Будынак па адрасе Ракаўская, 17 знаходзіцца ў гістарычным квартале «Ракаўскае прадмесце» і з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Некалькі гадоў у пабудове ішла рэстаўрацыя. Цяпер Музей гісторыі горада Мінска будзе прэзентаваць там выставы. 8 верасня адкрываецца першая з іх, паведамляе агенцтва «Мінск-навіны».
У тэматычных раздзелах выставачнага праекта «Маё імя — Мінск» вобраз Мінска пакажуць у жывапісе і прадукцыі прадпрыемстваў ў выглядзе арыгінальных прадметаў і мадэляў. Карціны Уладзіміра Тоўсціка, Мая Данцыга, Альгерда Малішэўскага, Леаніда Дударэнкі, Абрама Кроля, Сяргея Раманава і многіх іншых творцаў пакажуць, як мяняўся Мінск на працягу ХХ стагоддзя. Упершыню будзе прадстаўлена серыя жывапісных партрэтаў «Гісторыя ў асобах» вядомага мінскага мастака Юрыя Крупянкова.
Выставачны праект будзе працаваць да 5 лютага.