У пошуках беларускіх слядоў пісьменніца і перакладчыца Ганна Янкута выправілася ў падарожжа па Лацінскай Амерыцы. Спачатку Ганна Янкута наведала Мантэвідэа — горад дзяцінства беларуска-іспанскага перакладчыка, пісьменніка, заснавальніка Беларускага ПЭН-цэнтра Карласа Шэрмана. Калі Карласу было 6 гадоў, яго сям’я пераехала з Мантэвідэа ў Буэнас-Айрэс. Туды скіравалася і Ганна Янкута, каб адшукаць у гэтым горадзе адрасы, звязаныя з Карласам Шэрманам і яго сям’ёй.
У Буэнас-Айрэсе я жыву ў самым старым і турыстычным раёне Сан-Тэльма, у сэрцы горада. На поўначы ён мяжуе з дзелавым мікрацэнтрам і плошчай Мая, на поўдні — з Ла-Бокай. Усяго ў квартале ад мяне ў нядзелю ладзіцца блышыны рынак і танцуюць танга. Але варта адысці на некалькі кварталаў убок, і можна ўбачыць людзей, якія распалілі на ходніку вогнішча і смажаць на грылі каўбаскі: пах мяса змешваецца з пахам марыхуаны, легалізаванай тут для прыватнага ўжытку. Або аўтастаянку, ахоўнік якой трымае мангал побач з машынамі.
Плошча Мая
І ўжо ў адзін з першых дзён я вырашаю зірнуць, ці далёка адсюль жыў Карлас Шэрман. У «Блуканцы» ён не пазначае свой адрас, а толькі дае прыблізнае апісанне: «У Буэнас-Айрэсе бацька арандаваў ужо не дом, а сціплую кватэру за чатыры невялікія кварталы ад пляца Онсэ». Гляджу на карту: гэта раён Бальванэра на ўсход ад мікрацэнтра. У пачатку ХХ ст. там жыло шмат італьянцаў і была вялікая абшчына габрэяў, якія выехалі з Расійскай імперыі, паведамляюць турыстычныя сайты. У 2021 годзе на адным з такіх сайтаў Бальванэра згадваецца ў пяцёрцы самых небяспечных раёнаў Буэнас-Айрэса, зрэшты, з пазнакай, што нейкіх асаблівых пагроз для турыстаў там няма, проста агульны ўзровень злачыннасці высокі ў параўнанні з іншымі часткамі горада. Якой Бальванэра была ў часы, калі туды прыехаў Карлас Шэрман, разабрацца цяжка.
Магчыма, бацька Карласа, Гірш Шэрман, выбраў гэты раён, калі ў самым пачатку 1940-х сям’я пераехала з Мантэвідэа ў Буэнас-Айрэс, якраз праз блізкасць габрэйскай абшчыны. Але прынамсі ў «Блуканцы» пра гэта нічога няма.
Плошча Адзінаццаць
Сапраўдная назва плошчы Онсэ — Місэрэрэ, «плошча Боскай літасці», як перакладае яе назву на беларускую Карлас Шэрман. Онсэ яе называюць праз суседнюю чыгуначную станцыю Once de Septiembre, «Адзінаццатага верасня». Каб трапіць туды з Сан-Тэльма, я сядаю ў цягнік на станцыі метро «San Juan» лініі «С» і пасля на станцыі «Lima» пераходжу на лінію «А», самую старую ў горадзе. У часы Карласа Шэрмана яна ўжо існавала і, відаць, выглядала прыкладна гэтак жа, хіба што вагоны былі іншыя. Цяперашнія, кітайскія, сталі на рэйкі толькі ў 2013 годзе.
Плошча Онсэ цяпер
Першае, што я заўважаю, выйшаўшы з-пад зямлі на плошчу, — гэта бесхацінцы. Яны гуртуюцца ля кіёскаў, лавак, проста ля парапетаў. У Буэнас-Айрэсе шмат бесхацінцаў, яны спяць на матрацах у парках, на лаўках ці проста на вуліцах, але гэты раён здаецца мне самым беспрытульным з усяго, што я бачыла. Здаецца, што нікога, апроч бесхацінцаў, на плошчы няма. Хіба што яшчэ дух героя аргентынскай гісторыі, Бернардзіна Рывадавія, змагара за свабоду ад Іспаніі і першага прэзідэнта краіны — бо на другім плане гэтай карціны высіцца яго маўзалей. Ён з’явіўся на плошчы ў 1932 годзе, і Шэрман, напэўна, мноства разоў праходзіў міма яго. Тое, чаго ён не бачыў, — гэта плот, якім не так даўно абнеслі грувасткую каменную спаруду. У «Вікіпедыі» пішуць, для таго, каб яе не размалёўвалі графіці — бо графіці ў Буэнас-Айрэсе з’яўляюцца на любой прыдатнай паверхі. Цікава, ці малявалі на сценах у часы Карласа Шэрмана.
Знаходжу ў інтэрнэце фотаздымкі плошчы з 1930-х і 1940-х гадоў. На першым з іх — голая і пустая прастора, толькі па баках абсаджаная дрэвамі; справа я пазнаю будынак вакзала — ён і цяпер там.
Плошча Онсэ, 1930 г. Фота са старонкі архіва ў фэйсбуку
На другім фотаздымку з’яўляюцца дрэвы і газоны, плошча выглядае больш прыязнай для жыхароў і больш падобнай на месца сустрэч і адпачынку. Менавіта такой мусіў яе ўпершыню пабачыць Карлас Шэрман. Пасля яго ад’езду ў Беларусь плошча шмат разоў змянялася: нешта знікла падчас пажару 1965 года, нешта знеслі гарадскія ўлады, і ў выніку ад колішняга ансамбля на яе паўднёва-ўсходнім баку на цяперашні момант амаль нічога не засталося.
Плошча Онсэ, 1940 г. Фота са старонкі архіва ў фэйсбуку
Рэспубліка мёртвых
Я кружу па плошчы, шукаючы добрыя ракурсы для здымкаў. У нейкі момант заўважаю на рагу мурал: твары людзей, аргентынскі сцяг, кеды і слова «justicia», справядлівасць, а таксама іншыя надпісы. «Мы хочам, каб «Краманьён» быў прасторай памяці». Пераходжу вуліцу на чырвонае святло — гэтаму я ўжо навучылася, тут так робяць, калі машын няма, — каб зрабіць фота, і тады бачу невялікі сквер, «Pasaje de los pibes de Cromañón». «Pibes» — аргентынскае слова, яно значыць «дзеці».
Мемарыял ля клуба Краманьён
Тое, што тут адбылася трагедыя, робіцца ясна адразу. На пліце ля ўвахода ёсць нават дата: 30.12.04. Набіраю яе ў пашукавіку. У ноч з 30 на 31 снежня 2004 года падчас канцэрта рок-гурта «Callejeros» у клубе «República Cromañón» пачаўся пажар, у выніку якога загінулі 194 чалавекі, у асноўным падлеткі, і пацярпелі яшчэ 1432. Прычынамі трагедыі называюць невыкананне правіл пажарнай бяспекі і карупцыю, а таксама хцівасць уласнікаў клуба, якія ў памяшканне на 1000 прадалі не менш за 3500 білетаў (і яшчэ каля 1000 чалавек прабралася бясплатна). На момант пажару з шасці выхадаў чатыры былі заблакаваныя — так адміністрацыя спрабавала спыніць безбілетнікаў. Падчас канцэрта выкарыстоўвалася піратэхніка, і калі іскры трапілі на поліурэтанавыя панэлі на столі, тыя ўспыхнулі і поліурэтан пачаў выдзяляць атрутны дым, які выклікае ацёк лёгкіх. Большасць ахвяр загінула не праз апёкі, а праз удушша.
Мемарыял ля клуба Краманьён
Адразу пасля пажару бацькі загінулых і пацярпелых пачалі пакідаць ля ўваходу ў клуб кеды сваіх дзяцей, якія неўзабаве зрабіліся сімвалам трагедыі і змагання за справядлівасць. Акцыі жалобы перараслі ў акцыі пратэсту — супраць карумпаваных чыноўнікаў, якія закрылі вочы на невыкананне правіл, супраць безадказнасці ўладаў, супраць спробаў замяць справу. Дарога, якая раней ішла ля самых дзвярэй клуба, была перакрытая, стыхійнае месца памяці ператварылася ў пастаяннае. Цяпер тут стаяць стэнды з фотаздымкамі ахвяр і пасаджаная алея, а сцены будынкаў абапал размаляваныя мураламі і графіці: «Ніколі больш», «Месца памяці», «Краманьён» баліць нам«. «Карупцыя забівае». Усюды выявы кветак, кедаў і разбітых сэрцаў. Дарогу ў выніку так і не адкрылі, збоку пабудавалі аб’езд.
Мемарыял ля клуба Краманьён
Трагедыя змяніла гэты раён, і яшчэ больш яго змянілі людзі, якія адваявалі ў горада права памятаць і публічна агучваць свае абвінавачванні тым, хто гэтага заслугоўвае.
Горкая праўда мігрантаў
Спрабую хаця б прыкладна вылічыць, дзе маглі здымаць кватэру бацькі Карласа Шэрмана. Ва ўспамінах ён піша: «Тады я трапіў у новую школку на сваёй вуліцы Сарм’ента амаль побач з домам». Але Сарм’ента — доўгая вуліца, як і большасць у разлінееным на квадраты Буэнас-Айрэсе. У чатырох кварталах на захад ад Онсэ яна перасякаецца з вуліцай Аскуэнага, на ўсход — з вуліцай Санчэса дэ Бустамантэ. Я схіляюся да таго, што Шэрманы жылі ў заходнім кірунку. Бо ў «Блуканцы» ёсць яшчэ адна падказка: там згадваецца вуліца Ларэа, дзе жыло першае каханне Карласа Шэрмана, дзяўчынка на імя Марыя дэль Расарыя Анэа Андрадэ Гранадас Капра, дачка кіношніка і медсястры. Гэтая вуліца ідзе якраз паралельна вуліцы Аскуэнага. Калі ў 1988 годзе Шэрман прыязджае ў Буэнас-Айрэс і ідзе паглядзець на мясціны сваёй маладосці, ад старога парцье ён выпадкова дазнаецца, што Марыя яшчэ ў юнацтве пастрыглася ў манашкі.
Жытло Шэрманаў так апісваецца ў «Блуканцы»: «Пакоі выходзілі на адкрыты ўсім вятрам і нудным дробным дажджам унутраны дворык, а стромая лесвіца вяла на тэрасу, дзе маці сушыла бялізну. Сціпласць, вядома, звязвалася з тым, што мігранту трэба пачынаць жыццё нанава, а бацька вельмі добра засвоіў гэную горкую праўду». Я магу ўявіць гэтую кватэру, бо сама здымаю аднапакаёўку ў старым і не надта ўтульным доме, і мае вокны таксама выходзяць у змрочны унутраны двор, а праз шчыліны ў раме ў пакоі свішча халоднае паветра. Зрэшты, зімой у буэнас-айрэскіх дамах заўсёды холадна, кажуць мне тыя, хто жыве тут даўжэй за мяне. Ацяплення няма, і невялікіх абагравальнікаў не хапае для таго, каб спаборнічаць з нізкімі тэмпературамі і ўсюдыісным скавышом.
Вуліца Сарм’ента
Вуліца Сарм'ента
Іду па вуліцы Сарм’ента. Цяпер тут вялізны рынак, дзе можна купіць усё, што хочаш: адзенне, побытавую хімію, любое патрэбнае ў гаспадарцы начынне, тэхніку, садавіну, агародніну, іншую ежу. Усюды крыклівы пластык: цацкі, ёмістасці для захоўвання, посуд. Крамкі ціснуцца адна да адной, а ў дадатак да гэтага размаітыя тавары рассыпаныя на ходніках, выстаўленыя ў кардонках, раскладзеныя на імправізаваных століках і лаўках. «Мінімальная пакупка — 1000 песа», паведамляе таблічка на дзвярах крамы танных тавараў, па курсе на гэты дзень 1000 песа — прыкладна 2 даляры. Побач на скрыні сядзіць хлопец і прадае хатняга вырабу сэндвічы. Крыху далей, проста на рагу вуліцы, немалады сеньёр размешвае ў гарачым шакаладзе, які кіпіць у кацялку, арахіс і тут жа расфасоўвае яго дробнымі порцыямі. Гэта скрыжаванне Сарм’ента з Ларэа. Над ім стаіць пах шакаладу, людзей, смецця і зноў марыхуаны і нішто не нагадвае пра тое, што тут дзеялася 80 гадоў таму. Ніводзін з тутэйшых будынкаў не падобны на колішнюю школу, якую згадваў у «Блуканцы» Шэрман, і на вуліцах няма і следу даўняга дзіцячага кахання.
Рухаюся міма пакупнікоў, гандляроў і проста прахожых, урэшце паварочваю на вуліцу Аскуэнага і заўважаю, што знаходжуся на скрыжаванні з вуліцай Барталамэ Мітрэ, якая таксама згадваецца ў кнізе Шэрмана. Што праўда, успамін пра яе тычыцца пазнейшага, ужо студэнцкага часу: «Пад той добры час студэнцтва часцяком я бываў у Доме аргентынскае культуры, які аб’ядноўваў тагачасную інтэлігенцыю Буэнас-Айрэсу ва ўтульным памяшканні амаль на рагу Аякуча і Барталамэ Мітрэ». Мінаю чатыры кварталы, але ніякага Дома культуры не знаходжу: цяпер на скрыжаванні адно жылыя дамы і вельмі прыгожы стары асабняк, у якім месціцца прадуктовая крама. Магчыма, менавіта ў ім Дом аргентынскай культуры некалі і быў. А можа, таго дома больш не існуе і на яго месцы стаіць нешта іншае.
Скрыжаванне вуліц Аякуча і Мітрэ
Вяртаюся на Сарм’ента. У тлуме гэтага раёна, перапоўненага гандлярамі, пакупнікамі і проста прахожымі, мне няўтульна, да таго ж, я ўвесь час памятаю пра рэпутацыю Бальванэры. Спадзяюся, больш я ў гэты раён не вярнуся, думаю я, калі крочу да метро і еду назад, у свой спакойны Сан-Тэльма.
Працяг будзе.
Дзякуй Балтыйскаму цэнтру пісьменнікаў і перакладчыкаў, Шведскаму саюзу пісьменнікаў і Міжнароднаму саюзу беларускіх пісьменнікаў за магчымасць працаваць над гэтым цыклам эсэ на рэзідэнцыі ў г. Вісбю (Швецыя).
I’m grateful to the Baltic Center for Writers and Translators, the Swedish Writers’ Union and the International Belarusian Writers’ Union for the possibility to work on this series of essays at the residence in Visby (Sweden).
Ганна Янкута, budzma.org
Фота аўтаркі