Перакладчыца Марыя Гіліца (імя зменена ў мэтах бяспекі) разважае пра тое, чаму ў Беларусі не размаўляюць па-беларуску.
Мне бачыцца, адна з прычын, па якой людзі ў Беларусі не размаўляюць на беларускай мове, — тое, што яна падаецца «нежывой».
Яна ёсць нежывой для большасці беларусаў. Яны чуюць і бачаць яе толькі ў метро (гэта нямала, так, бо кожны дзень), толькі ў музеі, і толькі на паліцы яна стаіць «Новай зямлёй» Якуба Коласа. Яна не жыве ў жыцці беларусаў, яна там прысутнічае.
Яна сімвалізуе гісторыю беларускага народа, нясе каштоўнасць тутэйшай адметнасці і жыве глыбока ў сэрцы і памяці як спадчына продкаў.
Беларуская мова прысутнічае ўстойлівымі словазлучэннямі і звыклымі да нераспазнавання (і гэта добра ў сваім кантэксце) выразамі «Дзверы зачыняюцца, наступны прыпынак...». «Дзякуй» кажуць, і не дзячаць гэтым моўным актам, але выражаюць: «У нас ёсць беларуская мова, я яшчэ памятаю, вось яна ёсць: «дзякуй»». Напэўна, часта не стаіць за гэтым выразам жывой, натуральнай падзякі, а ёсць сімвалічнае нагадванне сабе і іншым, што ў нас ёсць такая мова, дзесьці там...
Яна ёсць жывой для тых людзей і сем’яў, сяброўскіх колаў і працоўных супольнасцяў, дзе на ёй стасуюцца. На ёй жывуць. Калі кожнае слова «абрастае» эмоцыямі і жыццёвымі сітуацыямі, сэнсамі і разнастайнымі адценнямі.
Калі «дабранак» асацыюецца не адно з вітаннем вядоўцы ранішняй тэлепраграмы, але ўтрымлівае ўсе раніцы чалавека: калі ён вітаўся з каханым ці каханай, з матуляй і бацькам, з бабуляй і дзядулем, з сябрамі, у якіх заночыў пасля цудоўнай сустрэчы, з птушкамі ля ганку хаты сваякоў у вёсцы, з сонейкам, калі раптам сёння вырашыў прачнуцца на світанку.
Як трапна называецца кніга шаноўнага Юрася Бушлякова — «Жывая мова». Трапнасць гэтай назвы я зразумела цяпер.
На пэўнай мове натуральна будуць размаўляць, калі яна навокал. Калі яе перадалі бацькі. У такім кантэксце людзі не задумваюцца, чаму яны размаўляюць на гэтай мове, проста інакш немагчыма — «А як яшчэ?».
У Беларусі на беларускую мову вельмі часта пераходзяць свядома. Бо яе вельмі мала навокал, той жывой, каб узяць і размаўляць на ёй. Беларусы пераходзяць у свядомым жыцці на беларускую мову, бо вырашаюць, што хочуць жыць на ёй. А таксама хочуць захаваць яе («Хто, калі не я»), выказаць пратэст існай сітуацыі...
Натуральна на беларускую мову ў Беларусі не пераходзяць: няма ніякіх умоў або іх вельмі няшмат. Навокал — расейская. Нават беларускамоўныя беларусы, хаця маюць суполкі (сям’я, сябры, калегі, прыяцелі), у якіх штодня стасуюцца беларускай, жывуць у расейскамоўнай прасторы: усе мінакі размаўляюць па-расейску, амаль усё ў горадзе на расейскай мове. Беларускамоўныя беларусы могуць ствараць «вазёры жывой беларускай мовы», але навокал іх — расейскамоўнае мора. Бо няма ніякага двухмоўя, вядома. Каб хаця б два такіх мора...
Девочка, подвінься. Крыніца: x.com
Жывая вада-мова плешчацца ў гэтых суполках, у галаве і сэрцы асобнага беларускамоўнага беларуса і беларускі. Сваімі штодзённымі высілкамі ён яе ажыўляе.
Высілкі — гэта пачаць размаўляць на мове, якую не атрымаў з маленства ў поўнай меры, вывучыць слоўнік, шукаць асяроддзе, пераадольваць псіхалагічныя бар’еры самай рознай рэакцыі незнаёмцаў: станоўчых водгукаў непараўнальна больш, але і яны выцягваюць цябе з твайго «жывога возера», бо нагадваюць: гэта не вельмі натуральна для сённяшняй тутэйшасці, ты робіш штосьці незвычайнае.
Негатыўныя могуць даводзіць і да слёз... Дыскрымінацыя па моўнай прыкмеце ў Беларусі існуе, і двухмоўя як такога няма. Азірніцеся навокал тыя, хто сумняецца ў гэтым ці проста ніколі не задумваўся.
Тут жа запярэчу сабе. Калі паглядзець у іншым святле, то можна пабачыць, што мы маем і беларускамоўнае мора, і двухмоўе. Таму што, як асабіста мне адчуваецца і як выношу з уласнага досведу маўлення на роднай мове цягам больш як дзесяці гадоў, большасць беларусаў яе шануюць, ведаюць і прынамсі разумеюць, маюць унутры да яе свае цёплыя адносіны.
Беларуская мова жыве на фоне. І як жа гэта каштоўна, і як мы мусім берагчы і гэта.
Але гэтае эсэ мела на мэце данесці разуменне, што важна, каб мова была жывой, патрэбнай для размовы і мыслення, самай натуральнай і самай прысутнай у нашым жыцці.
P. S. Мой суб’ектыўны досвед тычыцца толькі сітуацыі ў буйных гарадах. Гэтым і абмежавалася гэтая развага.
Марыя Гіліца, Budzma.org
*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org