Адкрыта перадзамова на першую з трох кніг са знакамітай трылогіі «Уладар пярсцёнкаў» Толкіна

У выдавецтве «Янушкевіч» распачаўся перадпродаж ліцэнзаванага выдання «Брацтва пярсцёнка» — першай кнігі знакамітай трылогіі «Валадар пярсцёнкаў» Джона Р. Р. Толкіна.


Kniha

«19 снежня ў продаж паступіць новае, ліцэнзаванае выданне «Брацтва пярсцёнка» — першай кнігі знакамітай трылогіі «Валадар пярсцёнкаў» Джона Р. Р. Толкіна. Новы пераклад на беларускую мову ажыццявіў Ігар Кулікоў.

Вокладка і мастацкае афармленне — Настасся Пазняк.

На knihauka.com можна аформіць папярэдні заказ на выданне з паштовай і кур’ерскай дастаўкай у асобныя еўрапейскія краіны, у тым ліку і ў Беларусь. У звычайным продажы кніга будзе каштаваць прыкладна на 20 % даражэй. Вялікая просьба пры афармленні папярэдняга заказу не класці ў кошык іншыя кнігі. Яны прыдуць да вас не раней за 18 снежня 2023 года. Лепей зрабіце яшчэ адзін заказ.

Старт продажаў адбудзецца ў Варшаве 19 снежня 2023 года. Месца продажаў — Беларускі моладзевы хаб (ul. Dożynkowa 6a). Пачатак а 11-й гадзіне.

Як будзе выглядаць кніга? У цвёрдай вокладцы, фармат 140×205 мм, 572 старонкі, з лясэ (тканевай закладкай) і залатым хот-стампінгам на вокладцы. У кнігу ўключаны карты "«Частка Воласці» і «Захад Серадзем’я ў канцы Трэцяй эпохі», а таксама «Прадмова да другога англійскага выдання» і «Тлумачэнне некаторых імён і назваў», — напісана на старонцы выдавецтва ў Фэйсбук.