...but our home country is Belarus

«Я не магу ад усяго гэтага адарвацца. Унутры ўсё бурліць, кіпіць, нібы з няроўных вочкаў шыецца гісторыя Беларусі, гісторыя кожнага з нас...» Ганна Златкоўская піша пра сваё падарожжа ў Італію і тлумачыць, чаму «на некалькі дзён развітацца з беларускім дзэнам — тое, што трэба».

Zlatkouskaja-Rym-01.jpg
Ганна Златкоўская ў Рыме

Калі наша сям’я збіраецца ў невялікае падарожжа, я кожны раз адчуваю нервовае трапятанне. Не толькі таму, што ў паездках здараюцца нейкія складанасці, але і таму, што гэта магчымасць хоць ненадоўга адарвацца ад сваёй беларускай рэчаіснасці. Асабліва гэта адчуваецца, калі краіна знаходзіцца далёка ад Беларусі (і нават ад Літвы).

Так было і гэтым разам. Мы паляцелі ў Рым. Калі глядзела на мапу, унутры вухалася ад захаплення — зусім іншы свет, вялікі італьянскі «боцік», апраўлены морам, і там будзем мы!

Цёплае мядовае паветра, пальмы і папугаі, вар’яты-таксісты, якія любяць хуткасць і ігнаруюць рамяні бяспекі, пякучае сонца і цеплыня ў лютым! Новая стыхія адразу ўцягвае ў сябе, і мне гэта падабаецца. На некалькі дзён развітацца з беларускім дзэнам — тое, што трэба.

Чаму? (Раптам у вас узнікла гэтае пытанне). Паспрабую растлумачыць, але папярэджваю: я чалавек глыбокіх рэфлексій і замарочак.

Жыццё раздзялілася

Разумееце, з сярэдзіны 2020-га я спачатку жыла з вялікай надзеяй на змены. Наіўная вера, што дабро заўсёды перамагае зло. Потым, калі давялося ўцякаць ад гэтага чорнага зла ў Літву, каб не патрапіць у ягоны палон, жылося з пачуццём віны. Бо калі ты ўжо не жывеш у сваёй краіне, быццам апынаешся за бортам і не можаш ні на што паўплываць. Але ж абяцала... І хацела, каб усё дрэннае неяк знікла па ўзмаху чароўнай палачкі. І зноў казаць: «Вітаю, родны кут, як ты мне мілы». Але прайшоў год, потым яшчэ адзін, і яшчэ... Жыццё раздзялілася: адна яго частка засталася там, другая — тут, у Вільні, будуе кожны дзень, напоўнены банальнасцямі. Але гэтыя часткі перасякаюцца, скручваючыся ў тугі вузел перажыванняў за пакуты і боль тых, хто застаўся і захаваў цэласнасць.

Я ўжо не кажу пра тых, хто абраў бок чырвона-зялёнага ліха, сяброў, прасякнутых рускай прапагандай, што прыстасаваліся да жыцця пры рэжыме. Кожны чалавек быў важны, але знік, пакінуўшы толькі горкі след.

А я не магу ад усяго гэтага адарвацца. Унутры ўсё бурліць, кіпіць, нібы з няроўных вочкаў шыецца гісторыя Беларусі, гісторыя кожнага з нас...

Анечка і яе Рым

Хаця б на нейкі час хочацца проста пабыць чалавекам без гэтага цяжкага багажу. Проста Анечка і яе Рым. Хай сабе і турыстычны, але паўднёвы вайб і адлегласць ад радзімы спрыяюць адключэнню ад заблытаных адчуванняў.

Zlatkouskaja-Rym-02.jpg
Ганна Златкоўская ў Рыме

І вось мы купляем квіткі на аўтобус недалёка ад Піраміды, а прадавец пытаецца, адкуль мы.

— We live in Lithuania, but our home country is Belarus.

Неаднаразова за тыдзень мы прагаворвалі гэтую фразу. Але і я цікаўлюся, ці ведае прадавец такую краіну, як Беларусь. Шчыры адказ — не.

Гэтае «не» адразу абрынулася на мяне кучай эмоцый. Нават цяжка апісаць, калі шчыра. Нешта накшталт пра даросласць... Калі разумееш, што ніхто не абавязаны ведаць пра твае пакуты і боль, ніхто не мусіць дапамагаць перамагчы. Сам, даражэнькі, сам. Зямля — вялікі шарык, а людзі — маленькія.

Калі б ён пасля запытаў нешта пра радзіму, было б цяжка адказаць у некалькі сказаў. Ну тыпу: «Дыктатура, палітвязні, рапсавыя палі і яблыні, прыгожыя людзі... Але ёсць нюанс».

Rym-03.jpgВечны горад. Люты 2025

Пабыць у вольнай пустаце

І зноў я не змагла выключыць у сабе тое, што так хацела тут зрабіць. Ну «не» дык «не» — паспрабуй хаця б цяпер пабыць у вольнай пустаце.

Мы крочылі па Рыме, кожны дзень па трынаццаць кіламетраў, спадзеючыся не толькі пабачыць як мага больш, але і растрэсці калорыі з’едзенай не раз пасты карбанара.

Побач сноўдаліся такія ж турысты з усіх куткоў свету, я прыслухоўвалася да іх мовы, гадаючы, адкуль яны, і думала пра тое, што за кожным чалавекам стаіць гісторыя яго краіны. Што мы пра іх ведаем?

Rym-04.jpg
Рым. Люты 2025

Я намагалася зразумець італьянцаў, якія ўяўляліся мне экспрэсіўнымі і гучнымі, але нічога такога... Жанчына сталага ўзросту на балконе назірае за вуліцай, мужчыны п’юць хатняе віно ў рэстаране і пра нешта гутараць, натоўпы на прыпынку, хмурныя і стомленыя прадаўцы ў супермаркетах.

Я не чытала навін, нават не заходзіла ў сацсеткі (асабістыя сторыз у інстаграме не залічваюцца) і сапраўды выпала са звыклага жыцця, упершыню за доўгі час адчуўшы сябе чалавекам, які проста ўбірае ў сябе кожную хвіліну без шэрых перажыванняў. А гледзячы на руіны каля Калізея, увогуле разумееш, як хутка бяжыць час.

Што застанецца пасля нас?

Zlatkouskaja-Rym-05.jpg
Ганна Златкоўская

Вяртаемся дадому

У апошні дзень адпачынку мы зайшлі ў невялікую краму, каб купіць сыну маленькі сувенір. Пачуўшы нашу размову, прадавец (хлопец гадоў трыццаці) запытаў, адкуль мы. Мы зноў прагаварылі тую ж фразу і запыталі, ці ведае ён пра Беларусь.

— Так, — адказаў хлопец, — у мяне ў Беларусі ёсць сяброўка.

Бачылі б вы нашы шчаслівыя твары!

На развітанне ён сказаў «спасибо» (за пакупку), а мы яго паправілі:

— «Дзякуй». Менавіта так гучыць па-беларуску.

На наступны дзень мы ляцелі пад самы бок Беларусі. Дадому — так гаворым мы цяпер. А калі вернемся сапраўды, ніхто не ведае. І якімі.

Але гэта ўжо іншая гісторыя для калонкі.

Ганна Златкоўская, Budzma.org

Фота з асабістага архіву Ганны Златкоўскай