Беларускія творцы прымаюць удзел у міжнародным тэатральным фестывалі ў Лодзі

На міжнародным тэатральным фестывалі ў Лодзі Festiwal Retroperspektywy пакажуць спектакль «Ich heiße Frau Troffea» беларускіх аўтараў Ігара Шугалеева і Сяргея Шабохіна і DJ-set Papa Bo Selektah, піша reform.news.

Z afišy vystavy Anastasii Rydlieŭskaj
З афішы выставы Анастасіі Рыдлеўскай

Таксама адкрыецца выстава і пройдзе канцэрт Анастасіі Рыдлеўскай.

Прэм’ера спектакля «Ich heiße Frau Troffea» адбылася ў снежні 2022 года ў Nowy Teatr у Варшаве. Яго рэжысёрам стаў мастак Сяргей Шабохін, а выканаўцам — Ігар Шугалееў. Праз гісторыю фрау Трафеі, раптоўна апантаную танцам, спектакль распавядае пра досвед траўматычнай апантанасці і бясконцых пошукаў свабоды, якія падаюцца балючымі і фатальнымі.

Анастасія Рыдлеўская на выставе «Дзівосны сад» распавядае гісторыю пра працэс станаўлення. Гэта гісторыя цела — не жаночага ці мужчынскага, а проста чалавечага, якое калісьці было крыніцай страху, неразумення, падзелу. Цела, якое паступова сталася домам. Працы паказваюць шлях: ад першых спробаў дакрануцца да ўласнай плоці, да супрацьстаяння страху, раскрыцця жаданняў, да поўнага, далікатнага ўкаранення ў сабе. У кожнай працы можна знайсці ўрывак з гісторыі пра тое, як чалавек становіцца самім сабой — цэлым, жывым і рэальным.

Міжнародны тэатральны фестываль Festiwal Retroperspektywy, арганізаваны тэатрам CHO­REA ў Лодзі, аб’ядноўвае тэатр, танцы, музыку, міждысцыплінарную дзейнасць і сацыяльную рэфлексію. На працягу многіх гадоў фэст збірае аўтараў з усяго свету, яго мэта — падтрымліваць дыялог паміж культурамі, пакаленнямі і дысцыплінамі мастацтва.

Лозунг гэтага года «У форме» набывае шматслаёвае значэнне ў кантэксце фестывалю. Гэта пытанне кандыцыі, якое тычыцца мастакоў, мастацтва і грамадства. Гэта погляд на цела і дух у дзеянні — як на сцэне, так і за яе межамі. Гэта таксама рэфлексіі з нагоды формы як носьбіту зместу — як структура ўплывае на паведамленне, якую форму могуць прымаць эксперыменты з межамі розных відаў мастацтваў.

Што значыць быць у форме сёння — у свеце празмерных стымулаў, напружанасці і трансфармацый?

Уся праграма фестываю тут.