Гэта самая далёкая лакацыя для Кангрэса за ўсе гады яго існавання. «Але далёкая — не значыць, чужая. Беларуская прысутнасць тут выразна адчуваецца», — заўважае суарганізатар Кангрэса Андрэй Казакевіч, асабліва пасля 2020 года. Ды і пасля Другой Сусветнай сюды прыехала шмат беларусаў, яны таксама адбудоўвалі гэтае месца.
У 11-м Кангрэсе даследчыкаў Беларусі ўдзельнічае больш за 200 спецыялістаў у самых розных навуковых галінах: гісторыіі, філалогіі, палітыцы, эканоміцы, філасофіі, адукацыі ды інш. Распавядаем, што адбываецца на Кангрэсе.
Музей другой сусветнай вайны ў Гданьску, дзе праходзіць Кангрэс даследчыкаў Беларусі
Адкрывала Кангрэс прэзідэнтка Гданьска Аляксандра Дулькевіч, па яе словах, горад свабоды і салідарнасці заўсёды адкрыты для вольных беларусаў. Узгадала гданьскага нобелеўскага лаўрэата, лідара «Салідарнасці» Леха Валенсу і нашага, Алеся Бяляцкага, які знаёмы з Валенсам і не раз быў у Гданьску.
З вітальным словам выступае прэзідэнт Гданьска Аляксандра Дулькевіч
Артур Міхальскі, дарадца польскага Міністэрства замежных спраў па супрацы з беларускай дэмакратычнай супольнасцю, заўважыў, што апошнія гады былі не толькі выпрабавальнымі для беларусаў, бачна, як выразна падвысілася каштоўнасць нацыянальнага, пытанні нацыянальнай ідэнтычнасці сталі надзвычай важнымі для беларусаў.
Выступае Артур Міхальскі
«Адначасова ў Беларусі людзі вельмі запалоханыя, пазбаўленыя доступу да праўдзівай інфармацыі, асуджаныя на штодзённае спажыванне прапаганды. Але нягледзячы на гэта, у большасці сваёй грамадства — хоць зараз гэта адкрыта і не дэманструецца — не прымае цяперашні стан рэчаў, не падтрымлівае вайну Расіі з Украінай. Грамадства іншае, чым расійскае. Гэта нашы суседзі, якім патрэбная падтрымка. Адной з формаў падтрымкі ёсць і сённяшні Кангрэс. Як і іншыя падобныя мерапрыемствы, напрыклад, тыдзень таму ў Варшаве адбыўся Кангрэс беларускай культуры ў эміграцыі. (...)
Беларуская супольнасць у эміграцыі — развіваецца. Веру, што дзейнасць беларусаў у эміграцыі будзе даходзіць да сэрцаў і думак беларусаў у самой Беларусі — насуперак страху зняволення, цэнзуры і прапагандзе.
Мы сустракаемся ў Гданьску, у месцы, з якога пачаліся перамены ў Польшчы, падзьмуў вецер Салідарнасці, змянілася аблічча не толькі Польшчы. Веру, што дух Салідарнасці натхніць і на перамены ў Беларусі», — сказаў Артур Міхальскі.
Пачатак працы 11 Міжнароднага кангрэса даследчыкаў Беларусі
«Наш універсітэт стаяў ля вытокаў Кангрэса. І ён прайшоў там 8 разоў. Мы працягваем супрацу, хаця далучылася ўжо больш арганізацый-партнёраў да правядзення Кангрэсу. Мы бачым, што стварэнне гэтай пляцоўкі ёсць вельмі важным для сацыяльных і палітычных навук Беларусі. Першая ідэя была паказаць Беларусь Літве, а Літву Беларусі, пагаварыць пра агульнае мінулае, сучаснасць, стасункі, але гэта не адна платформа, з першага Кангрэсу былі госці з ўсяго свету. Даследчыкі даследавалі, даследуюць і будуць даследаваць Беларусь і беларусаў», — сказаў Budzma.org Томаш Блашчак, прафесар, выкладчык Ковенскага ўніверсітэту Вітаўта Вялікага, прадстаўнік аргкамітэту Кангрэса.
Томаш Блашчак на 11 Міжнародным кангрэсе даследчыкаў Беларусі
Выкладчык універсітэта Вітаўта Вялікага, галоўны арганізатар з літоўскага боку, гісторык Русціс Камунтавічус: «Калі мы пачыналі Кангрэсы, нашы чаканні былі высокімі. Маёй, напрыклад, марай было спрыяць развіццю беларуска-літоўскіх стасункаў і змясціць іх у больш шырокі ўсходне-еўрапейскі кантэкст. Атрымалася не ўсё, хоць падлічыць вельмі цяжка такія рэчы. Ва ўсялякім разе мы маем сёння ў Літве некалькі бачных дасягненняў, напрыклад, першая «Гісторыя Беларусі», напісаная на літоўскай мове, першы пераклад Трэцяга Статута на літоўскую мову, іншае. Гэтыя дасягненні вельмі важныя для такой маленькай нацыі як літоўцы. Самае галоўнае: яны былі б немагчымыя без дапамогі Кангрэса, то бок усіх вас — даследчыкаў Беларусі».
Выступае Русціс Камунтавічус
Андрэй Казакевіч, галоўны арганізатар Кангрэса, палітолаг, дырэктар інстытута «Палітычная сфера»: «Мы сабраліся ў вельмі складаныя часы сур’езных выклікаў, якія паўсталі і перад акадэмічнай супольнасцю, і ўласна Беларуссю і беларусамі. Гэта і ўнутрыпалітычнае супрацьстаянне, якое працягваецца дагэтуль, і некалькі хваляў эміграцыі. І расійская агрэсія супраць Украіны, якая цалкам змяніла ўсю сітуацыю ў рэгіёне. На жаль, у значнай ступені лёс Беларусі залежыць ад таго, як будуць разгортвацца падзеі ў суседніх краінах — Расіі і Украіне. Гданьск — самая далёкая лакацыя ад Беларусі за ўсю гісторыю Кангрэса. Раней — Коўна, Вільня і Варшава. Але далёкая — не значыць, чужая. Беларуская прысутнасць тут адчуваецца, асабліва пасля 2020 года. Ды й пасля Другой Сусветнай сюды прыехала шмат беларусаў, яны таксама адбудоўвалі гэтае месца».
Выступае Андрэй Казакевіч
Заўтра на Кангрэсе адбудзецца ўручэнне прэміі за лепшую навуковую публікацыю па сацыяльна-гуманітарных навуках.
11 Міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі ў Гданьску
Яраслаў Іванюк, стваральнік інтэрнэт-бібліятэкі і фонду "Камунікат" на 11 Міжнародным кангрэсе даследчыкаў Беларусі
Budzma.org наведае секцыі Кангрэса даследчыкаў Беларусі і паведаміць чытачам пра самыя цікавыя даследаванні. Сачыце за публікацыямі на сайце budzma.org.
Поўная праграма Кангрэса размешчана на афіцыйным сайце.
Рыгор Сапежынскі, budzma.org