«Мы, беларускія работнікі і работніцы культуры, як грамадзяне і носьбіты сувернітэту Рэспублікі Беларусь, асуджаем злачыннае ўварванне расійскіх войскаў на тэрыторыю незалежнай дзяржавы Украіна! Нас абурае саўдзел нелігітымнай ўлады Беларусі ва ўсім, што адбываецца апошнія дні на тэрыторыі Украіны, выкарыстанне тэрыторыі Рэспублікі Беларусь для размяшчэння і перакідкі расейскіх войскаў, а таксама правядзення ракетных удараў па Ўкраіне.
Як работнікі і работніцы культуры, мы не можам заставацца ў баку ад таго, што адбываецца зараз ва Украіне: пакуты, смерць, паргозы жыццю і бяспецы мірных грамадзян, вымушаная міграцыя, глабальнае парушэнне міжнародных норм права і суверэнітэту.
Мы захапляемся мужнасцю і самаахвярнасцю ўкраінскага народа ў барацьбе за сваю краіну, незалежнасць і свабоду і выказваем самую моцную падтрымку нашым калегам і каляжанкам, усяму Украінскаму народу ў гэтыя складаныя дні!
Мы заклікаем беларускіх работнікаў і работніц культуры, творчых людей, інстытуцыі культуры — музеі, галерэі, цэнтры, саюзы і асацыяцыі — перарваць сваё маўчанне, адкрыта асудзіць вайну і патрабаваць неадкладнага спынення ваенных дзеянняў. Заклікаем пашыраць праўдзівую інфармацыю пра вайну, далучацца да валанцерскай дапамогі, падтрымліваць украінцаў згодна з вашымі магчымасцямі. Бяздзеянне і маўчанне — гэта згода і саўдзел у злачынстве», — паведамляецца ў адкрытым лісце.
Ліст ужо падпісалі музыка Ягор Забелаў, пісьменнік Альгерд Бахарэвіч, экскурсавод Мікіта Моніч, музыка Лёха Чыканас і шмат іншых.
Падпісаць можна тут.