Кампанія «Гавары праўду» запусціла лічыльнік школьных пабораў і адразу ж шакавала грамадскасць. Паводле сайта «Адукацыя без пабораў», у сярэднім за год бацькі выдаткоўваюць для школы альбо дзіцячага садка каля 100 рублёў. Такім чынам, беларускую сістэму адукацыі і выхавання штогод падпітваюць 100 мільёнаў рублёў. Альбо 50 мільёнаў долараў!
На чым можна ашчадзіць і чаго ўвогуле мае права патрабаваць школа?
Найперш трэба памятаць: з паборамі паспрабавала змагацца Міністэрства адукацыі. Школьным і садкоўскім бацькоўскім камітэтам забаранілі займацца пытаннямі, што тычацца прыцягнення грашовых сродкаў на патрэбы ўстановы адукацыі. Яшчэ ў 2015 годзе ў адпаведным лісце Мінадукацыі звяртала ўвагу на недапушчальнасць выканання функцый апякунскага савета членамі бацькоўскага камітэта. Аднак сітуацыю гэта ні на каліва не змяніла — бацькі як збіралі гатоўку, так і працягвалі збіраць. Потым з’явілася адпаведная пастанова Мінадукацыі — №126 ад 28 снежня 2016 года. Згодна з ёй, усе разлікі павінныя весціся праз безнаяўныя плацяжы і быць пацверджаныя афіцыйнымі дакументамі.
Але досвед такой «безнаяўкі» ў аўтаркі гэтых радкоў, хутчэй, негатыўны. Раней бацькі, напрыклад, за мастацкі гурток па маляванні плацілі «гатоўкаю», затое ведалі, што дзецям на гэтыя грошы закупяць алоўкі, фарбу і паперу. Пасля ўвядзення безнаяўных плацяжоў да гуртка стала даходзіць (па словах настаўніцы) толькі 60% пералічанай сумы.
І яшчэ — пастанова Мінадукацыі датычыцца толькі школьных і садкоўскіх камітэтаў. То бок АГУЛЬНАшкольных і АГУЛЬНАсадкоўскіх камітэтаў. І ў ёй ніяк не прапісаныя «апякунскія саветы» класа ці дзіцячай групы.
У любой навучальнай установе ёсць уласны статут і ўласныя правілы ўнутранага распарадку. З імі варта азнаёміцца і пажадана час ад часу перачытваць, бо там прапісаныя асноўныя правы і абавязкі як навучэнца, так і яго бацькоў і педагогаў. І, зразумела, гэтыя патрабаванні трэба выконваць.
Напрыклад, не атрымаецца пазбегнуць «дзелавога стылю адзення» для вучня. Але паняцце пра гэты «дзелавы стыль» у кожнага сваё. Для адных школ — строга касцюмы нават з нашыўкамі эмблемы навучальнай установы, у іншых дастаткова будзе чорных джынсаў. У адных ніякага макіяжу для дзяўчынак, іншыя патрабуюць толькі таго, каб ён быў не вельмі выразны. Так што можна сэканоміць і на школьнай форме. Але для гэтага трэба паразмаўляць з настаўнікам і высветліць, наколькі строгі ва ўстанове «дзелавы стыль».
Не атрымаецца ўнікнуць аплаты падручнікаў— тых, што цэнтралізавана выдаюцца ў школе. А вось за «дадатковыя навучальныя матэрыялы» варта будзе даплаціць. Грошы на гэта можа збіраць «апякунскі камітэт», а можа і не. Тады давядзецца набываць іх самастойна.
Другі варыянт, напэўна, больш прымальны. Часцяком у вашых калег могуць быць дзеці на год-два старэйшыя, і калі яны ашчадна карысталіся раней набытымі матэрыяламі, можна пазычыць кніжкі ў іх.
І вось гэта, бадай, усе абавязковыя выплаты, якія вы вінныя школе. Астатняе — па жаданні.
Першакласнікі. Фота mazyr.by
У статуце адной з гімназій Мінска, напрыклад, запісана, што менавіта гімназія павінная «ўдасканальваць матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне адукацыйнага працэсу ў адпаведнасці з устаноўленымі санітарнымі нормамі, правіламі і гігіенічнымі нарматывамі». А бацькі («законныя прадстаўнікі», як там напісана) усяго толькі «маюць права» на «ажыццяўленне дабрачыннай дзейнасці ў мэтах развіцця матэрыяльна-тэхнічнай базы гімназіі».
Але гэтае права — напэўна, адно з самых рэалізаваных чалавечых правоў у нашай краіне.
На што толькі не збіраюць грошы апякунскія камітэты! На пітную ваду для дзяцей, на кубкі, на каву, на падарункі настаўнікам і гэтак далей. Здаваць ці не — гэта ўжо вашая справа.
У нас у класе, напрыклад, цэнтралізавана закупілі дзецям дзённікі — гэта добра. Але калі паўстала пытанне пра набыццё бойлера для пітной вады і кубкаў, яго «пракацілі». Таму што пяцікласнікі ўжо не маюць «свайго» кабінета, а паставіць ваду нібыта «ў класным» — ніякай вады не набярэшся. І наогул, як выказаўся адзін з бацькоў, «я выкладаў у Кітаі, і там студэнт кожны са сваёй вадою ходзіць». Ад бойлера адмовіліся.
«Персанальны» дзіцячы кубак — больш гігіенічны і экалагічны, чым агульныя «аднаразовыя» пластыкавыя кубкі.
Падарункі настаўніку? Мы абмяжоўваемся цукеркамі і кветкамі: ніякіх «дарагіх» падарункаў кшталту пральных машын і тэлевізараў! А калі ад вас запатрабуюць тэлевізар «для школы», успомніце статутны пункт пра абавязкі гімназіі. І падлічыце, колькі ў школе вучняў і колькі збяруць з кожнага на адзін і той жа «тэлевізар».
У нас таксама былі «буйныя» выдаткі ў 1-3 класах: калі настаўніцы спатрэбіўся прынтар, каб друкаваць на ім хатнія заданні па матэматыцы дзецям (што паробіш, падручнікі такія, што па іх вучыцца немагчыма!). Але каб даведацца, наколькі сапраўды патрэбныя такія прылады, прапануйце набыць карыстаную тэхніку — напрыклад, на «Куфры». І паглядзіце на рэакцыю. Калі рэакцыя нармальная — значыць, прылада сапраўды патрэбная.
Карацей, глядзіце, што будзе карысна і што патрабуецца канкрэтна вашаму дзіцяці, а не абстрактнай «школе».
Ад чаго можна адмовіцца? Ад усяго, нават ад таго, што нібыта «абавязковае» — пачынаючы ад платных гурткоў і факультатываў і аж да «абавязковага» школьнага харчавання. Так, ва ўсіх школах кажуць: харчаванне абавязковае! Насамрэч не.
Рэч у тым, што школьнае харчаванне — гэта паслуга, якая даецца нават не школай, а іншай арганізацыяй, камбінатам школьнага харчавання (КШП). Ніякія паслугі ў нашай краіне не з’яўляюцца абавязковымі, і калі яны даюцца, у нас ёсць права адмовіцца. І абавязалі даваць дзецям харчаванне не бацькоў, а школу: усё напісанае ў інструкцыі аб арганізацыі школьнага харчавання адносіцца менавіта да школы і КШП. Задача школы ў дадзеным выпадку — пазнаёміць бацькоў з рэкамендацыямі, а бацькі прымаюць рашэнне, як яны арганізуюць харчаванне: захочуць — у школе, захочуць — дадуць дзіцяці «ссабойку».
У бацькоў абавязак толькі адзін — «забяспечыць яму (дзіцяці) умовы харчавання». Дзіця павіннае есці праз 3-3,5 гадзіны, гэта закон і санітарныя нормы. А што яно будзе есці і дзе — тое ўжо на ваш розум і імпэт.
Прычым для адмовы ад сталоўкі нават пісьмовай заявы не трэба — дастаткова паведаміць пра гэта класнаму кіраўніку. Вядома, гэта выкліча незадавальненне, але…
Абавязкова падымайце вэрхал, калі ад вас плануюць сабраць грошы на тое, што ўвогуле не адносіцца да навучальнага працэсу. Гэта ў школах бывае.
Напрыклад, прымусовая падпіска на нейкі «Юный спасатель» альбо «Советскую Белоруссию». На ўтрыманне дзяржаўных СМІ ў бюджэце на 2019 год закладзена больш за 60 мільёнаў еўра (а канкрэтна — 151 млн 211 тыс. 151 рубель). І гэта, між іншым, вашыя ж падаткі. Скажыце на бацькоўскім сходзе пра гэтую суму і прапануйце падумаць, нашто вам «плаціць двойчы».
Збіраюць «па рублі» на Чырвоны крыж ці таварыства ратавання на вадзе? Чырвоны крыж і ТРВАД — гэта грамадскія арганізацыі. Яна не павінныя збіраць грошы на сваю дзейнасць па школах. Прапануйце ў адказ скінуцца на такую ж грамадскую арганізацыю, але з іншай назвай, напрыклад, ГА БНФ «Адраджэньне», і задайце пытанне: «У нас жа ўсе грамадскія арганізацыі роўныя, праўда?» Рэакцыя мусіць быць цікавай.
Есць таксама рэчы, якія вы вырашаеце самі. У нас любяць ганяць дзяцей на розныя «дзяржаўныя» спартовыя мерапрыемствы «па разнарадцы». Гэтага рабіць, у прынцыпе, адміністрацыя навучальнай установы не мае права, і пра такія выбрыкі, як правіла, нічога ў статуце не сказана.
Медыцынская даведка. Некаторыя школы любяць патрабаваць яе акурат да 1 верасня. Гэта не мае пад сабой ніякіх падстаў — медыцынская даведка выдаецца раз на год, у месяц нараджэння дзіцяці. І малое не патрабуе дадатковага агляду ні да пачатку навучальнага года, ні па патрабаванні дырэктара. Больш за тое, атрымаць такую даведку можна і ў прыватным медцэнтры, але доктар абавязаны спытаць выпiску з карткі па месцы жыхарства.
«Прышчэпкі ад грыпу» прапануюцца ў школе штогод. Але на гэта патрэбная згода бацькоў.
Піянеры і БРСМ — гэта такія ж грамадскія арганізацыі, як і Чырвоны крыж. Ніхто не павінен прымушаць уступаць у гэтыя структуры.
У маёй знаёмай ёсць сын. Некалі ён падпісаў заяву на ўступленне ў БРСМ — і забыўся на тое. Ён неблагі хлопец — ездзіў на алімпіяды, быў вядучым школьных ранішнікаў і святаў. Але калі ён скончыў школу, яму патэлефанавалі з БРСМ і спыталіся, куды ён пайшоў вучыцца далей. Ён вельмі здзівіўся, а яму і патлумачылі: «Вы наш вельмі добры актывіст, мы павінныя перадаць вас ячэйцы БРСМ там, куды вы паступілі».
Аказваецца, усе яго дасягненні і «актыўны ўдзел у школьным жыцці» БРСМ… прыпісвала сабе! Нехта адсочваў дзеянні хлопца, пісаў справаздачы, напэўна, атрымліваў нейкія «плюшкі», а чалавеку нават пасведчання сябра арганізацыі не зрабілі!
Так што будзьце пільныя і не станавіцеся ахвярамі прайдзісветаў. Прынамсі чытайце, што падпісваеце.
Многія здаюць «колькі трэба» і падпісваюць усё, што ім прапануюць, з адной прычыны: маўляў, «настаўнікі потым адыграюцца на дзіцяці» — будуць чапляцца, зніжаць адзнакі і гэтак далей. Вось менавіта гэтага палохацца не трэба. Па-першае, настаўнік у дзяцей не адзін. Настроіць супраць вучня ўсю школу наўрад ці атрымаецца. Па-другое, настаўнікі таксама залежаць ад паспяховасці вучняў: чым вышэйшая паспяховасць, тым лепей настаўніку (інакш бы не было спробаў «выцягнуць» розных «троечнікаў» на «нармальны» атэстат). І, па-трэцяе, у настаўнікаў і без таго праблем хапае, каб яшчэ займацца цкаваннем асобна ўзятага дзіцяці.
Пра гэта кажуць усе настаўнікі. І іншым разам іх варта слухаць.
Аліна Бялова, budzma.by
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!