцы, і журналісты, і шмат іншых спэцыялістаў. Для кожнага плён будзе свой. Таму я магу казаць толькі пра тое, чым стаў Кангрэс для мяне асабіста.
Я выступала з расповедам пра тое, як прадстаўнікі беларускай эміграцыі пасьля Другой сусьветнай вайны зьбіралі й пашыралі ў заходнім грамадзтве інфармацыю пра ахвяраў рэпрэсіяў у Беларусі 1920–1940-х гадоў.
Дакумэнты пра гэта зьберагліся ў архіўных зборах Беларускага Інстытуту Навукі і Мастацтва (Нью-Ёрк). Захаваньне памяці пра ахвяраў бальшавізму стала неад’емнай часткай місіі паваенных беларускіх эмігрантаў на Захадзе, іх рэпрэзэнтацыі незалежнай Беларусі. І гэта наўпрост перагукаецца зь дзейнасьцю, якую ў дачыненьні да цяперашніх рэпрэсаваных у Беларусі ажыцьцяўляе сучасная эміграцыя. Даклад быў прыняты добра, было багата пытаньняў, у тым ліку й ад украінскіх калегаў. Тэкст будзе апублікаваны ў чарговым выпуску альманаху «Запісы БІНіМ».
Па-за ўласным дакладам я слухала даклады калегаў на той самай сэкцыі па праблемах дэкалянізацыі. Як чалавека, які мае багата дачыненьняў з рознымі бібліяграфіямі, вельмі ўразіла праца Натальлі Гарковіч па публікацыі бібліяграфіі «Менскіх эпархіяльных ведамасьцяў», што выходзіць у лёнданскім выдавецтве «Skaryna-Press». На біяграфічнай сэкцыі, арганізаванай доктарам Алесем Смаленчуком, зацікавілі даклады пра Сяргея Сіняка (Хмару) і Кастуся Езавітава, абодва — дзеячы эміграцыі, таму й мая цікавасьць да іх зразумелая.
Рада, што змагла паслухаць калегаў на круглым стале «Гісторыкі Беларусі і актуальныя выклікі». Шмат размоваў было і ў кулюарах. І гэта заўсёды надзвычай важная частка кангрэсаў. Пабачыла багата калегаў, у тым ліку й тых, зь якімі ня бачылася колькі дзесяцігодзьдзяў, мела магчымасьць абмеркаваць агульныя праблемы, супольныя праекты, пазнаёмілася з новымі людзьмі. Такім чынам, для мяне асабіста Кангрэс у Гданьску быў плённым, і я шчыра ўдзячная ягоным арганізатарам за магчымасьць удзелу.
Але я разумею, чаму можа ісьці гаворка пра катастрафічнасьць сытуацыі.
На першых кангрэсах, здаецца, большасьць удзельнікаў былі зь Беларусі. Часам нават і мне закідалі, што панэль па замежжы можна спакойна арганізоўваць у Менску з тымі ж удзельнікамі, не абавязкова ехаць у Коўна. Памятаем і спробы арганізатараў (няўдалыя) адзін год зладзіць Кангрэс у Менску. Цяпер жа пераважная большасьць удзельнікаў знаходзяцца ў замежжы, зь Беларусі прыехалі або ўдзельнічалі онлайн адзінкі. І гэта адлюстраваньне катастрафічных зьменаў у беларускай навуцы апошніх гадоў. Кангрэс рызыкуе ўрэшце ператварыцца ў цалкам эміграцыйнае мерапрыемства. Але гэта, па-мойму, не зьмяншае важнасьці правядзеньня гэтых зьездаў навукоўцаў.
Можна згадаць сытуацыю, у якой апынуліся беларускія навукоўцы на Захадзе пасьля Другой сусьветнай вайны. Некаторыя зь іх знаходзілі магчымасьці ў новых складаных умовах эміграцыі працягваць досьледы ў розных амэрыканскіх, канадыйскіх, эўрапейскіх унівэрсытэтах. Аднак тады не было такіх маштабных беларусаведных канфэрэнцыяў, як цяперашнія кангрэсы. У 1970-х зладзілі некалькі Тыдняў беларускіх студыяў у Канадзе з удзелам некалькіх дзясяткаў дасьледнікаў, і гэта былі найбольш значныя такога кшталту навуковыя менавіта беларускія форумы. Цяперашнія Кангрэсы дасьледнікаў Беларусі, нават калі яны ператворацца ў менавіта эміграцыйныя навуковыя форумы, застануцца важнымі пляцоўкамі для дасьледнікаў.
«На Кангрэсе ў Гданьску ад розных калегаў чула, што самае важнае — застацца ў прафэсіі»
— Сотні беларускіх навукоўцаў за апошнія тры гады вымушаныя былі зьехаць зь Беларусі, у іх ліку і вы. Ці ўдаецца вам і вашым калегам працягваць паўнавартасную навуковую працу за мяжой? Што і хто ўплывае на магчымасьці беларускіх дасьледнікаў займацца вывучэньнем праблемаў радзімы, пакінуўшы яе?
— Варта заўважыць, што мае калегі сталі выяжджаць зь Беларусі ў выніку ціску і чыстак і ў Інстытуце гісторыі ў Менску, і ў Горадзенскім унівэрсытэце значна раней. Аднак цягам апошніх гадоў эміграцыя стала сапраўды больш інтэнсіўнай.
Зразумела, што тыя, хто зьехаў раней, цяпер у лепшым становішчы. Часам калегам даводзіцца выяжджаць у нікуды, каб уратавацца ад рэпрэсіяў. Зусім незаплянаваная была й мая эміграцыя. Аднак маім паратункам стала ў пэўным сэнсе тэма, якой я займалася яшчэ ў Беларусі — гісторыя эміграцыі. Напрацаваныя за два дзесяцігодзьдзі кантакты з рознымі структурамі беларускага замежжа, з арганізацыямі, якія зь ім працуюць, далі свой плён. Я атрымала вялікую падтрымку, за якую ўдзячная і Беларускаму Інстытуту Навукі і Мастацтва ў Нью-Ёрку, і Беларускай фундацыі Крачэўскага, і былому Згуртаваньню беларусаў сьвету «Бацькаўшчына», і іншым структурам і канкрэтным асобам на эміграцыі.
Сёньня я фактычна магу працягваць займацца тым жа, чым займалася ў Беларусі. Але мой выпадак, напэўна, можна лічыць выключным. Ведаю, што калегам бывае значна складаней знаходзіць працу, стажыроўкі, падтрымку для сваіх дасьледаваньняў у навуковых інстытуцыях Эўропы, складана заставацца ў «сваёй тэме». Часам даводзіцца шукаць магчымасьці й проста працаваць дзеля заробку, каб забясьпечваць сябе й сваіх блізкіх. На Кангрэсе ў Гданьску ад розных калегаў чула, што самае важнае — застацца ў прафэсіі.
Займацца гістарычнымі дасьледаваньнямі на эміграцыі, безумоўна, складаней, асабліва для тэмаў, завязаных на беларускіх архівах. Аднак, як сьведчыць практыка, заставацца ў прафэсіі магчыма. Часта могуць дапамагчы калегі, што выехалі раней. Мне здаецца, узаемадапамога сярод беларускіх гісторыкаў і агулам інтэлектуалаў на эміграцыі даволі значная, і гэта вельмі важна. Калегі дзеляцца інфармацыяй пра гранты, стажыроўкі, канфэрэнцыі, выданьні, дапамагаюць уладкоўвацца, калі ёсьць такія магчымасьці. Нават зьяўляецца адчуваньне, што, нягледзячы на геаграфічную раскіданасьць, прафэсійная супольнасьць гісторыкаў на эміграцыі зрабілася больш зьнітаванаю. Магчыма, гэта толькі маё ўяўленьне як новасьпечанай эмігранткі, але на Кангрэсе ў Гданьску ў мяне былі менавіта такія адчуваньні.
— Ці можаце сказаць, якія канкрэтна тэмы і праблемы вы цяпер дасьледуеце? І чым адрозьніваецца ваша праца ў эміграцыі ад той, якой вы займаліся ў Беларусі?
— Як і раней, працягваю займацца тэмай гісторыі й культуры беларускай эміграцыі. Як і раней, зьяўляюся сябрам Управы Беларускага Інстытуту Навукі і Мастацтва ў Нью-Ёрку — інстытуцыі, якая ад 1951 году аб’ядноўвае беларускіх інтэлектуалаў і творцаў на эміграцыі. Як галоўная рэдактарка альманаху «Запісы БІНіМу», працягваю працу над чарговымі ягонымі выпускамі. У супрацы з калегам па БІНіМе Лявонам Юрэвічам, а таксама Згуртаваньнем беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» далей працягваем выдаваць спадчыну беларускіх эмігрантаў. Сёлета ўжо пабачыў сьвет зборнік «Выбранага» паэта Міхася Кавыля, неўзабаве з друкарні выйдзе томік выбраных працаў айца Льва Гарошкі. На варштаце таксама вялікі альбом-даведнік па беларускіх пахаваньнях на Захадзе і розныя іншыя выданьні.
Безумоўна, самі ўмовы працы зьмяніліся. Парушыліся ранейшыя мэханізмы, асабліва зьвязаныя з выданьнем кніг. Недасяжнымі зрабіліся некаторыя архіўныя матэрыялы. Аднак знаходзяцца новыя магчымасьці, якія мы й выкарыстоўваем. Прынамсі, у кнігавыдавецтве наладзіліся добрыя сувязі з выдавецтвам Fond Kamunikat.org у Беластоку. У плянах на бліжэйшыя гады зноў каля дзясятка новых выданьняў, і ў гэтым для мяне, бадай што, ад эміграцыі нічога не зьмянілася.
«Дасьведчанага гісторыка або архівіста немагчыма замяніць, проста калі набраць выпускнікоў з гістфаку»
— Ня так даўно па Беларусі пракацілася новая хваля пагрому навуковых асяродкаў, у прыватнасьці, прайшлі масавыя звальненьні супрацоўнікаў архіваў. Вы таксама архівістка і можаце прафэсійна ацаніць наступствы такіх дзеяньняў улады для беларускай гістарычнай (і ня толькі) навукі. Якой вы бачыце яе будучыню ў Беларусі?
— Безумоўна, тое, што сёньня адбываецца ў Беларусі і ў архівах, і ў гістарычнай навуцы, выглядае сапраўднай катастрофай. Выцясьненьне прафэсіяналаў з навуковых установаў ня можа не адбіцца на ўзроўні працы, якасьці дасьледаваньняў.
Дасьведчанага гісторыка або архівіста немагчыма замяніць, проста калі набраць выпускнікоў з гістфаку. Чалавек сыходзіць разам з усімі сваімі ведамі, часам разам з тэмаю, якою ніхто іншы проста не займаецца. Каб выгадаваць новага спэцыяліста аналягічнага ўзроўню, неабходныя гады. Вынікі тых чыстак, якія адбываюцца сёньня, будуць адгукацца беларускай навуцы цягам доўгіх гадоў.
Адной з важных праблемаў робіцца ўсё большы разрыў паміж навукоўцамі, якія, нягледзячы на складанасьці, працягваюць працаваць у Беларусі, і тымі, хто змушаны быў выехаць на эміграцыю. Чым далей, тым большым будзе гэты разрыў, тым складаней яго будзе пераадольваць. І тым важнейшая роля кангрэсаў дасьледнікаў Беларусі як пляцоўкі, дзе гэты падзел паміж калегамі ў эміграцыі і ў Беларусі магчыма было б хоць крыху мінімізаваць.