У ECLAB па аднадумцаў і крытычнае мысленне
Еўрапейскі каледж Liberal Arts у Беларусі (ECLAB) набірае студэнтаў другі раз. ECLAB – гэта першая ў Беларусі праграма навучання паводле мадэлі Liberal Arts. Гэтая адукацыйная сістэма дазваляе атрымаць новыя веды і вопыт стварэння даследчых і арт-праектаў, дае магчымасць раскрыцца індывідуальнаму патэнцыялу кожнага студэнта і навучыцца працаваць у камандзе. Атрыманыя веды даюць ключы да разумення сучаснага грамадства і нашай гісторыі, масавай культуры і сучасных медыя, палітыкі і гендарнай праблематыкі. Як адзначаюць нашы выпускнікі, гэта зусім не абстрактныя ісціны, а «фундамент, на якім фармуецца наша “тут і цяпер”».
Да трох спецыялізацый (канцэнтрацый), якія адкрыліся летась, – «Публічная гісторыя», «Масавая культура і медыя», «Сучаснае грамадства, этыка і палітыка» – дадаліся дзве новыя праграмы: «Гендарныя даследаванні» ды «Інтэрнэт і грамадства».
Акрамя розных аўтарскіх курсаў у межах канцэнтрацый, у праграме навучання – майстар-класы, сустрэчы з экспертамі ды інтэлектуаламі, семінары з абмеркаваннем тэкстаў і фільмаў, якія ў тым ліку будуць арганізоўваць нашы выпускнікі.
Адно з асноўных адрозненняў мадэлі Liberal Arts ад традыцыйнай сістэмы адукацыі – магчымасць выбару курсаў і канцэнтрацый. Пры паступленні ў ECLAB абітурыентам не абавязкова адразу прымаць рашэнне, на якой спецыялізацыі яны будуць вучыцца. Выбар той ці іншай канцэнтрацыі адбываецца пасля першага этапу навучання – уводных курсаў, набор якіх кожны студэнт падбірае ў адпаведнасці са сваімі перавагамі.
Адукацыйная праграма каледжа накіраваная на супольную працу выкладчыкаў і студэнтаў з апірышчам на сучасныя веды. Свабодныя інтэлектуальныя зносіны і адсутнасць «манаполіі на веды» з боку выкладчыкаў – галоўныя элементы ў навучальным працэсе ECLAB. Нашы выкладчыкі – не толькі прызнаныя і захопленыя даследчыкі, але і эксперты, ініцыятары праектаў, публіцысты.
Немалаважнае значэнне мае таксама тое, што вучоба ў ECLAB дапамагае студэнтам авалодаць «навыкамі XXI стагоддзя». Крытычнае мысленне, здольнасць да самастойнай працы і працы ў камандзе, уменне вырашаць праблемы, абагульняць інфармацыю, будаваць камунікацыю – вось некаторыя з гэтых навыкаў і кампетэнцый, якія рыхтуюць студэнтаў да разнастайнасці і зменаў, характэрных для сучаснага свету.
Апроч праходжання навучальнай праграмы ў студэнтаў ECLAB ёсць магчымасць распрацоўваць і рэалізоўваць свае праекты ў межах Студэнцкай майстэрні, а таксама браць удзел у праектах Навуковых цэнтраў ECLAB.
Да навучання ў каледжы запрашаюцца асобы, якія дасягнулі 18 гадоў. Заняткі праходзяць у вечаровы час некалькі разоў на тыдзень у цэнтры Мінска. Адукацыйная праграма доўжыцца 8 месяцаў (з кастрычніка да мая).
Для таго каб паступіць у ECLAB, трэба запоўніць анкету і напісаць эсэ на адну з прапанаваных тэм. Аўтары найлепшых эсэ будуць запрошаныя на сумоўе, па выніках якога адбудзецца залічэнне. Апошні тэрмін падачы заяўкі – 6 верасня.
У 2015/16 навучальным годзе ў ECLAB запланавана 20 бясплатных і 40 платных месцаў. На бясплатныя месцы залічваюцца абітурыенты, якія занялі першыя 20 месцаў у табліцы рэйтынгу па выніках уступнага эсэ і сумоўя.
З любымі пытаннямі звяртайцеся на [email protected]. Запрашаем таксама на Прэзентацыю адукацыйнай праграмы ECLAB 2015/16, якая адбудзецца 12 жніўня (серада) у прасторы ЦЭХ. Пачатак а 18:30. Уваход вольны!