Мяккая сіла для наладжвання стасункаў паміж беларусамі і ўкраінцамі зараз найбольш дарэчная і, больш за тое, стратэгічна важная. Такую пазіцыю адносна ўкраінскага кірунку культурніцкай дыпламатыі выказала адказная за культуру ў Прадстаўніцтве па нацыянальным адраджэнні Ірэна Кацяловіч падчас выступу на форуме Астрожскіх у Львове, піша тэлеграм-канал «Адраджэнне».
У дыскусіі «Супраца Украіны і Беларусі ў культуры: дэкаланіяльнае вымярэнне» з удзелам беларускіх і ўкраінскіх экспертаў яна падкрэсліла, што мы маем кропкавыя кантакты і прыклады калабарацыі, але пакуль супраца не носіць сістэмнага характару, якога яна б вымагала.
«Гэта быў чацвёрты форум Астрожскіх, і мы зноў, найперш, казалі пра аднабаковы рух у дэманстрацыі нашых жаданняў. Будзем шчырымі: украінская культурніцкая супольнасць пакуль не сфармавала падыходу да супрацы з беларусамі. Я разумею гэтую пазіцыю, бо выклікі, перад якімі стаіць Украіна і яе творчыя і навуковыя эліты, успрымаю як уласныя.
Нам трэба набрацца цярплівасці і працягваць тлумачыць, чаму рух насустрач у нашых умовах, калі мы маем падобныя праблемы і адну і тую ж крыніцу пагрозы, важны. Хоць у іншай форме, але Беларусь таксама зазнае магутны націск з боку Расеі і вымушаная адстойваць сваю ідэнтычнасць і абараняць уласную культуру.
Падчас сустрэч з прадстаўнікамі ўкраінскіх інстытуцый я заўсёды маю цёплы прыём і ведаю, што прастора для дыялогу ёсць. Адчуваецца, што абодва бакі ўсведамляюць, як важна аб’ядноўвацца і дамаўляцца, каб эфектыўна супрацьстаяць расейскім спробам уплыву як сёння, так і ў будучыні. Нам ужо ёсць шмат чаму павучыцца ва ўкраінцаў. Украіна на нашых вачах здзяйсняе маштабны рух так званай «дэкаланізацыі», пад якой разумеецца пазбаўленне ад уплыву Расеі. Гэта бясцэнны досвед і практыка, якія спатрэбяцца беларусам, калі яны займеюць сваю краіну.
Украінскія спецыялісты і на форуме Астрожскіх, і ў часе іншых размоваў выказваюць гатоўнасць падтрымаць беларусаў у гэтай працы. Пакуль што для нас гэта час адно «дэкаланізацыі» свядомасці, але менавіта гэта ёсць галоўнай умовай поспеху ў гэтым кірунку», — сказала Ірэна Кацяловіч.