«Як палюбіць асабістую недасканаласць, перастаць пастаянна чапляцца да сябе, патрабуючы немагчымага?». Як знайсці шлях любові «да сябе сапраўднага, без усялякіх «але»?». Разважае пісьменніца Ганна Златкоўская з нагоды выхаду сваёй новай кнігі «Дзяўчынкі-шкло».
Ганна Златкоўская
Калі я марыла аб выданні кнігі, то не ўяўляла, колькі яшчэ выпрабаванняў падрыхтавала мая душа. Вось тэкст — чорныя літары на белым палатне ноўтбука. А вось кніга — мара ў тваіх руках. А далей што?
Насамрэч пытанні: «Ды каму яно будзе патрэбна?», «Ці спадабаецца камусьці мая проза?» — узнікаюць менавіта ў гэты момант. Я не ведаю, як у іншых пісьменнікаў і пісьменніц: ці хвалююцца яны, ці параўноўваюць сябе з іншымі — наколькі не горш, наколькі гэта ўвогуле таленавітая альбо так, мала ці хто там што піша.
Мабыць, благі тон прызнавацца, што, з аднаго боку, ты вельмі любіш свае тэксты, а з другога — дакараеш сябе за тое, што магла зрабіць лепш і больш.
Ведаеце, я зразумела, што адносіны са сваёй кнігай — гэта адносіны з сабой. Як палюбіць асабістую недасканаласць, перастаць пастаянна чапляцца да сябе, патрабуючы немагчымага. Калі хочаш быць усім адразу: і геніяльным Бродскім, і містычным Кінгам, і складаным Набокавым, і душэўным Караткевічам. Але так не бывае, бо яны — гэта яны, а ты, Анечка, — гэта ты, з усімі сваімі расколінамі.
Як у тваёй новай кнізе, дзе гераіня ўвесь час адчувае, што не дацягвае да іншых са сваім змрочным поглядам на жыццё. Калі расла ў парадыгме жаху, дзе кожны крок павінен вымярацца думкай: наколькі бяспечна? Наколькі не страшна? Такі лішні чалавек у грамадстве мэтанакіраваных людзей, якія ведаюць толькі словы любові і падтрымкі.
Адно з самых частых пытанняў ад чытачоў: «Гэта кніга пра вас?». І на яго складана адказаць маналітным «так» ці «не». Нешта ёсць і асабістае, але нешта і тое, што бачыш у сваіх сяброў, знаёмых і гэтак далей. Асновай расповеду з’яўляецца думка, пачуццё, якое, мяркую, адчуваюць многія. Але важна падкрэсліць, што хочацца пісаць аб тым, што ведаеш, а не выдумляць, бо інакш, мне падаецца, тэкст будзе фальшывым.
Нядаўна ў адным інтэрв’ю са знакамітым пісьменнікам я пачула такую думку: ёсць аўтары, якія пішуць пра сябе, а ёсць тыя, што пішуць пра вялікі сусвет навокал — і быццам бы менавіта гэта і ёсць прыкмета вялікай літаратуры. Калі пішаш пра балючыя падзеі, складаную гісторыю рэчаіснасці, а не пра маленькія дробязі звычайных людзей — своеасаблівыя прамежкі без пафасу і глабальных адкрыццяў. Мабыць, і так, але ж менавіта ў рознасці — сэнс.
Хачу верыць, што нічога не бывае выпадковым, асабліва калі робіш нешта шчыра і з любоўю. Тым больш, як я пісала ў пачатку, — гэта шлях да шчырай падзякі сабе: змагла, здзейсніла мару, нягледзячы на ўнутраныя бар’еры, перамагла іх і паціху крочыш далей. Такім чынам, распавядаючы сваім чытачам і чытачкам, што кожны з нас варты шчасця.
Асабліва тыя, хто, як гераіня рамана «Дзяўчынкі-шкло», самотныя людзі з неспакойным, трывожным унутраным светам. Жабрацкае дзяцінства і недахоп любові, містычнае адчуванне ва ўсім і сорам прызнацца, што бачыш людзей у выглядзе посуду. Вось такі дзіўны чалавек.
Памятаю, як мая сяброўка дзялілася ў невялікай кампаніі, што кожны раз, калі падымаецца па лесвіцы, лічыць прыступкі — такі рытуал супакойвае яе. І адна жанчына здзівілася, пракаментаваўшы: «Вось у вас багата часу». Яна не зразумела «чорныя дзіркі» маёй сяброўкі і вынесла жорсткі вердыкт, а той заставалася толькі цяжка ўздыхнуць, чарговы раз пераконваючыся, што яна не такая, як іншыя. А патрэбна было ўсяго толькі крыху эмпатыі — і ўсё.
Бо ніхто з нас не ідэальны, мала ў каго самаацэнка велічынёй з Бурдж-Халіфа. Кожны дзень мы адчуваем палітру пачуццяў і перамагаем жах праявіць сябе без брані, адкрываючы закрытыя кішэні сваёй душы.
«Я как куртка с множеством карманов, некоторые из них были открыты, доступны, в них можно было положить что угодно: кошелёк, конфету, ключи. Но большинство закрыты на молнии. Эти карманы тоже желали быть нужными, желали открыться и выпустить своих маленьких демонов. Но они были никому не нужны.
Способен ли кто-то любить нас настоящими?» (цытата з рамана)
Здольны, толькі галоўнае — любоў да сябе сапраўднага, без усялякіх «але».
Шлях да такой любові ў кожнага свой. Аб гэтым мне і цікава пісаць.
Ганна Златкоўская, Budzma.org
Фота з асабістага архіву Ганны Златкоўскай